Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі адключылі нафтаправод Полацак-Вэнтсьпілс


Расейская кампанія "Транснафта" адключыла Беларусь ад нафтаправоду Полацак-Вэнтсьпілс.

Паводле выданьня gazeta.ru, рашэньне латвійска-расейскай кампаніі LatRosTrans аб зьліве тэхналягічнай нафты з нафтаправоду Полацак - Вэнтсьпілс (паўночнае адгалінаваньне нафтаправоду "Дружба") стала ўдарам па плянах Менску. Беларусь разьлічвала выкарыстаць трубаправод для хуткага і таннага перапампоўваньня вэнэсуэльскай нафты з порту Вэнтсьпілсу на НПЗ "Нафтан".

Беларусь панесла і фінансавыя страты: у нафтаправодзе Полацак - Вэнтсьпілс знаходзілася каля 150 тысяч тон нафты коштам прыкладна 90 мільёнаў даляраў.

Выданьне БДГ нагадвае, што кампанія LatRosTrans заявіла аб сваіх правах уласнасьці на тэхналягічную нафту і пачала яе канфіскацыю з трубаправоду 25 лістапада.

"белнафтахім" пратэстуе


Канцэрн "Белнафтахім" заявіў, што "выцясьненьне тэхналягічнай нафты з магістральнага нафтаправоду Полацак - Вэнтсьпілс пазбаўляе Беларусь і Латвію пэрспэктывы яго сумеснага выкарыстаньня". У "Белнафтахіме" таксама былі абураныя тым, што да работ не былі дапушчаныя супрацоўнікі Наваполацкага рэспубліканскага прадпрыемства па транспартаваньні нафты "Дружба", хоць частка трубаправоду праходзіць па беларускай тэрыторыі

Але канфлікт на самай справе не беларуска-латвійскі, а беларуска-расейскі - паміж Менскам і расейскай “Транснафтай”.

Кампанія “Транснафтапрадукт”, "дачка" “Транснафты”, валодае 34% статутнага фонду LatRosTrans - апэратара нафтаправоду. Прэсавы сакратар "Транснафты" Ігар Дзёмін першым паведаміў аб тым, што нафтаправоды Полацак - Вентспілс і Полацак - Мажэйкяй плянуецца закансэрваваць пасьля зьліву зь іх тэхналягічнай нафты. Паводле Дзёміна, рашэньне аб зьліве нафты прынятае ў сувязі з "высокай рызыкай тэхнагеннай аварыі".


Бліжэй, чым з адэсы


Нафтавы транзыт праз Латвію па маршруце Вэнтсьпілс-Полацак нашмат карацейшы, чым 674-кілямэтровы транзыт па трубе Адэса - Броды, аб якім з 2011 года Беларусь і Украіна заключылі пагадненьне.

Увесь гэты год канцэрн "Белнафтахім" вёў перамовы з латвійскім прадпрыемствам "ВэнтсьпілсНафта" па пытаньні выкарыстаньня нафтавага тэрміналу ў порце Вэнтсьпілсу і трубаправоду Вэнтсьпілс-Полацак для пастаўкі нафты на беларускі НПЗ "Нафтан".

Беларускі бок рыхтуецца адстойваць свае інтарэсы адносна нафтаправоду Полацак - Вэнтсьпілс. У якасьці аднаго з варыянтаў рашэньня канфлікту канцэрн "Белнафтахім" прапануе ўваходжаньне Наваполацкага рэспубліканскага прадпрыемства па транспартаваньні нафты "Дружба" ў склад удзельнікаў кампаніі LatRosTrans шляхам ўнясеньня ў якасьці ўкладу ў асноўны капітал LatRosTrans нафты, якая знаходзіцца ў магістральным нафтаправодзе Полацак - Вэнтсьпілс (той самай, якую цяпер зьліваюць на загад “Транснафты”).
XS
SM
MD
LG