Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты інтэнсіўна наведваюць рэгіёны Беларусі. Напрыклад, у Полацку 29 лістапада пабываў Рыгор Кастусёў, 30 – Уладзімер Някляеў, 2 сьнежня там чакаюць Віталя Рымашэўскага. Як успрымаюць выбарцы кандыдатаў-дэмакратаў?

Уладзімера Някляева ў аўторак у Полацку ў Палацы культуры чакалі 200 выбарцаў, у Наваполацку – каля 150. У Полацку нязручныя пытаньні яму імкнуліся задаваць сябры вэтэранскай арганізацыі, у Наваполацку – сябры БРСМ. У залях прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі і КДБ, але ніяк сябе не выяўлялі.



Пасьля выступу Някляева і дыскусіяў жыхары Полацку падзяліліся ўражаньнямі ад сустрэчы:

Спадар: "Увогуле цікава, але былі моманты, якія ўпускалі, трэба было болей пра кантактную сыстэму гаварыць, як ад яе пазбавіцца".

Іншы спадар: "Добра, што я прыйшоў сюды, Някляеву веру, а Лукашэнку ўжо пара сыходзіць".

Спадарыня: "Не шкадую, што прыйшла, але за яго галасаваць ня буду. Я супраць прэзыдэнцтва ўвогуле, я за парлямэнцкую рэспубліку".

Пэнсіянэрка: "Гнюсная сустрэча, тут жах нейкі, зараз напэўна пайду піць валяр'янку. Таму што ўсё яму кепскае і кепскае… Хіба так можна, ён зьняважыў палачан".

Спадарыня
: "Вельмі патрэбныя перамены. Мае дзеці зьехалі адсюль, паехалі ў Маскву зарабляць грошы… А тут атрымлівалі па 80 рублёў. Другая ўвогуле не магла на працу ўладкавацца".

Спадар: "Плошча патрэбна і пратэсты патрэбныя. Па-іншаму тут не атрымаецца, напэўна, усім нам трэба будзе выходзіць на плошчу".

Дырэктар вядомага фэсту "Рок-кола" Сяргей Анішчанка, які наведаў перадвыбарчы сход Някляева ў Наваполацку, перш за ўсё выказаў шкадаваньне, што на сустрэчы з апазыцыйнымі кандыдатамі прыходзіць мала людзей:

"Але мне прыемна, што ўсё-такі людзі задаюць пытаньні, спрабуюць адчыніць свае душы, упусьціць туды самыя добрыя хвалі паветра. Хочацца ўсё-такі, каб штосьці адбылося".

Валянціна Болбат вяла актыўную гутарку з Уладзімерам Някляевым, яна перакананая, што перамены ў Беларусі будуць:

"Але трэба нам самім гэтыя перамены рухаць. Чакаць ад аднаго чалавека, які публічна загаварыў пра гэтыя праблемы, што ён нешта зрушыць, немагчыма".

Спадарыня Болбат мяркуе, што тыя, хто прыйшоў на гэтыя сустрэчы, задаваў пытаньні, ужо зрабілі ўчынак, бо ня выключаныя ганеньні на іх адрас з боку ўладаў. Сама Валянціна Болбат у часы прэзыдэнцтва Лукашэнкі была звольненая з журналісцкай працы за сваю палітычную пазыцыю. Яна тлумачыць няпоўныя залі таксама тым, што ўлады праводзяць папярэднюю кампанію на прадпрыемствах, заклікаючы не хадзіць на такія сустрэчы, перашкаджаюць іх рэкляме ў мясцовых СМІ.

Сам Уладзімер Някляеў заклікае разумець складаную сытуацыю ў рэгіёнах Беларусі:

"Кожны кілямэтар ад Менску – гэта дадатковы страх, перш за ўсё страціць месца працы ці месца вучобы. Таму што тут у гэтай залі сядзіць адміністрацыя, сядзяць спэцслужбы і ўсё фіксуюць. І ўсе гэта ведаюць. Ужо тое, што яны прыйшлі, у іх разуменьні і ў маім таксама азначае грамадзянскі ўчынак. І я ім за гэта ўдзячны. У рэгіёнах людзі значна больш залежныя ад улады, чым у Менску".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG