Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат Дзьмітрый Вус рыхтуе выступ на тэлебачаньні -- гэтым разам даўжэйшы за 7 хвілін. Віктар Цярэшчанка "паехаў у Чэрвеньскі раён і далей". Ці купіў што Яраслаў Раманчук на Магілёўскім рынку? Як прайшоў працоўны дзень кандыдатаў у прэзыдэнты, адсочваў наш карэспандэнт.

Апоўдні, калі зьбіраліся гэтыя зьвесткі, не да ўсіх кандыдатаў удалося датэлефанавацца. Дапамаглі кіраўнікі выбарчых штабоў. Паводле Аляксея Янукевіча, кандыдат на прэзыдэнта Рыгор Кастусёў раніцай сустракаўся з актывістамі ў Магілёве, потым прыяжджае ў Менск, дзе будзе рыхтавацца да заўтрашняга выступу на тэлебачаньні. "Што можна паведаміць пра другі тэлевізійны выступ кандыдата?" — запытаўся я ў спадара Янукевіча:

"Калі ў першым выступе шмат вялося пра праграму, то другі больш прысьвечаны бягучай палітычнай сытуацыі. Будуць давацца ацэнкі ўладзе, апазыцыі".

Дзьмітры Вус сказаў, што сёньня ўвесь час прысьвячае будучаму выступу па тэлебачаньні. Тыдзень таму кандыдат у прэзыдэнты выкарыстаў толькі 7 хвілін з адведзеных яму 30. "Якой будзе ваша новая тэлевізійная прамова?"—запытаў я ў спадара Вуса.

"Я буду рабіць так, каб людзі зразумелі, чаго я жадаю, і падтрымалі мяне. Ужо 7 кандыдатаў мяне падтрымалі, зараз павінна большасьць у Беларусі падтрымаць. Гэта будзе вынік. А 7 хвілін, 8 ці 10 — гэта… Проста людзі, якія так кажуць, не разумеюць. Ад няма чаго рабіць гэтак кажуць".

Нагадаю, Дзьмітрый Вус уключыў у папярэдні выступ прапановы аб зьмене выбарчага кодэксу і працягвае іх энэргічна прасоўваць.

Віктара Цярэшчанку званок засьпеў у аўтамабілі. "Еду ў Чэрвеньскі раён і далей па Менскай вобласьці", — сказаў кандыдат. Таксама кандыдат на прэзыдэнта Віктар Цярэшчанка паведаміў, што ў першай палове дня сустракаўся з прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацый, у тым ліку Таварыства сьляпых, і з вэтэранамі Айчыннай вайны.

Кіраўнік аргкамітэту саюзу "За мадэрнізацыю" Аляксей Міхалевіч пра свае справы распавёў сам:

"У мяне быў шэраг сустрэч, у тым ліку запісваўся для "Белсату" разам зь Юрыем Хашчавацкім. А заўтра еду на Магілёўшчыну, таму рыхтуюся да паездкі".

Віталь Рымашэўскі адказаў на пытаньні "Свабоды" ў аэрапорце "Менск-2". Кандыдат у прэзыдэнты адлятаў у Брусэль, дзе ў яго заплянаваны шэраг сустрэч. Раніцай кандыдат запісаў выступ на радыё, а вось наконт сытуацыі з друкаваньнем сваёй праграмы ў дзяржаўных мэдыях папрасіў зьвярнуцца да кіраўніка свайго штабу Паўла Севярынца.

"Да гэтага часу дзяржаўныя газэты адмаўляюцца друкаваць нашу праграму, паколькі там ёсьць заклік прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Сёньня ўвечары гэтае пытаньне будзе вырашацца".

Павал Севярынец дадаў, што ніводнага радка з праграмы кандыдата Рымашэўскага штаб здымаць ня будзе.

Падобныя праблемы з друкаваньнем праграмы ў дзяржаўных мэдыях узьніклі і ў кандыдата Мікалая Статкевіча:

"Чапляюцца да кожнага крытычнага слова. Прыкладам, калі я рэкамэндую ня браць удзелу ў датэрміновым галасаваньні, дык рэдактары абласных газэт вырашылі, што гэта не праграма".

Мікалай Статкевіч таксама ня мае намеру здымаць са сваёй праграмы ніводнага слова.

У Яраслава Раманчука сёньня шэраг сустрэч у Магілёве. Кандыдат сустракаўся на прахадной з працаўнікамі "Хімвалакна", пабываў на гарадзкім рынку, а з 18 гадзіны ў Раманчука праходзіць сустрэча з выбарцамі ў архітэктурна-будаўнічым каледжы.

"Сёньня Андрэй Саньнікаў рыхтуе выступ на тэлебачаньні і праводзіць важныя сустрэчы",— паведамілі ў штабе яшчэ аднаго кандыдата на прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG