Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завялі справу супраць незаконных трансплянтолягаў


У Беларусі ўпершыню заведзеная крымінальная справа па артыкуле "Гандаль людзьмі з мэтай выманьня органаў і тканак для трансплянтацыі".

Як паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў, галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Беларусі сумесна з украінскімі калегамі спыніла дзейнасьць міжнароднай злачыннай групы, якая займалася падборам і вэрбоўкай донараў унутраных органаў.

Вызначана, што з 2008 па 2010 год зламысьнікі праз інтэрнэт падшуквалі ахвяр для перапраўкі за мяжу (Эквадор, Косава), дзе праводзіліся незаконныя апэрацыі па выманьні нырак і іх перасадцы заможным рэцыпіентам.

Донары выяжджалі за мяжу добраахвотна, аднак у дачыненьні да іх ужываліся розныя мэтады псыхалягічнага і фізычнага ўзьдзеяньня, у тым ліку пазыковая залежнасьць. За нырку "добраахвотніку" належала плата ў памеры 10 тысяч даляраў ЗША. Аднак некаторыя пасьля хірургічнага ўмяшаньня атрымлівалі толькі частку абумоўленай сумы. Астатняе неабходна было "адпрацаваць", вэрбуючы новых ахвяр.

Галоўнае сьледчае ўпраўленьне папярэдняга расьсьледаваньня ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненьні да аднаго зь лідэраў злачыннага фармаваньня — грамадзяніна Ізраілю (выхадца зь Беларусі, які эміграваў у 1991 г.), а таксама двух змоўцаў (абодва грамадзяне Ўкраіны, у свой час таксама былі донарамі і пасьля ўвайшлі ў склад злачыннай групы).

Ужо вызначаны асобы траіх беларусаў, якія сталі ахвярамі падазраваных, а таксама шэраг асоб, якія былі імі завэрбаваныя, аднак з розных прычын не змаглі выехаць з краіны для правядзеньня апэрацый. Як правіла, у нераты "чорных трансплянтолягаў" трапляліся маладыя людзі, якія апынуліся ў цяжкім фінансавым становішчы і жадалі такім чынам паправіць свой бюджэт.

Сьледчыя працягваюць пошук пацярпелых і тых, хто дапамагаў затрыманым.
XS
SM
MD
LG