Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці роўныя ўмовы правядзеньня выбарчай кампаніі?


Улады абвясьцілі, што выбары пройдуць у лібэральных і дэмакратычных умовах. Наколькі адпавядае гэтым абяцаньням удзел дзяржаўных інстытутаў у выбарчай кампаніі? Якая роля дзяржаўных мэдыяў падчас выбараў? Ці аб’ектыўныя выбарчыя камісіі?


Удзельнікі: экспэрт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімер Лабковіч.

Уладзімер Лабковіч
Валянцін Стэфановіч
Валер Карбалевіч


Роля дзяржаўных інстытутаў


Валер Карбалевіч: «Учора тэлеканалы паказалі сустрэчу Лукашэнкі з даверанымі асобамі. Тут цікава ня толькі тое, што ў працоўны час кандыдат у прэзыдэнты займаецца не выкананьнем дзяржаўных абавязкаў, а ўласнай выбарчай кампаніяй. Важна тое, што ягонымі даверанымі асобамі зьяўляюцца кіраўнікі вышэйшых дзяржаўных органаў, абласьцей.

Галоўнае адрозьненьне свабодных выбараў ад несвабодных палягае ў няўдзеле дзяржаўных інстытутаў у выбарчай кампаніі. У дэмакратычных краінах кіроўная каманда праводзіць выбарчую кампанію, абапіраючыся на партыйныя грамадзкія структуры, а не на дзяржаўныя інстытуты. А ў Беларусі на Лукашэнку працуе ўся дзяржаўная машына».

Валянцін Стэфановіч: «У нас дзяржаўныя інстытуцыі — галоўныя ўдзельнікі кампаніі. Зь іх фармуюцца выбарчыя камісіі, яны забясьпечваюць збор подпісаў. У эканоміцы 80% суб’ектаў гаспадараньня — дзяржаўныя».

Уладзімер Лабковіч: «Выбарчая кампанія — гэта падзея больш для дзяржаўных органаў, чым для грамадзтва. Гэта і кантроль над камісіямі, кантроль над агітацыяй.

Сапраўды ўчорашняе мерапрыемства з удзелам Лукашэнкі — гэта парушэньне заканадаўства. Бо сустрэчу іншых кандыдатаў з сваімі даверанымі асобамі па тэлевізіі не пакажуць. Гэта адбывалася ў дзяржаўным будынку, у працоўны час. Павінна быць рэакцыя ЦВК. Але, на жаль, у нас усе выбарчыя камісіі — гэта тая ж вэртыкаль улады».

Ці можна супрацьстаяць дзяржаўнай машыне?


Карбалевіч: «Атрымоўваецца, што апазыцыйным кандыдатам даводзіцца весьці перадвыбарчую кампанію ня супраць Лукашэнкі, а супраць усёй дзяржаўнай машыны. У такіх умовах яны апрыёры ня могуць атрымаць перамогу. Бо для перамогі трэба паламаць усю дзяржаўную машыну. А гэта азначае рэвалюцыю».
Змагацца зь дзяржаўнай машынай на роўных у прынцыпе немагчыма.


Стэфановіч: «Змагацца зь дзяржаўнай машынай на роўных у прынцыпе немагчыма. Магчымасьці агітацыі для апазыцыйных кандыдатаў вельмі абмежаваныя ў часе і сродках. Адзін месяц агітацыі — вельмі мала. Сустрэчы з выбаршчыкамі ў памяшканьнях ці на вуліцах — гэта фармат мясцовых ці парлямэнцкіх выбараў, але не прэзыдэнцкіх».

Лабковіч: «Тую сыстэму выбараў, якая сфармавана ў Беларусі, апазыцыйным кандыдатам электаральным шляхам перамагчы немагчыма».

Дзяржаўныя СМІ


Карбалевіч: «Якая роля дзяржаўных мэдыяў у выбарчай кампаніі?»

Стэфановіч: «У дзяржаўных мэдыях выбарам адводзіцца спэцыфічнае месца. Пра іх мала гаворыцца. Больш гавораць пра Ўсебеларускі сход. Толькі апошнімі днямі пачалася моцная контрапрапаганда супраць апазыцыі. Апанэнтаў Лукашэнкі аб’яўляюць як блазнаў, несур’ёзных людзей. Мэдыі даводзяць, што вынікі выбараў загадзя ўсім вядомыя. Таму адбываецца спэктакль з удзелам не зусім нармальных актораў.

У дэмакратычных краінах падчас выбараў круглыя суткі адбываюцца дэбаты, абмеркаваньні. Выбаршчыкам даецца магчымасьць атрымаць усебаковую інфармацыю аб кандыдатах».
Пры такой ролі дзяржаўных мэдыяў, якая цяпер існуе, свабодных выбараў у нас ня будзе.

Лабковіч: «Дзяржаўныя мэдыі дыскрэдытуюць ня толькі альтэрнатыўных кандыдатаў, але ўсю апазыцыю цалкам. Больш таго, адбываецца жахлівая дэвальвацыя выбараў як працэсу. Яны аб’яўляюцца клаўнадай. Пры такой ролі дзяржаўных мэдыяў, якая цяпер існуе, свабодных выбараў у нас ня будзе. Бо свабодныя выбары прадугледжваюць магчымасьць грамадзянам атрымліваць усебаковую і аб’ектыўную інфармацыю».

Ці аб’ектыўныя выбарчыя камісіі?


Карбалевіч: «Ці могуць быць выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў незалежнымі ад дзяржавы? Вось старшыня ЦВК Ярмошына казала, што лічыць сябе членам каманды Лукашэнкі. Дык ці можа арбітар на футбольным полі гуляць за адну з каманд?»

Стэфановіч: «Ня толькі ЦВК, але ўсе выбарчыя камісіі знаходзяцца ў камандзе прэзыдэнта. У нас асноўныя крыніца фармаваньня выбарчых камісій — працоўныя калектывы. Тое, што працоўныя калектывы зьяўляюцца суб’ектамі выбарчага працэсу — гэта ненармальна. У дэмакратычнай краіне галоўнымі суб’ектамі выбарчага працэсу павінны быць палітычныя партыі. Цяпер, калі траціну выбарчых камісій павінны складаць сябры партый і грамадзкіх арганізацый, туды ўсё роўна трапляюць тыя ж прадстаўнікі працоўных калектываў, але ў новай ролі. Камісіі застаюцца пад татальным кантролем выканаўчай улады. У такой сытуацыі нельга спадзявацца на справядлівы падлік галасоў».

Лабковіч: Выбарчыя камісіі сфармаваны без уліку інтарэсаў усіх суб’ектаў выбараў. Яны не плюралістычныя, таму ня могуць быць аб’ектыўнымі. У дэмакратычнай краіне нельга ўявіць сабе, каб старшыня ЦВК заявіў, што параза аднаго з кандыдатаў зьявілася б для мяне асабістай трагедыяй. Мэтад фармаваньня выбарчых камісій сьведчыць пра тое, што яны створаны для забесьпячэньня патрэбнага выніку выбараў. 80% сябраў выбарчых камісій засталіся зь мінулых выбараў. А, між іншым, тыя выбары былі прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі не адпавядаючымі дэмакратычным стандартам.

Паводле цяперашняга выбарчага заканадаўства, у Беларусі можна правесьці дэмакратычныя выбары. Для гэтага патрэбна палітычная воля. Фармаваньне выбарчай камісіі паказвае, што такая палітычная воля адсутнічае«.

Стэфановіч: «За гэтыя гады паняцьці „Лукашэнка“ і „дзяржава“ так зрасьліся, што шмат людзей ужо забыліся, што такое сапраўдныя выбары».

Лабковіч: «Па-іншаму ўлады працаваць і ня могуць. Няма ў Беларусі партыі, якая б магла выконваць функцыю выбарчай машыны Лукашэнкі. Таму даводзіцца выкарыстоўваць выбарчую вэртыкаль. І схаваць гэтую ролю дзяржаўных органаў немагчыма».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG