Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчая праграма Алеся Міхалевіча


Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

(Захаваны правапіс арыгіналу)

Перадвыбарная праграма кандыдыта ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксея Міхалевіча


"Стратэгія эвалюцыйнай мадэрнізацыі"

Эканамічная мадэль, якую выпрацавала сённяшняя ўлада, была прыдатная для сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя і першых гадоў новага тысячагоддзя, але яна не адпавядае сучасным патрэбам краіны. Каб выправіць гэтае становішча, я і мая каманда распрацавалі праграму эвалюцыйнай Мадэрнізацыі Беларусі. Аснову гэтай праграмы складаюць эканамічны рост, эфектыўная дзяржава і актыўнае грамадства.


І. Эканамічны рост

Падмуркам развітой і багатай краіны заўсёды была і будзе канкурэнтаздольная гаспадарка. Аднак сёння мы становімся сведкамі таго, што наша эканоміка не дае рады з сусветнымі і рэгіянальнымі зменамі, а шматлікая бюракратыя, недасканалыя законы, заблытаная сістэма падаткаў і цэнтралізаваная ўлада замінаюць развіццю Беларусі. Паколькі самым надзейным паказчыкам паляпшэння жыцця грамадзян з'яўляецца павышэнне іх даходаў, то першая мэта маёй праграмы — гэта забеспячэнне эканамічнага росту.

Я выступаю ЗА:

  • стварэнне празрыстых і зразумелых законаў, якія дапамогуць прыцягнуць у нашу краіну замежныя інвестыцыі і тэхналогіі;
  • ахову прыватнай уласнасці і павышэнне ўзроўню эканамічных свабод;
  • аптымізацыю падаткаў і шырокую падтрымку малога і сярэдняга бізнесу;
  • адмену цэнавай рэгуляцыі на камерцыйныя тавары і паслугі;
  • адлучэнне бізнесу ад структур улады і спецслужбаў;
  • мадэрнізацыю горадаўтваральных прадпрымстваў беларускай прамысловасці;
  • развіццё інфраструктуры і высокатэхналагічнай вытворчасці;
  • укараненне новых метадаў кіравання і збыту;
  • аптымізацыю працэдур адкрыцця і закрыцця бізнесу, ліцэнзавання, сертыфікацыі і фінансавай справаздачнасці;
  • развіццё камерцыйных банкаў і даступных формаў крэдытавання;
  • амністыю максімальна магчымай колькасці беларусаў, якія апынуліся ў турмах з прычыны іх уцягнутасці ў эканамічную дзейнасць;
  • правядзенне зямельнай рэформы і дзяржаўную падтрымку фермерскіх гаспадарак;
  • дыверсіфікацыю пастаўшчыкоў электраэнергіі і прыродных рэсурсаў;
  • большую незалежнасць Нацыянальнага банка і ўзмацненне беларускай валюты;
  • актывізацыю іпатэчнага крэдытавання;
  • развіццё электроннай камерцыі, страхавых паслуг і інтэрнет-плацяжоў;
  • усебеларускую інфарматызацыю і праграму аздараўлення публічных фінансаў;
  • стварэнне Агенцтва фінансавага развіцця, якое будзе займацца ўскосным датаваннем беларускіх дзяржпрадпрыемстваў;
  • стварэнне ўмоў для ўключэння шырокіх слаёў насельніцтва ў працэс акцыянавання беларускай эканомікі пасродкам пенсійных і страхавых фондаў;
  • рэалізацыю нацыянальнай праграмы "Старт", накіраванай на падтрымку пачынаючых прадпрымальнікаў і канвеерны запуск новых бізнесаў;
  • стварэнне інфармацыйна-кансультацыйных цэнтраў экспертных ведаў для малога і сярэдняга бізнесу і "інкубатараў прадпрымальніцтва";
  • стварэнне нафтагазавага Кансорцыўма ў складзе Беларусі, Украіны, Еўрасаюза і Расіі, які будзе займацца пытаннямі транзіту энерганосьбітаў у Еўропу.

Каб паспяхова абараняць беларускія пазіцыі на міжнародных рынках, беларускім суб'ектам гаспадарання трэба дапамагчы ў справе засваення "законаў" эфектыўнага прасоўвання тавараў і паслуг. Маркетынг, РR і рэклама могуць стаць ключом да стварэння прывабнага іміджу нашай рэспублікі далёка за яе межамі.

Узаемадзеянне дзяржавы, навукі і бізнесу мусіць стаць крыніцай тэхналагічнага прарыву Беларусі. Я веру ў будучыню навуковых паркаў, актыўнае супрацоўніцтва навуковых устаноў з бізнесам і рэалізацыю пры фінансавай падтрымцы дзяржавы новых перспектыўных патэнтаў.


ІІ. Эфектыўная дзяржава

Дзяржава — гэта механізм, які павінен спраўна выконваць задачы, для якіх ён быў створаны, не абмяжоўваючы без пільнай патрэбы свабоды сваіх грамадзян. Прычым забеспячэнне гаспадарчага і тэхналагічнага лідэрства ў нашым рэгіёне палягае не столькі ў вынаходстве рэформаў, колькі ў якасці дзяржаўных інстытутаў, якія будуць ажыццяўляць гэтыя рэформы.

Я выступаю ЗА:


  • незалежнасць судоў і ўвядзенне прынцыпу выбарнасці беларускіх суддзяў;
  • узмацненне ролі парламента і Канстытуцыйнага суда, падпарадкаванне Генеральнай пракуратуры Нацыянальнаму сходу;
  • рэформу выбарчага заканадаўства;
  • вяртанне да канстытуцыйнай нормы, паводле якой адна асоба не можа быць прэзідэнтам больш за два тэрміны;
  • абранне кіраўнікоў абласцей і мэраў гарадоў жыхарамі гэтых рэгіёнаў;
  • свабоду слова і развіццё камерцыйных тэлеканалаў, радыёстанцый і газет;
  • ліквідацыю ўсіх упраўленняў і аддзелаў па ідэалогіі і паступовую прыватызацыю дзяржаўных СМІ;
  • павышэнне статусу ваеннаслужачых;
  • захаванне дактрыны, якая грунтуецца на ваенным нейтралітэце Беларусі (пры гэтым беларускае войска дзеля падтрымання сваёй бояздольнасці павінна праводзіць сумесныя вучэнні як з Расіяй, так і з НАТО);
  • пенсійную рэформу і стварэнне накапляльнай сістэмы з персанальнымі пенсійнымі рахункамі;
  • канкурэнцыю прыватных пенсійных фондаў пры захаванні дзяржаўных сацыяльных пенсій;
  • устанаўленне грамадскага кантролю над працай праваахоўных органаў;
  • укараненне прынцыпу конкурснага прыёму на дзяржаўную службу і спрашчэнне вертыкалі на карысць мясцовых органаў самакіравання;
  • актывізацыя палітычных адносін, якія маюць на мэце доступ да заходніх рынкаў, тэхналогій, інвестыцый і абарону інтарэсаў беларускіх фірмаў за мяжой;
  • узаемавыгадныя сяброўскія дачыненні з Расіяй і краінамі СНД, стратэгічнае партнёрства з Еўрапейскім Саюзам і Украінай;
  • уключэнне краіны ў міжнародную гандлёва-эканамічную сістэму і ўступленне ў Сусветную Гандлёвую Арганізацыю ў 2012 годзе;
  • паніжэнне кошту шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян і ў перспектыве ўвядзенне бязвізавага рэжыму з Еўрасаюзам;
  • прыцягненне прыватных фундатараў для мадэрнізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, павышэнне якасці і расшырэнне асартыменту камунальных паслуг;
  • забеспячэнне празрыстасці і справядлівасці ў сістэме камунальных тарыфаў.

Ахова навакольнага асяроддзя мусіць стаць іміджаўтваральным элементам беларускай палітыкі. Я перакананы, што будаўніцтва ўласнай АЭС ніякім чынам не ўпісваецца ў канцэпцыю стварэння іміджу "Краіны блакітных азёр пад белымі крыламі". Больш таго, патэнцыйная эканамічная эфектыўнасць станцыі падаецца вельмі сумніўнай. Беларусі па сілах стаць адным з цэнтраў зялёнага руху ў Еўропе і свеце, краінай, якая выступае ініцыятарам абароны прыроды, экалагічна чыстых прадуктаў харчавання і развітой медыцыны, прыродаахоўных тэхналогій і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў. Гуманнасць беларускай дзяржавы павінна выказвацца ў стаўленні да жывёл. Неабходна адмовіцца ад знішчэння беспрытульных жывёл і стварыць для іх сістэму прытулкаў.


ІІІ. Актыўнае грамадства


Аснова дабрабыту Беларусі — гэта Мы, наш інтэлект, воля, ініцыятыва, наша самастойнасць і актыўная пазіцыя. Назапашванне сацыяльнага капіталу, якім з'яўляецца актыўнае і самадзейнае грамадства, стане залогам выхаду нашай краіны на новыя цывілізацыйныя далягляды.

Я выступаю ЗА:

  • дэцэнтралізацыю палітычнай і эканамічнай улады на карысць рэгіёнаў;
  • падзел шасці існуючых цяпер абласцей на 17 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак — паветаў — з наступнымі адміністрацыйнымі цэнтрамі: Брэст, Пінск, Мазыр, Гомель, Гродна, Баранавічы, Слуцк, Бабруйск, Ліда, Маладзечна, Барысаў, Магілёў, Крычаў, Глыбокае, Полацк, Віцебск, Орша; а таксама асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку — г. Мінск разам з Мінскім раёнам;
  • адмену кантрактнай сістэмы і ўдасканаленне заканадаўчай базы, прызванай абараніць правы працаўнікоў прыватнага і дзяржаўнага сектара, свабоду дзейнасці прафсаюзаў;
  • адаптацыю сістэмы вышэйшай адукацыі да патрэб рынка, павышэнне сацыяльнага статусу настаўніка і пабудова эканомікі, заснаванай на ведах і інавацыях;
  • скасаванне прымусовага размеркавання выпускнікоў ВНУ;
  • інтэграцыю Беларусі ў еўрапейскую сістэму адукацыі і ўзаемнае прызнанне дыпломаў і адукацыйных стандартаў;
  • увядзенне падатковых ільгот для фірмаў, якія інвестуюць у павышэнне ведаў і кваліфікацыі сваіх супрацоўнікаў;
  • дынамічнае развіццё камерцыйных ВНУ і даступных формаў студэнцкага крэдытавання;
  • сацыяльную інтэграцыю прадстаўнікоў уразлівых груп насельніцтва, пабудова грамадства роўных магчымасцяў;
  • развіццё розных формаў медыцынскага страхавання;
  • роўныя правы для рэлігійных канфесій, якія традыцыйна былі прадстаўленыя ў Беларусі (сюды мэтазгодна аднесці і пратэстантаў), і партнёрства дзяржавы і рэлігійных арганізацый у сферах, дзе такое супрацоўніцтва не супярэчыць пастулатам свецкай дзяржавы;
  • аднаўленне і развіццё беларускай культурнай спадчыны;
  • пашырэнне ўжывання беларускай мовы праз забеспячэнне грамадзян інфармацыяй аб дзейнасці дзяржаўных органаў на беларускай мове.

Надзвычай важнай умовай для захавання беларускай ідэнтычнасці з'яўляецца супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, першым чынам у Расіі, ЗША і краінах ЕС. Увядзенне "карты Беларуса" можа стаць сур'ёзным крокам да абароны права спадчынных беларусаў вярнуцца на гістарычную радзіму. Нам таксама трэба распрацаваць праграмы адаптацыі мігрантаў, якія пераехалі ў Беларусь з краін былога СССР.

Што тычыцца нацыянальных меншасцяў, то яны павінны мець у Беларусі шырокую аўтаномію і права захоўваць і развіваць свае традыцыі, культуру і мову.

Я перакананы, што эканамічны рост, эфектыўная дзяржава і актыўнае грамадства ў стане сфармаваць эканамічны, істытуцыянальны і сацыяльны капітал нашай краіны, які дазволіць Беларусі прэтэндаваць на ролю цывілізацыйнага лідара Усходняй Еўропы і забяспечыць яе грамадзянам годны ўзровень дабрабыту.

Я веру ў нашу Беларусь і веру ў яе патэнцыял, і сапраўды ведаю: У НАС УСЁ АТРЫМАЕЦЦА!
XS
SM
MD
LG