Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскі гарадзкі суд адмовіў аўтамабілістам


30 лістапада Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу грамадзкага аб'яднаньня "За Аўто", якое марна дамагаецца дзяржаўнай рэгістрацыі.

Заснавальнікі "За Аўто" накіроўвалі ў суд скаргу на рашэньне Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму, якое два месяцы таму адмовіла аўтамабілістам у дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкага аб'яднаньня на падставе таго, што ў "статуце грамадзкага аб'яднаньня адсутнічаюць мэты", а гэта парушэньне дзейнага заканадаўства.

Таксама ў лісьце Менгарвыканкаму напісана: "На думку Дзяржаўтаінспэкцыі г.Менску, асноўнымі задачамі ГА "За Аўто" фактычна будуць зьяўляцца кансультацыі грамадзянаў па пытаньнях ухіленьня ад адміністрацыйнай адказнасьці…"

Менскі гарадзкі суд пакінуў прынятае Менгарвыканкамам рашэньне ў сіле.

Паводле слоў аднаго з заснавальнікаў ГА "За Аўто" Ўладзіслава Бянько, асноўная мэта арганізацыі — абарона правоў аўта- і мотааматараў, раварыстаў і пешаходаў. Таксама спадар Уладзіслаў паведаміў, што наступныя крокі заснавальнікаў арганізацыі будуць абмяркоўвацца: магчыма, будзе вырашана падаваць касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд альбо спрабаваць зарэгістраваць іншае грамадзкае аб'яднаньне.

Заснавальнікі ГА "За Аўто" сёлета арганізоўвалі акцыі пратэсту супраць высокіх цэнаў на паліва на пачатку чэрвеня, заклікаючы байкатаваць запраўкі "Белнафтахіму" або ў скрайнім выпадку запраўляцца на іх 1,5—2 літрамі бэнзіну. Такія акцыі, аб'яднаныя назвай "Стоп-бэнзін", прайшлі ў розных гарадах Беларусі.
XS
SM
MD
LG