Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка: "За 16 гадоў беларуская папуляцыя скарацілася на два Берасьці"


У беларускім заканадаўстве няма правілаў, якія б прадугледжвалі публікацыю мэдычных бюлетэняў пра стан здароўя прэзыдэнта або прадстаўленьне кандыдатамі на прэзыдэнцкую пасаду адпаведных мэдычных даведак у ЦВК. Ня дзейнічаюць падобныя законы і ў іншых постсавецкіх краінах. Хаця заклікі адносна іх увядзеньня ўсё часьцей можна пачуць ад саміх заканадаўцаў. Апошнім часам з такімі ініцыятывамі выступалі дэпутаты Эстоніі, Украіны, Кіргізстану…

Напярэдадні выбараў 19 сьнежня "Свабода" пацікавілася, што думаюць на гэтую тэму кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі, як самі гэтыя людзі падтрымліваюць здаровы лад жыцьця і з чаго б яны пачалі зьмены ў айчыннай ахове здароўя.

Наш сёньняшні суразмоўца — Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка, узрост 60 гадоў, рост 184 см, вага 96 кг, ціск 120/75.

Паводле кандыдата на прэзыдэнта, дзякуючы здароваму ладу жыцьця
Нацыі на 100% трэба ведаць усю праўду пра здароўе прэзыдэнта, а таксама здароўе яго сям’і, яго бацькоў.
і добрай здаровай сям'і яму ўдалося захаваць працаздольнасьць, ясны розум і ў цэлым сваю карыснасьць для грамадзтва. Дарэчы, цяперашняе яго вылучэньне на прэзыдэнцкую пасаду — ужо трэцяя спроба пасьля 1994 і 2001 гг. Падчас выбарчай кампаніі 2006 году ён вымушана, як сам кажа, пакінуў Беларусь і некалькі месяцаў у Празе.

У выпадку перамогі на выбарах пытаньне аховы здароўя нацыі, наўпрост зьвязанае зь якасьцю жыцьця, стане адным з найпершасных, кажа Віктар Цярэшчанка. А тое, што нацыя мае такія праблемы, — відавочна

Цярэшчанка: "Нават няўзброеным вокам відаць, што яно, здароўе, ня надта добрае. Тут і Чарнобыль, і экалёгія, і харчаваньне, і алькагалізм, і даступнасьць мэдычных паслуг, і іншыя сацыяльна-эканамічныя праблемы, якія наўпрост уплываюць на якасьць жыцьця. Як вынік, дзесьці за 16 апошніх гадоў, то бок за час Лукашэнкавага кіраваньня краінай, нас стала меней на 600 тысяч чалавек. Гэта вельмі шмат".

"Свабода": "Прыкладна як два Берасьці..."

Цярэшчэнка: "Так. І ў кандыдацкай маёй праграме прапануюцца адказы на пытаньне, як і што трэба рабіць, каб жыцьцё падоўжыць. Каб жыцьцё было лепшым і экалягічна, і эканамічна, і сацыяльна, і палітычна. Па-першае, вельмі важны ў гэтым напрамку пераход на мэдычнае страхаваньне, якое забясьпечыць права выбару якасных лекарскіх паслуг. Па-другое, зьмены ў аплаце працы мэдычнага пэрсаналу і зьмены ў іхнім стаўленьні да працы. Таксама павелічэньне бюджэтнага фінансаваньня, якое вельмі малое і ажыцьцяўляецца паводле астаткавага прынцыпу".

"Свабода": "Калі б вы сталі прэзыдэнтам, ці працягвалі б вы ўзяты цяперашнім кіраўніком краіны курс на аздараўленьне нацыі праз будаўніцтва спартовых палацаў?"
Выбарчая кампанія — гэта цяжка. Я сёньня спаў паўтары гадзіны.


Цярэшчанка: "Не. Бо яны, па-першае, недаступныя для звычайных людзей. Для таго каб дзіця займалася ў такім палацы, скажам, у нейкім гуртку, напрыклад, хакейным, сям’і трэба вельмі шмат грошай. А дваровых спортпляцовак ці спартовых пабудоў у сельскай мясцовасьці ў Беларусі няма. Або вельмі мала".

"Свабода": "Гісторыя ведае розных прэзыдэнтаў — здаровых і нездаровых. Прычым нездаровых было болей. Хворымі былі і такія, хто, як Ельцын, паказальна гуляў у тэніс. Як вы лічыце, Беларусьсю павінен кіраваць здаровы чалавек ці нейкія хваробы ўсё ж дапускаюцца?"

Цярэшчанка: "Па-першае, дзяржаўны кіраўнік павінен быць псыхічна здаровым чалавекам, дый фізычна здаровым таксама. Аднак найперш, каб была галава".

"Свабода": "Вы за тое, каб пра здароўе кандыдата на прэзыдэнты, пра здароўе кіраўнікоў дзяржавы людзі ведалі ўсё, як гэта прынята ў шэрагу заходніх краін?"
Мой розум кажа, што піць ня трэба.

Цярэшчанка: "Абавязкова! Нацыі на 100% трэба ведаць усю праўду пра кандыдата. Пра яго здароўе, здароўе яго сям’і, жонкі, пра тое, чым ён хварэў раней — 10, 20 гадоў таму. Таксама ведаць пра яго бацькоў, ці былі яны здаровымі і як яны ставіліся да жыцьця. Гэта вельмі важна".

"Свабода": "А самі пра сябе вы гатовыя даць такую інфармацыю?"

Цярэшчанка: "Чаму не? Гатовы ўсім паказаць сваю мэдычную карту з паліклінікі. Там усё, уключна з тым, колькі ў мяне сваіх зубоў".

"Свабода": "І як з зубамі?"

Цярэшчанка: "Усё добра з зубамі. (Сьмяецца.) Можа, яшчэ нейкія пытаньні?"

Свабода: "Як з узроўнем халестэрыну і цукру ў крыві?"

Цярэшчанка: "Гэтага ня ведаю. Але лекары сказалі, што здаровы".

"Свабода": "Вы даўно апошні раз былі ў паліклініцы?"

Цярэшчанка: "Дзесьці 10 месяцаў таму. Але гэта быў поўны агляд, рэнтген, ціск, дыягностыка і г.д. Сказалі, здаровы яшчэ".

"Свабода": "Як падтрымліваеце сваё здароўе?"

Цярэшчанка: "Гэта шахматы, шашкі, гэта ровар, актыўныя пешыя прагулкі".

"Свабода": "Выбарчая кампанія для вас — цяжкая нагрузка?"

Цярэшчанка: "Вялікая нагрузка. Я сёньня спаў дзесьці паўтары гадзіны, папярэднюю ноч — дзьве ці тры гадзіны. Цяжка. Трэба працаваць, каб усе пытаньні былі вырашаныя па выбарчай кампаніі".

"Свабода": "А які ваш рэжым харчаваньня?"

Цярэшчанка: "Імкнуся апошні раз есьці дзесьці а 19—20-й гадзіне".

Свабода: "Дык вы пакуль адзіны такі кандыдат сярод ужо апытаных. Астатнія кажуць, што і ўначы могуць паесьці, калі вельмі хочацца".

Цярэшчанка: "Не. Так немагчыма і ня трэба, бо інакш будуць праблемы".

"Свабода": "На ваш погляд, ці павінен прэзыдэнт умець выпіваць моцныя напоі?"

Цярэшчанка: "Я ня п'ю нічога. Хіба што крыху пасьля лазьні. І ніколі не курыў. Магчыма, пару цыгарэтак выпаліў. Аднак сорак гадоў таму".

"Свабода": "Вы не ўжываеце алькаголю зь нейкіх ідэалягічных перакананьняў? Дзейны прэзыдэнт, напрыклад, кажа, што ня п'е таму, што ў яго непераноснасьць алькаголю ў выніку адсутнасьці пэўных фэрмэнтаў у арганізьме".

Цярэшчанка: "Ня ведаю пра фэрмэнты. Проста мой розум кажа, што рабіць гэтага ня трэба".
XS
SM
MD
LG