Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад празрыстых скрыняў да празрыстых выбараў


У розных рэгіёнах Беларусі прыхільнікі апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты загадзя рыхтуюцца супрацьстаяць магчымым фальшаваньням падчас галасаваньня і падліку бюлетэняў.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Калі Ярмошына адмовіла, то гэта яшчэ ня ўсё»

Звыш 200 назіральнікаў выстаўляюць на выбары дэмакратычныя арганізацыі Гомельшчыны. Яны будуць кантраляваць ход галасаваньня на 50 выбарчых участках. З патэнцыйнымі назіральнікамі праведзена ўжо пяць трэнінгаў наконт арганізацыі назіраньня.

Рэгіянальныя прадстаўнікі партыі левых «Справядлівы сьвет» мяркуюць на асобных участках наладзіць назіраньне круглыя суткі. І хоць старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына адрынула гэтую прапанову, прадстаўнікі «Справядлівага сьвету» не апускаюць рукі.

Рэгіянальны кіраўнік партыі Ўладзімер Сякерка:

«Ярмошына адмовіла — гэта яшчэ ня ўсё. Мы будзем з уласнай ініцыятывы зьвяртацца да ўчастковых выбарчых камісіяў, каб яны дазволілі нашым назіральнікам прысутнічаць на выбарчых участках. Калі й яны адмовяць, будзем шукаць іншыя спосабы назіраньня па-за межамі ўчастку. Як будзем рабіць — гэта ўжо наша справа».

Тым часам грамадзкія актывісты, якія падтрымліваюць Уладзімера Някляева, праводзяць у Гомелі сацыяльную кампанію: «Празрыстыя скрыні — празрыстыя выбары».

На пляцоўцы ля ўнівэрмагу яны выстаўляюць празрыстую скрыню, каб наглядна паказаць людзям, як магло б весьціся галасаваньне з выкарыстаньнем такіх скрыняў на выбарчых участках.


Апавядае актывістка кампаніі Натальля Самсонава:

«Людзі падыходзяць, кідаюць у скрыню-урну запіскі, у якіх выказваюць розныя пажаданьні. Вось, напрыклад, тое, што мы бачым: «Удачы на выбарах!», «Выбар павінен быць!», «Празрыстыя скрыні — празрыстыя выбары».

Гомельскі прадпрымальнік Уладзімер Няпомняшчых лічыць, што калі б улада жадала правесьці справядлівыя выбары, то не праблема была б забясьпечыць участкі й празрыстымі скрынямі:

«Калі б яны хацелі правесьці сумленныя, справядлівыя выбары, то не праблема й скрыні зрабіць, і дапусьціць прадстаўнікоў апазыцыі ў камісіі. Калі я сумленна хачу правесьці выбары, вы садзіце побач хоць сто чалавек, і няхай яны нават месяц лічаць. Проста ўлада, якую ачольвае Аляксандар Рыгоравіч, гуляе з народам у напарсткі».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Адзін прыватны прадпрымальнік забясьпечыў раён празрыстымі скрынямі

Усе 74 выбарчыя ўчасткі ў Столінскім раёне будуць забясьпечаныя празрыстымі скрынямі для галасаваньня. Прадпрымальнікі з Палесься прапануюць празрыстыя скрыні камісіям у Пінску, у Баранавічах.

Прадпрымальнік зь вёскі Фядоры, што ў Столінскім раёне, быў першым у рэгіёне вытворцам празрыстых скрыняў. З прапановай вырабіць такія скрыні да яго зьвярнуўся намесьнік старшыні столінскага райвыканкаму Рыгор Пратасавіцкі. Паводле чыноўніка, ініцыятыва зьвязаная з заўвагамі назіральнікаў АБСЭ і зьнешнім выглядам старых драўляных скрыняў:

«Адна празрыстая скрыня каштуе прыкладна каля 300 тысяч рублёў. Але калі б у нас былі ў добрым стане старыя драўляныя скрыні, то і пытаньняў ніякіх не ўзьнікала б. Таму калі ў нас некаторы час назад пайшла размова пра новыя скрыні, бо яны на самой справе патрэбныя, то вырашылі рабіць празрыстыя. Акрамя іншага, да нас прыяжджалі назіральнікі з АБСЭ і адзначалі, што ва Ўкраіне ўжо празрыстыя скрыні на ўчастках. Таму мы і пайшлі на такі крок».
Калі ў нас некаторы час назад пайшла размова пра новыя скрыні, бо яны на самой справе патрэбныя, то вырашылі рабіць празрыстыя.


Прадпрымальнік Валер Філіновіч, які першым пачаў рабіць празрыстыя скрыні, кажа, што працэс не займае шмат часу і высілкаў. Калі б на скрыні быў попыт, то можна было б забясьпечыць усю краіну празрыстымі скрынямі для галасаваньня:

«Мы рабілі толькі для раёну. Зрабілі спэцыяльны стол зь ніткай напалу. Загіналі празрыстае шкло, рабілі драўляныя каркасы зьнізу і зьверху. Прымацоўвалі ручкі, наляплялі герб, і скрыня гатовая. Гэта зусім не складана».

Намесьнік старшыні столінскага райвыканкаму Рыгор Пратасавіцкі адзначыў, што назіральнікі з Расеі, якія былі ў раёне падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, зрабілі заўвагу наконт празрыстых скрыняў: маўляў, калі не згарнуць бюлетэнь, то можна пабачыць, за каго чалавек прагаласаваў. Тым ня менш, кажа праваабаронца Раман Кісьляк, хоць пытаньні могуць узьнікаць, але менавіта празрыстыя скрыні найбольш забясьпечваюць дэмакратычнасьць выбарчага працэсу:

«Гэта адзін з крокаў да таго, каб выбары сапраўды былі сапраўднымі і не фальсыфікаваліся на этапе галасаваньня. На жаль, амаль у кожным з выпадкаў можна знайсьці пэўныя праблемы і недакладнасьці. Але заўсёды трэба абіраць той шлях, які забясьпечыць большую дэмакратычнасьць».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Некалькі празрыстых скрыняў — гэта паказуха для БТ»

На Магілёўшчыне таксама зьявіліся празрыстыя скрыні. Яны будуць усталяваныя на дваццаці ўчастках у Асіповіцкім раёне.

Каб забясьпечыць гэтымі скрынямі ўсе сорак участкаў, раённай выбарчай камісіі не хапіла выдзеленых ёй сродкаў:

«Самыя буйныя ўчасткі будуць імі забясьпечаныя. Гэта звычайныя скрыні. Празрыстыя з плястыку. З гербам дзяржаўным, іншай сымболікай. Стандартныя памеры», — паведаміў старшыня раённай выбарчай камісіі Аляксандар Шаўлюга.

Зьяўленьне празрыстых урнаў каардынатар па арганізацыі ў раёне незалежнага назіраньня Аляксей Цюлькоў ня лічыць надзейным сродкам, каб прадухіліць фальшаваньні:

«Нас жа цікавіць ня толькі сам факт празрыстасьці скрыняў, але наколькі празрыстым будзе сам працэс падліку галасоў, як будуць захоўвацца бюлетэні ў начны час — гэта ж самае галоўнае. А скрыні — гэта ж адзін з элемэнтаў».

Ці зьявяцца празрыстыя скрыні ў іншых раёнах Магілёўшчыны, гаворкі пакуль няма.

«Гэта мае сэнс, калі такія скрыні выкарыстоўваюцца паўсюдна, на ўсіх участках. Гэтыя ўчасткі з празрыстымі скрынямі будуць выкарыстаныя як такі паказушны элемэнт. Іх будуць паказваць па тэлебачаньні, замежнікам — вось, глядзіце, у нас таксама ёсьць празрыстыя скрыні. Гэта павінна стаць нормай, а не выключэньнем», кажа магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын.

У межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на Магілёўшчыне рыхтуюць 60 назіральнікаў. Яны будуць весьці назіраньне на трыццаці ўчастках. Яшчэ 220 назіральнікаў для 55 участкаў рыхтуе абласная кааліцыя дэмакратычных сіл Магілёўшчыны. У рэгіёне больш за 800 участкаў.

Ці дазволяць назіральнікам наблізіцца непасрэдна да сталоў, калі будуць падлічвацца бюлетэні? Сябра абласной выбарчай камісіі Уладзімер Парфёнаў кажа, што не:

«Практычна нічога ня зьменіцца. Усё роўна ніхто ня дасьць праз галаву члена ўчастковай камісіі й ніхто іх ня будзе рассаджваць, каб усё было відаць. Каб было кругласутачнае назіраньне, то, канечне, менш было б і заяваў, і абвінавачваньняў, дый размоваў розных».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Хто за перамогу на выбарах — ідзіце ў назіральнікі!»


На Віцебшчыне таксама падхапілі ідэю, каб паставіць на ўчастках празрыстыя скрыні для галасаваньня. Яе выказаў старшыня абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Селівашка.

Спадар Селівашка ўжо другі раз запар уключаны ў абласную выбарчую камісію. Ён згадвае, што прапаноўваў зрабіць празрыстыя скрыні яшчэ на мінулых, мясцовых выбарах, і тады на гэта былі сродкі. Цяпер абласная камісія пагадзілася, але няма грошай. Сказалі, што будуць шукаць спонсараў, але на гэтым ініцыятыва заглухла.

Селівашка: «Усё ціха. І ад тых, хто крычаў, што „мы гатовыя“, сёньня няма ніякай інфармацыі. Усё заціхла. Ёсьць некалькі такіх скрыняў у Чыгуначным раёне: у Палацы культуры, у СШ № 8, і ўсе. Там ужо на мінулых выбарах некалькі такіх скрыняў было. А цяпер зноў ціха, і наўрад ці ўжо нешта будзе».

Мікалай Селівашка падкрэсьлівае, што пра выраб празрыстых скрыняў ужо ня згадвае ні абласная выбарчая камісія, ні тыя прадпрымальнікі, якія выказвалі гатоўнасьць знайсьці сродкі.

Аднапартыец спадара Селівашкі, кіраўнік Аршанскай гарадзкой суполкі партыі «Справядлівы сьвет» Мікалай Дзямідаў лічыць, што выкарыстоўваць давядзецца ўжо адпрацаваны спосаб кантраляваньня — праз назіральнікаў:

«52 чалавекі ў нас. „Закрываем“ 12 участкаў».

Такія пляны партыі «Справядлівы сьвет» на Аршаншчыне: па некалькі чалавек на адзін участак , каб весьці назіраньне круглыя суткі — адразу з датэрміновага галасаваньня.

Мікалай Дзямідаў распавёў, што чуў па радыё, як прапануе ажыцьцяўляць ахову скрыняў для галасаваньня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Але ейным захадам бясьпекі ён не давярае:

«Яна казала: калі назіральніка пакідаць, то і сябра камісіі на ноч пакідаць давядзецца. А так прапанавала ня толькі скрыню тую, але і сэйф, і памяшканьне апячатаць на ноч. І міліцыянт пад дзьвярыма будзе сядзець. І апячатваць ня толькі на ноч, але і на час перапынкаў у абед. Але — гэта толькі для заходнікаў, для Эўропы дэманстрацыя. Пячатка ж у іх застаецца, у старшыні камісіі. Дык якая розьніца?»
Павал сказаў, што ёсьць два моманты, калі ад уладаў магчымыя фальсыфікацыі — гэта ноч перад выбарамі і падлік галасоў.

Пра неабходнасьць арганізацыі назіраньня гаварыў і Павал Севярынец, прадстаўнік кандыдата Віталя Рымашэўскага. 1 сьнежня ён выступае перад выбарцамі Віцебшчыны — у Паставах, Мёрах і Глыбокім, дзе яго слухаў мясцовы жыхар Зьміцер Лупач:

«Павал Севярынец, кіраўнік перадвыбарчага штабу Віталя Рымашэўскага, выступіў у глыбоцкім Цэнтры культуры. І было такое пытаньне: як партыя БХД ставіцца да назіраньня? Павал сказаў, што ёсьць два моманты, калі ад уладаў магчымыя фальсыфікацыі — гэта ноч перад выбарамі і падлік галасоў. І таму ён заклікаў усіх, каму важная перамога на выбарах, пайсьці ў назіральнікі. Для гэтага дастаткова сабраць 10 подпісаў, пайсьці ды ў назіральнікі зарэгістравацца».

Павал Севярынец выступае ў Глыбокім.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Датэрміновае галасаваньне — гэта магчымасьць скрасьці галасы»

У Гарадзенскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі ўдзельнічае Віктар Какарэка — прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён кажа, што на камісіі задавалася пытаньне наконт празрыстых скрынак для бюлетэняў, тлумачэньне такое:

«Ніхто ня будзе рабіць, ніхто. Упіраецца ў фінансы: ёсьць грошы — калі ласка, а няма — значыцца, няма».

Сам спадар Какарэка ня лічыць празрыстыя скрынкі панацэяй ад фальшаваньня. Галоўнае, лічыць ён, — тое, як праводзяцца самі выбары, і гэта ня толькі меркаваньне аднаго яго:

«Гэта ўсё паказушна: укінуў бюлетэнь і бачыш, як ён ляціць. Пакуль ніхто ня хоча выкідаць грошы на вецер».

На выбарах важней іншае — падлік галасоў. Віктар Какарэка кажа, што выйшла новае ўказаньне Цэнтравыбаркаму наконт таго, каб дапусьціць назіральнікаў да рэальнага падліку галасоў. Аднак ніякіх канкрэтных тлумачэньняў няма. Што гэта павінна азначаць, як рэальна назіральнікі змогуць бачыць, што і як лічыць камісія?

Віктар Какарэка: «І кожная камісія ўспрымае гэтае „рэальна“ па-свойму. Адны пасадзяць цябе за пяць мэтраў: бачыш, як мы працуем? І ўсё. Нехта можа побач паставіць ці наадварот. Сталы ж ссоўваюць: з аднаго боку — тыя, хто падлічвае, а вы, хто назірае, станавіцеся з другога і толькі нічога не чапайце».

Праваабаронца Віктар Сазонаў займаецца на Гарадзеншчыне арганізацыяй назіраньня за выбарчым працэсам. Ён выдзяляе галоўную праблему:

«Рыхтуецца вялікая колькасьць назіральнікаў і ад праваабарончых арганізацый, і ад партыйных. Да кандыдатаў зьвяртаемся, каб яны прасілі выбарцаў не хадзіць на датэрміновае галасаваньне. Усе штабы заняты гэтай праблемай — давесьці да людзей, што папярэдняе галасаваньне азначае, што могуць скрасьці іхні голас. Але патрэбна вялікая актыўнасьць грамадзтва ў першую чаргу. Калі будзе такая актыўнасьць, то я думаю, што і ў камісіях людзі не захочуць фальшаваць і хаваць праўду і грамадзтва здольнае будзе само пракантраляваць працэс праз сваіх прадстаўнікоў — зарэгістраваных назіральнікаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG