Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і ЗША зафіксавалі паразуменьне ў Астане


Cаміт АБСЭ ў Астане.
Cаміт АБСЭ ў Астане.
Першы дзень саміту АБСЭ ў Астане, на думку аналітыкаў, быў для Беларусі адметны дзьвюма сумеснымі беларуска-амэрыканскімі заявамі. Іх падпісалі міністар замежных спраў Сяргей Мартынаў і дзяржсакратар Гілары Клінтан.

Беларусь ліквідуе ўсе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану, а ЗША маюць намер даць для гэтага тэхнічную і фінансавую дапамогу. Такое рашэньне зафіксавана сёньня ў супольнай заяве ЗША і Беларусі, прынятай па выніках сустрэчы дзяржсакратара Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ў рамках саміту АБСЭ ў Астане.

Паводле заявы, Беларусь мае намер ажыцьцявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бясьпецы ў 2012 годзе. Дзяржсакратар ЗША назвала такі намер “вельмі істотным і важным крокам Беларусі“.

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных з нагоды падпісаньня заявы сказаў “Свабодзе“:

“Дадзенае рашэньне адлюстроўвае пасьлядоўную палітыку Беларусі, якая скіраваная на нераспаўсюджваньне ядзернай зброі. Яно таксама зьяўляецца лягічным працягам нашага ўнёску ў Дамову аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі, да якой наша краіна далучылася безь ніякіх папярэдніх умоваў. Дадзены крок адкрывае магчымасьці для супрацоўніцтва па мірным выкарыстаньні ядзернай энэргіі“.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі таксама падкрэсьліў, што дзяржсакратар ЗША прызнала гістарычнае рашэньне Беларусі аб адмове ад сваёй ядзернай зброі ў 1994 годзе значным унёскам у справу ядзернага раззбраеньня.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў згадаў з гэтай нагоды, што ў справе ўрану ў адносінах Менску і Вашынгтону былі пэўныя праблемы:
Беларускае кіраўніцтва заяўляла, што проста так не адмовіцца ад гэтых запасаў: маўляў, мы ўжо аддалі ядзерную зброю, але за гэта нічога не атрымалі.

“І беларускае кіраўніцтва заяўляла, што проста так не адмовіцца ад гэтых запасаў: маўляў, мы ўжо аддалі ядзерную зброю, але за гэта нічога не атрымалі. Аднак пару месяцаў таму рашэньне было знойдзена. І рыторыка значна сьцішылася. Як звычайна, уся падрыхтоўчая праца была праведзена загадзя. А ўрачысты акорд прагучаў на важным паседжаньні“.

Паводле спадара Фёдарава, пад гэтую дамову падпадае ня так ужо і шмат радыеактыўнай сыравіны — запасы ўрану ў Беларусі нязначныя. А як піша, камэнтуючы гэтую падзею, The New York Times, “адміністрацыя Абамы дамаглася перамогі ў сваіх намаганьнях спыніць пашырэньне ў сьвеце ядзерных матэрыялаў, падпісаўшы пагадненьне зь несаступлівай былой савецкай рэспублікай“.

У другой супольнай заяве адзначаецца, што Злучаныя Штаты Амэрыкі “спадзяюцца ўбачыць істотны прагрэс“ у сфэры дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека ў Беларусі. ЗША, у прыватнасьці, спадзяюцца на адпаведнасьць выбараў прэзыдэнта Беларусі міжнародным стандартам. “Для паляпшэньня двухбаковых стасункаў ЗША і Беларусі першачарговую важнасьць па-ранейшаму мае выказваньне большай павагі да дэмакратыі і правоў чалавека, якое неабходнае для прагрэсу краіны і яе грамадзянаў“, — цытуе тэкст заявы прэсавая служба МЗС Беларусі.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, які знаходзіцца ў Астане, паведаміў, што ў Аляксандра Лукашэнкі сёньня ўжо прайшла сустрэча з прэзыдэнтам Украіны Віктарам Януковічам. На ёй кіраўнік Украіны пажадаў Лукашэнку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах:
Усе чакалі, што, мабыць, адбудзецца нейкая сустрэча зь Мядзьведзевым. Але ж ніякіх прыкмет гэтага няма.


“Усе чакалі, што, мабыць, адбудзецца нейкая сустрэча зь Мядзьведзевым. Але ж ніякіх прыкмет гэтага няма. І ўжо ўпэўнена можна казаць, што і ня будзе“.

Да таго ж Дзьмітрый Мядзьведзеў у апошні момант удвая скараціў праграму свайго знаходжаньня. Ён вяртаецца ў Маскву ўжо сёньня, не чакаючы заканчэньня саміту.

Паведамленьне пра тое, што Лукашэнка можа сустрэцца з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, якое зьявілася на шэрагу беларускіх сайтаў, спадар Якаўлеўскі ацэньвае так:

“Гэта ня проста недакладная інфармацыя. Гэта — дэзынфармацыя. У інфармацыі напісана, што сустрэнуцца. Так, сустрэнуцца за агульным сталом. Дык тады можна лічыць, што Лукашэнка і зь Мядзьведзевым сустрэўся. Аніякай асабістай сустрэчы ня будзе“.

Апошні раз такі прадстаўнічы форум АБСЭ зьбіраўся 11 гадоў таму ў Стамбуле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG