Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пан Гі Мун за пашырэньне Рады бясьпекі ААН


Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун возьме ўдзел у саміце АБСЭ ў сталіцы Казахстану Астане. Напярэдадні сустрэчы ў інтэрвію нашаму радыё ён ацаніў ролю Казахстану, як старшыні АБСЭ, выказаўся наконт ядзернай праграмы Ірану і выклаў сваё бачаньне рэформы Рады бясьпекі ААН.

Карэспандэнт: Сёлета Казахстан старшыняваў у АБСЭ. Некаторыя выказвалі сумневы ў тым, што гэтая краіна, зь яе кепскай сытуацыяй з правамі чалавека, зможа выконваць ролю лідэра ў арганізацыі эўрапейскай бясьпекі. Як бы вы ацанілі вынік старшыняваньня Казахстану ў АБСЭ?

Пан: На працягу гэтага году Казахстан дэманстраваў свае лідэрскія якасьці і прыхільнасьць да міру і стабільнасьці ў Кіргізстане і ў іншых месцах. Вельмі добра, што Астана працавала ў шчыльным кантакце з ААН і АБСЭ ў справе забесьпячэньня міру і правоў чалавека. Я спадзяюся, што пад кіраўніцтвам прэзыдэнта Назарбаева саміт АБСЭ будзе ў стане ўважліва разгледзіць усе пытаньні, якія ўяўляюць агульны інтарэс. Казахстан зьяўляецца адным з важных партнэраў ААН, ён дэманструе заўважальныя посьпехі ў сацыяльна-эканамічным разьвіцьці. Я спадзяюся, што Казахстан прадэманструе значны прагрэс у захаваньні правоў чалавека. Гэта тое, што я абмяркоўваў з казахстанскім кіраўніцтвам, і я спадзяюся, што яны будуць цалкам выконваць рэкамэндацыі Рады ААН па правах чалавека.

Карэспандэнт: Нядаўна 40 навукоўцаў і палітыкаў зьвярнуліся да ЗША з заклікам перагледзіць сваю палітыку і прызнаць права Ірана на ўзбагачэньні ўрану пад міжнародным кантролем. А якое вашае меркаваньне – ці надышоў час кардынальнай зьмены палітыкі адносна Ірану?

Пан: Я шмат разоў абмяркоўваў гэтае пытаньне зь іранскім кіраўніцтвам, у тым ліку і з прэзыдэнтам Махмудам Ахмадзінэжадам. Я настойліва заклікаў іранскія ўлады цалкам выконваць ўсе рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН і шчыра супрацоўнічаць з МАГАТЭ. Усе дзяржавы, ўдзельнікі дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, маюць права на выкарыстаньне ядзернай энэргіі ў мірных мэтах, але яны павінны даказаць мірны характар сваёй ядзернай праграмы. Апошняя справаздача МАГАТЭ сьведчыць пра тое, што Іран не адпавядае гэтаму крытэру. Гэта абавязак іранскага боку – даказаць, што іранская ядзерная праграма ня мае ваеннага вымярэньня.

Карэспандэнт: Як вы ставіцеся да ідэі рэфармаваньня Рады бясьпекі ААН? Цяпер яна налічвае 15 чальцоў, зь іх 5 сталых. Ці павінна быць павялічаная колькасьць краін-сталых чальцоў за кошт, напрыклад, Індыі, як тое прапануе прэзыдэнт ЗША Барак Абама?

Пан: Сярод краін-сябраў ААН існуе агульнае меркаваньне, што Рада бясьпекі павінна быць рэфармаваная, яна павінна стаць больш празрыстай, больш прадстаўнічай і сфармаванай больш дэмакратычным шляхам, улічваючы велізарныя зьмены, якія адбыліся ў сьвеце на працягу апошніх 60 гадоў. Але якія менавіта рэформы трэба правесьці, колькі краін і якія менавіта павінны быць прадстаўленыя ў Радзе – гэта павінна вызначацца дзяржавамі-чальцамі шляхам перамоваў. Як генэральны сакратар ААН я асабіста лічу, што склад Рады бясьпекі павінен быць пашыраны з ўлікам зьменаў сытуацыі, каб яна была здольнай вырашаць усе праблемы ХХІ стагодзьдзя.
XS
SM
MD
LG