Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 сьнежня — Усясьветны дзень барацьбы зь ВІЧ-СНІД


Прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніус Брук і намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Алег Арнаутаў

Прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніус Брук і намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Алег Арнаутаў

Штогод ад гэтай хваробы ва ўсім сьвеце паміраюць каля двух мільёнаў чалавек. Сёлета Ўсясьветны дзень барацьбы са СНІДам адзначаецца пад лёзунгам «Усеагульны доступ і правы чалавека». У якім становішчы ВІЧ-інфікаваныя ў Беларусі?

З 1987 году па 1 лістапада 2010 году ў Беларусі зарэгістравана 11 562 выпадкі ВІЧ-інфэкцыі. Зараз у краіне афіцыйна зарэгістравана 9400 ВІЧ-інфікаваных. За 10 месяцаў гэтага году выяўлена 872 выпадкі новых захворваньняў. Прычым у бальшыні сваёй гэта моладзь, кажа намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Алег Арнаутаў:

«Пераважная большасьць ВІЧ-інфікаваных — гэта маладыя людзі ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў. Агульная колькасьць ВІЧ-інфікаваных у гэтай групе складае 7482 чалавекі. Гэта вельмі трывожна і сумна».

Асноўны шлях перадачы ВІЧ-інфэкцыі — праз іньекцыйнае ўвядзеньне наркатычных сродкаў (50,3%). Але шпарка павялічваецца колькасьць людзей, якія заразіліся полавым шляхам.

Як жывецца ў Беларусі гэтым людзям? У Беларусі ВІЧ-станоўчых не дыскрымінуюць толькі там, дзе пра іхні статус невядома. Такая асноўная выснова дасьледаваньня, якое правялі ЮНЭЙДС, Беларуская супольнасьць людзей, якія жывуць зь ВІЧ, лябараторыя аксіямэтрычных дасьледаваньняў «НОВАК» і БДУ. У гэтых людзей узьнікаюць праблемы ў сям’і — у першую чаргу гэта страх родных, што вірус можа перадацца. Што да працы, то прыкладна палова страчвае працу, як толькі пра іхні статус даведваецца кіраўніцтва. ВІЧ-інфікаванаму Яўгену давялося нават памяняць месца жыхарства з-за гэтага:
Яна не інфікаваная, я ВІЧ-інфікаваны. Кіраўніцтва ваенкамату, калі даведалася, калі я на вайсковы ўлік станавіўся, патэлефанавала дырэктару гімназіі, дзе працавала жонка.

«Калісьці нашу сям’ю з гораду спрабавалі выгнаць. Мая жонка працуе ў школе настаўніцай. Яна не інфікаваная, я ВІЧ-інфікаваны. Кіраўніцтва ваенкамату, калі даведалася, калі я на вайсковы ўлік станавіўся, патэлефанавала дырэктару гімназіі, дзе працавала жонка. Ён выклікаў яе і пачаў крычаць: што вы робіце ў школе… Мы вымушаны былі памяняць горад. Гэта было ў Горках Магілёўскай вобласьці, а зараз мы жывем у Сьветлагорску».

Вячаслаў Самарын, старшыня Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская супольнасьць людзей, якія жывуць зь ВІЧ», пацьвярджае, што такіх выпадкаў дзясяткі:

«Канкрэтны выпадак: у адным горадзе Віцебскай вобласьці (ня буду казаць, у якім) мы праводзілі лекцыю для навучэнцаў мэдычнага каледжу. Наш актывіст, які жыў у гэтым горадзе і спрыяў правядзеньню гэтага мерапрыемства, не раскрываў, скажам так, свой статус. Празь некаторы час гэтага чалавека пачалі цкаваць на працы, і яму давялося звольніцца».

Але самае дзіўнае, што ня толькі звычайныя абывацелі-начальнікі баяцца ВІЧ-інфікаваных, хаця і яны ўжо павінны былі б ведаць, што пры звычайных побытавых кантактах ВІЧ-інфэкцыя не перадаецца. З дыскрымінацыяй сутыкаюцца такія людзі і ў мэдычных установах. Нават пры лячэньні зубоў, ня кажучы ўжо пра больш сур’ёзныя праблемы. Вячаслаў Самарын распавёў:

«Вось апошні выпадак. ВІЧ-пазытыўны хлопец лёг у шпіталь, яму прызначылі апэрацыю на пальцы. Павінны былі альбо ампутаваць, альбо праапэраваць. Зразумела, што ніводзін доктар ня скажа, што прычынай адмовы зьявіўся ВІЧ-статус. Але як толькі даведаліся пра ВІЧ, адразу ж сказалі, што ні пра якую апэрацыю ня можа ісьці гаворка. Чалавека выпісалі са шпіталя, не абгрунтаваўшы гэта ніяк».

Але каму, як ня мэдыкам, ведаць, што ВІЧ не адносіцца да хваробаў, якія лёгка перадаюцца? Доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, загадчык катэдры інфэкцыйных захворваньняў Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Ігар Карпаў перакананы:
З гэтымі людзьмі трэба сябраваць, нельга пакідаць іх адных.

«Трэба разумець, што перш за ўсё гэта захворваньне. І хвароба не адносіцца да высокакантагіёзных захворваньняў. Прычым гэта ведаюць усе. І, адпаведна, гэта такія ж хворыя, як і ўсе астатнія, і ім патрэбна дапамога. З гэтымі людзьмі трэба сябраваць, нельга пакідаць іх адных. У грамадзтве трэба разуменьне. І пра гэта трэба гаварыць яшчэ і яшчэ».

У той жа час у Палаце прадстаўнікоў ляжыць праект закону «Аб прадухіленьні распаўсюджваньня захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва, ВІЧ, гарантыях для грамадзянаў, якія маюць такія захворваньні». У праекце, да прыкладу, ёсьць артыкул аб прымусовым мэдычным абсьледаваньні, шмат іншых спрэчных момантаў. Пра гэта напісаў нават прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніюс Брук на імя прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, у Мінздраў, Палату прадстаўнікоў. Але пакуль — ніякай рэакцыі, кажа ВІЧ-інфікаваны Яўген:

«У нас зараз у распрацоўцы законапраект „Аб сацыяльна небясьпечных захворваньнях, ВІЧ“. І мы змагаемся за тое, каб гэты закон не прынялі ў такім выглядзе, у якім ён зараз ёсьць. Б’емся ўжо паўгода. Тры разы ўносілі ў яго зьмены, і ні разу ў лепшы бок не атрымалася. У апошняй інтэрпрэтацыі памянялі словы месцамі, а сутнасьць засталася тая ж самая».

У Беларусі зараз актыўна выкарыстоўваецца антырэтравірусная тэрапія. Яе прымаюць 2400 ВІЧ-інфікаваных — прыкладна 93% тых, каму яна неабходная.

Прафэсар Ігар Карпаў: «У нас сапраўды ахоплена вялікая колькасьць пацыентаў, якім патрэбна антырэтравірусная тэрапія. Ёсьць пытаньні па прыцягненьні саміх пацыентаў да гэтай тэрапіі. Але гэта тэхнічныя пытаньні. Прынцыповае пытаньне — даступнасьць — вырашанае».

Карэспандэнтка: «Гэта даволі дарагое лячэньне?»

«Не. Ёсьць, вядома, і вельмі дарагія прэпараты, але ў цэлым кошты даволі прыймальныя. Зьяўляюцца джэнэрычныя прэпараты. Яны эфэктыўныя, добра дапамагаюць».

Але самі ВІЧ-інфікаваныя ня надта задаволеныя гэтымі прэпаратамі, кажа Вячаслаў Самарын:
У Беларусі, на жаль, лекі закупляюцца ня брэндавыя, не арыгінальныя, а джэнэрыкі.

«Скажам так: гэта даступна, ніводнаму чалавеку не адмовілі ў атрыманьні лекаў. Але ў Беларусі, на жаль, лекі закупляюцца ня брэндавыя, не арыгінальныя, а джэнэрыкі. Якасьць іх ня надта…»

Цыкль антырэтравіруснай тэрапіі аднаго хворага каштуе ад 1 да 5 тысяч даляраў. Кожны год зьяўляюцца новыя прэпараты, кажа прафэсар Ігар Карпаў. Некалі была надзея на прэпарат «Армэнікум», але ён не апраўдаў спадзяваньняў. Зараз навукоўцы вывучаюць «Truvada» — новы прэпарат, які прадухіляе заражэньне, зьніжае рызыку ў мужчын нетрадыцыйнай арыентацыі.

Пэрыядычна ў Беларусі ўзьнікаюць праблемы з дыягнастычнымі прэпаратамі, кажа Вячаслаў Самарын:

«Чалавеку для таго, каб прымаць лячэньне, трэба прайсьці аналіз, так бы мовіць, на колькасьць імунітэту ў яго крыві, то бок CD4 клетак. У нас праблемы з дыягностыкай. Зараз у Гомельскай вобласьці, у якой складаная эпідэмічная сытуацыя, немагчыма зрабіць гэты аналіз».

Сёлета кампанія барацьбы са СНІДам праходзіць пад лёзунгам «Сьвет у імя правоў чалавека» з выкарыстаньнем сьмелых ініцыятываў, наватарскіх падыходаў і цікавых мэтодык візуальнага ўяўленьня. Распавядае прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніюс Брук:

«Мерапрыемствы ў межах кампаніі пройдуць у сотнях гарадоў і зьбяруць тысячы людзей, мільёны лямпачак. Сьвятло на хвіліну будзе выключана, а потым уключана зноў, каб аддаць даніну памяці тым, хто страціў сваё жыцьцё, і падкрэсьліць важнасьць фундамэнтальных правоў, якія мы ўсе падзяляем».

У Беларусі таксама ўвечары актывісты грамадзкіх арганізацыяў прапануюць а 20-й гадзіне падтрымаць гэтую акцыю.

За 20 гадоў назіраньня ад СНІДу ў Беларусі памерлі 2 тысячы чалавек. Ад ВІЧ-інфікаваных мацярок нарадзілася 1713 дзетак. Дыягназ «ВІЧ» пацьверджаны за ўвесь пэрыяд назіраньняў у 173-х. Зь іх 8 ужо памерлі. Усяго ў рэспубліцы ва ўзроставай групе ад 0 да 14 гадоў зарэгістравана 188 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі.
XS
SM
MD
LG