Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск сьцішыў сваю ядзерную рыторыку


Беларусь ліквідуе ўсе свае запасы высокаўзбагачанага ўрану, а ЗША маюць намер даць для гэтага тэхнічную і фінансавую дапамогу. Такое рашэньне зафіксавана сёньня ў супольнай заяве ЗША і Беларусі, прынятай па выніках сустрэчы дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ў рамках саміту АБСЭ ў Астане.

Паводле заявы, Беларусь мае намер ажыцьцявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бясьпецы ў 2012 годзе. Дзяржсакратар ЗША назвала такі намер "вельмі істотным і важным крокам Беларусі".

Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных з нагоды падпісаньня заявы сказаў "Свабодзе":

Андрэй Савіных
"Дадзенае рашэньне адлюстроўвае пасьлядоўную палітыку Беларусі, якая скіраваная на нераспаўсюджваньне ядзернай зброі. Яно таксама зьяўляецца лягічным працягам нашага ўнёску ў Дамову аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі, да якога наша краіна далучылася безь ніякіх папярэдніх умоваў. Дадзены крок адкрывае магчымасьці для супрацоўніцтва па мірным выкарыстаньні ядзернай энэргіі".

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі таксама падкрэсьліў, што дзяржсакратар ЗША прызнала гістарычнае рашэньне Беларусі аб адмове ад сваёй ядзернай зброі ў 1994 годзе значным унёскам у справу ядзернага раззбраеньня.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў згадаў з гэтай нагоды, што ў справе ўрану ў адносінах Менску і Вашынгтону былі пэўныя праблемы. Беларускае кіраўніцтва заяўляла, што проста так не адмовіцца ад гэтых запасаў:

Андрэй Фёдараў
"Маўляў, мы ўжо аддалі ядзерную зброю, але за гэта нічога не атрымалі. Аднак пару месяцаў таму рашэньне было знойдзена. І рыторыка значна сьцішылася. Як звычайна, уся падрыхтоўчая праца была праведзена загадзя. А ўрачысты акорд прагучаў на важным паседжаньні".

Паводле спадара Фёдарава, пад гэтую дамову падпадае ня так ужо і шмат радыеактыўнай сыравіны — запасы ўрану ў Беларусі нязначныя.

*****

Як піша, камэнтуючы гэтую падзею, The New York Times, “адміністрацыя Абамы дамаглася перамогі ў сваіх намаганьнях спыніць пашырэньне ў сьвеце ядзерных матэрыялаў, падпісаўшы пагадненьне зь несаступлівай былой савецкай рэспублікай”.

Амэрыканскія ўлады доўгія месяцы беспасьпяхова дамагаліся ад Беларусі, каб яна адмовілася ад ядзерных запасаў. У выніку, Беларусь сёлета ў красавіку не была запрошаная на арганізаваны Баракам Абамам саміт у пытаньнях ядзернай бясьпекі з удзелам 47 краінаў, дзе пра адмову ад сваіх ядзерных запасаў абвясьціла Ўкраіна.

Цяпер Беларусь была запрошана да ўдзелу ў наступным глябальным ядзерным саміце ў 2012 годзе ў Паўднёвай Карэі. Да таго часу яна зьбіраецца пазбавіцца ад сваіх ядзерных запасаў. У 1994 годзе Беларусь пагадзілася адмовіцца ад ядзернай зброі, якая засталася на яе тэрыторыі пасьля распаду Савецкага Саюзу.

Наконт колькасьці высокаўзбагачанага ўрану ў Беларусі ёсьць супярэчлівая інфармацыя. У красавіку А.Лукашэнка заявіў, што яго краіна мае “сотні кіляграмаў” зброегатовага ўрану, аднак некаторыя крыніцы цытавалі выказваньне іншага высокапастаўленага беларускага службоўца пра 90 кіляграмаў.

Паводле ацэнак Цэнтру Джэймса Мартына, які дасьледуе непашырэньне ядзернай зброі, Беларусь мае ад 170 да 370 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану, зь якіх як найменей 40 кіляграмаў узбагачаныя да 90 працэнтаў ­ узроўню ачысткі, дастатковага для стварэньня ядзернай бомбы. Афіцыйныя асобы на саміце ў Астане заявілі, што запасы Беларусі складаюць 220 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG