Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мае рэдактары


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Ёсьць такое выслоўе: аўтары пішуць кнігі, а рэдактары іх робяць. Якія рэдактары сустракаліся на Вашым шляху?

Адразу тры студэнты Беларускага калегіюму




Пры слове «рэдактар» сэрца літаратара альбо замірае, альбо пачынае біцца хутчэй…

Мне вельмі пашанцавала з рэдактарам дэбютных апавяданьняў. Ім стаў надзвычай сьветлы і сумленны чалавек і пісьменьнік Уладзімер Максімавіч Дамашэвіч, які працаваў у часопісе «Маладосьць». Адрозна ад некаторых калегаў, ён ніколі ня браў на сябе цэнзарскіх функцыяў. Працавалася зь ім заўсёды лёгка. Адно што Максімавіч, як яго зь любоўю называлі мновельмі многія) страшэнна не любіў выразу «так бы мовіць», які патрапіў у маю мову, дзякуючы захапленьню іншым Ўладзімерам — Караткевічам. Гэтыя словы мой першы рэдактар, можна сказаць, выпальваў калёным жалезам. Дарэчы, Дамашэвіч, якому ўжо восем з паловаю дзясяткаў, і цяпер, як мне вядома, часам бярэцца за рэдагаваньне нават цэлых раманаў.

У часы маіх яшчэ няўпэўненых крокаў на пакручастай літарацкай сьцежцы існавала практыка так званага грамадзкага рэдагаваньня. Да яе зьвярталіся ў выпадках, калі выхад кнігі апынаўся пад пытаньнем з ідэалягічных ці іншых падобных прычынаў. Такім рэдактарам мусіла быць асоба зь вялікай вагою ў літаратурным сьвеце. Часам ёй сапраўды ўдавалася выканаць ролю выратавальніка.

Першую кнігу Ларысы Геніюш, выдадзеную у савецкай Беларусі, — «Невадам зь Нёману» — на грамадзкіх пачатках адрэдагаваў Караткевіч. Аўтарка падпісала мне зборнік у Зэльве незадоўга да сыходу ў нябесную Беларусь. А пасьля таго, як я выступіў на пахаваньні Ларысы Антонаўны, спынілі і без таго павольны рух маёй першай кніжкі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Дапамагчы ўзяўся аўтар геніяльнага «Смаленьня вепрука» Міхась Стральцоў. Сваю працу ён таксама зрабіў выдатна: я нават не заўважыў ніякіх уварваньняў у тэкст.

Але потым за рукапіс узялася пільная выдавецкая дама. Пра дзейнасьць Галіны Барысаўны і, у прыватнасьці, пра тое, як, едучы з Полацку на сустрэчу зь ёю, я купіў стрэльбу (праўда, падводную), я калі-небудзь напішу вясёлы твор. А тады было нявесела. Але рэдактарка зрабіла і адну добрую справу. Героі будучай кнігі не належалі да абстынэнтаў і раз-пораз выпівалі. Прычым разьлівалі пляшкі па келіхах і кілішках якраз у той пэрыяд, калі партыя і ўрад змагаліся з п’янствам. Галіна Барысаўна зьдзейсьніла нешта кшталту дзіва ў Кане Галілейскай наадварот. Яна бязьлітасна працьверазіла пэрсанажаў: усе моцныя трункі ператварыліся ў сухое віно, а само сухое віно — у «гарбату на зёлках». Ды на радасьць аўтару і чытачам, хапянуўшы тых сухача ці гарбаты, героі чамусьці браліся натхнёна закусваць…

Адзін з наступных рэдактараў — ужо ў новыя, незалежніцкія і дэмакратычныя часы — вызначыўся тым, што ў вялікім рукапісе паправіў два словы: на другой і перадапошняй старонках.
Сустракаўся я і з прадстаўнікамі гэтай прафэсіі, якія тэкстаў проста не чыталі, што часта ішло кнізе толькі на карысьць.
Сустракаўся я і з прадстаўнікамі гэтай прафэсіі, якія тэкстаў проста не чыталі, што часта ішло кнізе толькі на карысьць. Хоць трэба прызнаць, што такі падыход тоіць у сабе і пэўную небясьпеку. Да прыкладу, аднаго разу ў «Мастацкай літаратуры» некалькі выдавецкіх этапаў прайшоў рукапіс вершаў шаноўнага Васіля Васілевіча Зуёнка, у прозьвішчы якога заместа літары «З» упарта трымалася набраная нейкім шкоднікам і дывэрсантам літара «Х».

Ведаю гэтую страшную гісторыю, бо ў тыя часы сам зарабляў на хлеб і «гарбату на зёлках» рэдактарскай працаю ў «Мастацкай». Адзін аўтар са мною два гады не вітаўся. Іван Пятровіч Шамякін доўга крывеліўся. Нехта з адрэдагаваных званіў і раіў позна не вяртацца дадому. Ды пра тое, можа, іншым разам.

А пра кожнага з сваіх рэдактараў ( пагатоў, многія зь іх і выдатныя творцы) я мог бы гаварыць гадзінамі і заўсёды з удзячнасьцю.

Пра Леаніда Васілевіча Дранько-Майсюка. Пра Сргея Іванавіча Дубаўца. Пра Алеся Пятровіча Рыбака. Пра Эрнэста Нічыпаравіча Гнеўку, якому выпала рэдагаваць сотні старонак «Таямніцаў полацкай гісторыі», нашпігаваных імёнамі, датамі ды рознымі сумнеўнымі высновамі…

Пра Кацярыну Пятроўну Гарэлік, зь якой працаваў над «Імёнамі Свабоды». Пра Аляўціну Сямёнаўну Вячорку і Тацяну Лявоньцьеўну Шумейку. Пра Іну Паланейчык, якая разам з аўтарам нейкім дзівам давяла да чытачоў «Ордэн Белай Мышы»…

А яшчэ страшэнна хочацца напісаць кнігі, якія б зноў пагадзіліся рэдагаваць Аляксандра Макавік, Валянцін Акудовіч і Зьміцер Санько. Яны — і кнігі, і рэдактары — напаўняюць мае сны неверагоднымі сюжэтамі й спадзяваньнямі

Чаму ў нас столькі помнікаў пісьменьнікам і ніводнага — рэдактару?

Адліты з мосенжу рэдактар уяўляецца мне летуценным чалавекам зь сякераю, а застылая ў каляровым мэтале рэдактарка — мілай акулярыстай дзяўчынаю са зграбным кухонным нажом (вусьцішны варыянт — зь сярпом), якім яна пяшчотна рэзала аўтара ня толькі па тэксьце, як ёй здавалася, але і па значна больш адчувальных частках ягонага фізычнага й мэтафізычнага цела.

Дарагія рэдактары, сэрца захлынаецца ад любові да вас! Вам пакуль што не ўдалося зарэзаць ніводнай кніжкі Ўладзімера Арлова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG