Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дазволіць ЦВК у сувязі з марозамі агітаваць пад зямлёй?


Агітацыйны пікет Уладзімера Няляева ля чыгуначнага вакзалу

Агітацыйны пікет Уладзімера Няляева ля чыгуначнага вакзалу

Частка кандыдатаў у прэзыдэнты правяла сёньняшні дзень у паездках па Беларусі і за мяжой, другая частка рыхтавалася да выступаў і сустрэчаў.

Сёньня раніцай на менскім вакзале міліцыя затрымала давераных асобаў Уладзімера Някляева — Аляксандра Фядуту і Алега Мяцеліцу, якія вярталіся з Масквы. Там яны займаліся падрыхтоўкай прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Някляева «Акно». Камэнтуючы такія дзеяньні міліцыі, Уладзімер Някляеў адзначыў:

«Нашы давераныя асобы падпалі пад плян Лукашэнкі знайсьці доказы фінансаваньня Ўладзімера Някляева ў Расейскай Фэдэрацыі. Сёньня ў вагон, у якім яны ехалі, зьявіліся прадстаўнікі спэцслужбаў, сказалі ўсім, што ў вагоне правозяцца нейкія не дазволеныя для правозу рэчы. Спадара Фядуту і спадара Мяцеліцу вывелі, завялі ў пастарунак і зрабілі ня толькі ператрус рэчаў, але і асабісты дагляд. Знайшлі толькі тое, што звычайна бывае ў людзей у дарозе — грошы на праезд і на абед».

Пасьля гэтага давераных асобаў адпусьцілі. Уладзімер Някляеў заявіў, што ставіцца да гэтых мэтанакіраваных дзеяньняў уладаў сур’ёзна. І калі раней ён яшчэ раздумваў, ці падаваць у суд на Аляксандра Лукашэнку за яго цьверджаньні, што Някляеў фінансуецца з Расеі, то цяпер вырашыў усё ж падаваць пазоў. Сёньня спадар Някляеў правядзе сустрэчу з выбарцамі ў Шклове, дзе «ёсьць зямля Лукашэнкі».

Кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі знаходзіцца зь візытам у Брусэлі, дзе ён сустрэўся з шэрагам эўрапарлямэнтароў і старшынёй Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам. У Брусэлі цікавяцца сытуацыяй у Беларусі і прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй.

«Ён запэўніў у тым, што Эўрапарлямэнт сочыць і падтрымлівае. А з майго боку быў мэсыдж такі, які я агучыў перад усімі грамадзянамі Беларусі на беларускім тэлебачаньні. Я сказаў пра тое, што, безумоўна, ёсьць пагроза незалежнасьці Беларусі і хацелася б ад Эўропы прынцыповасьці і нелегалізацыі рэжыму ў выпадку, калі ня будзе свабодных выбараў. А тое, што зараз робіцца ў беларускіх СМІ, паказвае, што выбары нельга назваць свабоднымі».

Агітацыйная шыльда ў Менску.
Газэта «Советская Белоруссия» надрукавала сёньня перадвыбарчыя праграмы Яраслава Раманчука і Міколы Статкевіча. Аднак не на першай паласе, як была надрукавана праграма кандыдата Аляксандра Лукашэнкі, а на 4-й і 5-й. Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік ня бачыць тут парушэньняў, бо «газэта адміністрацыі прэзыдэнта вырашыла прэзыдэнта надрукаваць на першай паласе». Яраслаў Раманчук лічыць, што гэта адзін са спосабаў дыскрымінацыі кандыдатаў не ад улады:

«Напрыклад, калі мы былі ў Маладэчне, то мясцовы выбаркам надрукаваў інфармацыю пра маё спатканьне з выбарцамі на 15-й старонцы сярод камэрцыйных аб’яваў. Гэта нагадвала нейкі нэкралёг, а не запрашэньне на спатканьне з кандыдатам у прэзыдэнты».

Сёньня Раманчук рыхтуецца да тэлевыступу і піша матэрыялы для інтэрнэт-выданьняў. Мікола Статкевіч запісаў выступ на радыё і рыхтуецца да паездак па рэгіёнах, куды ён мяркуе выправіцца разам зь іншым кандыдатам у прэзыдэнты Дзьмітрыем Вусам.

Статкевіч: «Заўтра я ў Баранавічах, пасьлязаўтра ў Берасьці. Апроч сустрэч з выбарцамі ў памяшканьні, шмат іншых сустрэчаў. За рэдкім выняткам да 18 сьнежня ўлучна ў мяне кожны дзень будуць сустрэчы ў рэгіёнах. Разам з Вусам. Людзям будзе цікавей паглядзець на двух кандыдатаў. Нам хацелася б, каб наша пазыцыя наконт адсутнасьці выбараў прагучала».

Кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў сустракаецца з выбарцамі ў Баранавічах і Слоніме. Ён таксама накіраваў у Цэнтравыбаркам і Менгарвыканкам заяву з просьбай з-за марознага надвор’я перагледзець рашэньне, якое забараняе праводзіць пікетаваньне ў падземных пераходах. Аднак пакуль улады на гэтую просьбу не адрэагавалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG