Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў ведае пра сакрэтныя пляны Лукашэнкі і Крамля, Саньнікаў кажа: «Час мяняць лысую гуму»


Андрэй Саньнікаў, Рыгор Кастусёў

Андрэй Саньнікаў, Рыгор Кастусёў

У сераду ў эфіры Беларускага тэлебачаньня выступалі кандыдаты ў прэзыдэнты Рыгор Кастусёў і Андрэй Саньнікаў. Кастусёў выклікаў на тэледэбаты Лукашэнку, Саньнікава і Някляева. А Андрэй Саньнікаў заявіў пра сваю перамогу ў другім туры.

У Рыгора Кастусёва з аднаго боку быў бел-чырвона-белы сьцяжок, з другога — герб «Пагоня». Спачатку ён распавёў пра сябе. Потым выклаў сваё бачаньне: Беларусь павінна быць уладкаванай па-іншаму. І толькі БНФ ведае, як выйсьці з заняпаду, толькі БНФ мае маральнае права казаць праўду. Таму што менавіта БНФ дамогся, каб даведаліся праўду пра Курапаты, пра Чарнобыль. Значная частка выступу Кастусёва прысьвечаная Расеі, прычым пракрамлёўскімі кандыдатамі ён назваў Лукашэнку, а таксама іншых, не называючы прозьвішчы:

«Зрабілі стаўку на паэта-песеньніка, які сьпяваў у свой час оды камуністычнай ідэалёгіі ў Маскве з трыбуны зьезду КПСС».

А вось пасаж пра яшчэ аднаго кандыдата:

«Для мяне застаецца незразумелым, аб якіх пераменах у Беларусі пасьля імпульсаў з Масквы кажа яшчэ адзін кандыдат, былы дыплямат з нетраў дыпляматычнай акадэміі Масквы».

Ўзгадваў ён і «філёляга і эканаміста, якія ніяк не дачакаецца рэцэнзіі на сваю праграму з Крамля».

Абазнаны Кастусёў і ў сакрэтных плянах Лукашэнкі і Масквы: «Мала хто з вас ведае, што на 19 сьнежня прызначана сустрэча кіраўніцтва Расеі і Беларусі. На гэтай сустрэчы плянуецца разгледзець пытаньне аб стварэньні адзінай эканамічнай прасторы Расеі і Беларусі. Адначасова дыктатар зьбіраецца падпісаць дагавор з кіраўніцтвам Расеі аб дзеяньнях сумеснай з Расеяй вайсковай групоўкі. Усе гэтыя дамовы — здача Крамлю незалежнасьці Беларусі. І плата за тое, што Крэмль зноў падтрымае на выбарах дыктатара».

Кандыдат Кастусёў першым заявіў і пра тэледэбаты:
Я выклікаю на тэледэбаты пракрамлёўскіх кандыдатаў.


«Я аб’яўляю аб тым, што я выклікаю на тэледэбаты пракрамлёўскіх кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — Аляксандра Лукашэнку, Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева. Я гатовы да фармату „адзін на тры“. Вось там вы і разьбярэцеся, хто чаго варты».

Кастусёў падараваў беларускі буквар, бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоня» сыну Лукашэнкі Колю.


Андрэй Саньнікаў выступаў другім. Пачаў з таго, што мы яшчэ на некалькі дзён сталі бліжэй да свабоднай Беларусі, што беларусы паверылі, што можна пазбавіцца дыктатуры. Распавёў пра вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў:

«Гэтыя апытаньні паказваюць, што ў Лукаэнкі няма падтрымкі. Ягоны рэйтынг сёньня менш за 20%, у той час як у альтэрнатыўных кандыдатаў у цэлым — больш за 50%. Беларусь прачнулася. Лукашэнка ўжо прайграў. У Беларусі непазьбежны другі тур. У другім туры я выйграю ў Лукашэнкі».

Потым спадар Саньнікаў прайшоўся па ананімных экспэртах АБСЭ, якія так і не расьсьледавалі прычыны сьмерці журналіста, яго сябра Алега Бябеніна, паабяцаў, што пры ягоным прэзыдэнцтве гэта справа будзе раскрытая.

Потым перайшоў кандыдат ў прэзыдэнты да сваёй праграмы, якая называецца «Моцная Беларусь для свабодных людзей». Распавёў пра эканамічныя рэформы, праграму «Беларуская сям’я», мэта якой — дасягнуць колькасьці насельніцтва ў 10 мільёнаў у 2015 годзе, пра значнае павышэньне памеру дапамогі на дзяцей, пры жыльлёвую праграму, бясплатную мэдыцыну. Нагадаў, што ён — прафэсійны дыплямат і паабяцаў наладзіць добрыя стасункі з ўсімі краінамі, зь якімі пасварыўся Лукашэнка. Паабяцаў дамагчыся адмены візаў у Эўропу.

Што да дзяржаўнага ўладкаваньня, Саньнікаў паабяцаў:

«Пасьля маёй перамогі будзе скліканы Канстытуцыйны сход, які зацьвердзіць зьмены ў Канстытуцыю і верне падзел ўладаў. Будзе зьменены Выбарчы кодэкс. Для кіраваньня дзяржавай застанецца прэзыдэнцкая форма, але паўнамоцтвы прэзыдэнта і тэрмін знаходжаньня ва ўладзе будуць абмежаваныя».
Я днямі заяжджаў на шынамантаж, і майстар пазнаў мяне. Паціснуў руку, усьміхнуўся і сказаў: „Час мяняць лысую гуму“.


Распавёў і пра стаўленьне простага народа да цяперашняга кіраўніцтва:

«Я днямі заяжджаў на шынамантаж, і майстар пазнаў мяне. Паціснуў руку, усьміхнуўся і сказаў: „Час мяняць лысую гуму“».

На 20-й хвіліне свайго выступу Саньнікаў перайшоў на беларускую мову, узгадаў Уладзімера Мулявіна, паабяцаў вярнуць нацыянальныя сымбалі.

Зьвяртаўся асобна да моладзі, жанчынаў, мужчын, агулам да ўсіх беларусаў:

«Беларусы, хопіць спаць! Давайце прачынацца, давайце далучацца да працы! Да 19 сьнежня засталося менш за 3 тыдні. Далучайцеся да распаўсюду інфармацыі. Размаўляйце са сваімі сябрамі, падтрымайце мяне, падтрымайце Уладзімера Някляева, падтрымайце іншых дэмакратычных кандыдатаў!»

Пры канцы свайго выступу Саньнікаў запрасіў народ 19 сьнежня на плошчу — сьвяткаваць перамогу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG