Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 лістапада, на відэапартале Youtube зьявіўся новы фільм вытворчасьці незалежнай студыі «Навінкі хоўм відэа» «Ўводзіны ў беларусазнаўства».

20-хвілінная стужка ў парадыйным навукова-папулярным стылі тлумачыць, як дзяржава строга сочыць за тым, каб кожны беларус быў забясьпечаны дастатковай колькасьцю бульбы, «чарніла» і засьцерагае ягоны мозг ад узьдзеяньня паразытаў, напрыклад, апазыцыі.

Рэжысёр і сцэнарыст фільму Павал Канавальчык: «Сама ідэя фільма — гэта пародыя на навукова-папулярны фільм. Мы таму яго і называем „навукова-папулярны фільм пра беларускую экзыстэнцыю“. Мы ўстрымліваемся пакуль ад камэнтароў, што мы хацелі гэтым сказаць, бо мы спадзяемся, што кожны чытач знойдзе адказ самастойна. Цікавая проста рэакцыя грамадзтва, зацікаўленых людзей, якія арыентуюцца ў палітыцы, і якім ня ўсё адно, што адбываецца сёньня ў беларускім грамадзтве».
Мы таму яго і называем „навукова-папулярны фільм пра беларускую экзыстэнцыю“.


Галоўны герой фільма — звычайны беларускі чыноўнік Віктаравіч. Камэра засьпела яго і ягоную сям’ю за галоўнай справа жыцьця кожнага беларуса — выкопваньнем бульбы.

У ролі Віктаравіча зьняўся Антон Астаповіч, цяпер старшыня беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры:

«Калі браць нізавы ўзровень, асабліва выканкамы — я камунікую і з раённымі ўладамі — сапраўды там чыноўнікі паднявольныя, запалоханыя, заціснутыя. І гэты вобраз пэўныя рысы нашага шараговага вось такога раённага ўзроўню чыноўніка, канечне, паказвае».

Стваральнікі фільму, як заўжды, папаўняюць жывую беларускую мову новымі крылатымі выразамі, напрыклад: «Разнастайныя спосабы здабычы энэргіі з бульбы называюць беларускай кухняй».

Альбо: «Выбары — гэта сьвята беларусаў з прадстаўленьнем пашпарта грамадзяніна рэспублікі Беларусь і спажываньнем этанолу на спэцыяльна абсталяваных выбарчых участках».
Гэта ўсё ж такі сатыра на злобу дня.

Голас за кадрам — Севярын Квяткоўскі, сталы ўдзельнік праектаў «Навінкі Хоўм Відэа» і каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі»: «Твор у першую чаргу ня ёсьць столькі мастацкім, колькі публіцыстычным. Гэта ўсё ж такі сатыра на злобу дня. „Навінкі“ ніколі і не прэтэндавалі на штосьці большае. Яшчэ дзевяць-дзесяць гадоў таму ў Беларусі віравала грамадзка-палітычнае жыцьцё. Было проста цікава. Было больш газэт — выходзіла тая ж газэта „Навінкі“ ўрэшце рэшт. Зараз жа Беларусь у стане відавочнага застою. І ў людзей, якія працуюць з актуаліямі, менш магчымасьцяў знайсьці матэрыял, зь якім можна працаваць».

Уводзіны ў беларусазнаўства — ужо трэцяя сатырычная стужка на выбарчую тэматыку ад «Навінкі хоўм відэа». У 2001 годзе выйшаў фільм «Случай с пацаном», а ў 2006 — «Гудбай, бацька».


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG