Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь вырашыла зьліквідаваць запасы высокаўзбагачанага ўрану


Сяргей Мартынаў

Сяргей Мартынаў

Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве ЗША і Беларусі, прынятай па выніках сустрэчы дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ў рамках саміту АБСЭ ў Астане.

"Міністар замежных справаў Беларусі абвясьціў аб тым, што Беларусь прыняла рашэньне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану і мае намер ажыцьцявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бясьпецы ў 2012 годзе", - гаворыцца ў супольнай заяве.

Злучаныя Штаты маюць намер даць тэхнічную і фінансавую дапамогу для як мага хутчэйшага ажыцьцяўленьня гэтых захадаў.

Дзяржаўны сакратар ЗША Гілары Клінтан на сустрэчы зь Сяргеем Мартынавым падзякавала Беларусі за рашэньне адмовіцца ад валоданьня запасамі высокаўзбагачанага ўрану. "Гэта вельмі істотны і важны крок Беларусі", - сказала Гілары Клінтан. Дзяржсакратар ЗША адзначыла, што разьлічвае на прыезд беларускай дэлегацыі на саміт у пытаннях ядзернай бясьпекі ў 2012 годзе для таго, "каб адзначыць завяршэньне гэтай важнай справы".

Як піша, камэнтуючы гэтую падзею, The New York Times, “адміністрацыя Абамы дамаглася перамогі ў сваіх намаганьнях спыніць пашырэньне ў сьвеце ядзерных матэрыялаў, падпісаўшы пагадненьне зь несаступлівай былой савецкай рэспублікай”.

Амэрыканскія ўлады доўгія месяцы беспасьпяхова дамагаліся ад Беларусі, каб яна адмовілася ад ядзерных запасаў. У выніку, Беларусь сёлета ў красавіку не была запрошаная на арганізаваны Баракам Абамам саміт у пытаньнях ядзернай бясьпекі з удзелам 47 краінаў, дзе пра адмову ад сваіх ядзерных запасаў абвясьціла Ўкраіна.

Цяпер Беларусь была запрошана да ўдзелу ў наступным глябальным ядзерным саміце ў 2012 годзе ў Паўднёвай Карэі. Да таго часу яна зьбіраецца пазбавіцца ад сваіх ядзерных запасаў. У 1994 годзе Беларусь пагадзілася адмовіцца ад ядзернай зброі, якая засталася на яе тэрыторыі пасьля распаду Савецкага Саюзу.

Наконт колькасьці высокаўзбагачанага ўрану ў Беларусі ёсьць супярэчлівая інфармацыя. У красавіку А.Лукашэнка заявіў, што яго краіна мае “сотні кіляграмаў” зброегатовага ўрану, аднак некаторыя крыніцы цытавалі выказваньне іншага высокапастаўленага беларускага службоўца пра 90 кіляграмаў.

Паводле ацэнак Цэнтру Джэймса Мартына, які дасьледуе непашырэньне ядзернай зброі, Беларусь мае ад 170 да 370 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану, зь якіх як найменей 40 кіляграмаў узбагачаныя да 90 працэнтаў ­ узроўню ачысткі, дастатковага для стварэньня ядзернай бомбы. Афіцыйныя асобы на саміце ў Астане заявілі, што запасы Беларусі складаюць 220 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG