Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нашы выбары: баксёра-дылетанта выставілі супраць чэмпіёна сьвету"


Хто з кандыдатаў, якія выступалі па тэлебачаньні, вам найбольш запомніўся? Чаму? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.


Спадар: "Мне найбольш спадабаўся выступ Яраслава Раманчука. Гэта сапраўды чалавек, які выдатна ведае эканоміку, які гаварыў проста, без паперак, без падказак. Дарэчы, кажучы пра таго, хто выступаў пасьля яго, — папросту не хацелася слухаць".

Хлопец: "Розныя запомніліся: Някляеў, Саньнікаў…"

Карэспандэнт: "А чым яны вам запомніліся?"

Хлопец:
"Тым, што гаварылі праўду, што ёсьць насамрэч у нашым жыцьці".

Спадарыня:
"Саньнікаў вельмі правільна гаварыў. Мне спадабалася тое, як ён ахарактарызаваў цяперашнюю сытуацыю ў краіне і тое, як ён яе хоча зьмяніць".

Спадар:
"У прынцыпе запомніліся выступы, няхай ня ўсе, але шмат чаго. Вось учора глядзеў выступ Статкевіча, мне вельмі спадабалася. Ён казаў пра тое, пра што і патрэбна казаць. Тым болей я добра ведаю, што зараз там у Менску адбываецца. У мяне радня жыве, дык тэлефануем часта".

Спадарыня: "Мне спадабаўся Раманчук. Ён вельмі ветлівы, выхаваны, культурны чалавек, не абяцаў залатых гор, а толькі распавядаў, як і што трэба зьмяніць у нашай краіне".

Муж і жонка: "Статкевіч нам найболей спадабаўся. За яго можна прагаласаваць адназначна…"

Спадар: "Кожны па-рознаму кажа, я многіх слухаў. Таксама слухаў прэзыдэнта. Але да нейкай высновы пакуль не прыйшоў. Скажу толькі, што пакуль мне цяжка нешта зьмяняць, я не гатовы да пераменаў".

Спадар: "Раманчук запомніўся. У нас тут памежная зона павінна адкрыцца. Дык вось ён распавядаў пра тое, як наагул зрабіць, каб не было ў нас ніякіх візаў і мы маглі нармальна жыць з суседнімі краінамі. Гэта найболей запомнілася".

Спадар
: "Няма за што зачапіцца: гавораць, гавораць… Але ж гэта проста таму, што выбарчая кампанія, а што будзе далей — аднаму Богу вядома…"

Спадар: "Не, я не гляджу выступаў".

Карэспандэнт: "А чаму?"

Спадар:
"Таму што і так вядома, што прэзыдэнтам будзе Лукашэнка".

Карэспандэнт: "А адкуль гэта вядома?"

Спадар:
"Таму што яму няма роўных. Гэтыя выбары падобныя да таго, як баксёра-дылетанта выставілі супраць чэмпіёна сьвету. Гэта ня мае сэнсу".
XS
SM
MD
LG