Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчая праграма Андрэя Саньнікава


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

(Захаваны правапіс арыгіналу)

Праграма кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Саннікава Андрэя Алегавіча


МОЦНАЯ БЕЛАРУСЬ ДЛЯ СВАБОДНЫХ ЛЮДЗЕЙ

Прыйшоў час вярнуць Беларусь народу!

Наша краіна 16 гадоў жыла мінулым. Сучасныя выклікі і глабальныя змены патрабуюць новых рашэнняў і падыходаў, але дзяржаўная сістэма працавала на захаванне ўлады аднаго чалавека.

Замест годнай зарплаты і абароны інтарэсаў працаўнікоў – кабальная кантрактная сістэма; замест стварэння сучасных вытворчасцяў – кансервацыя савецкіх укладаў гаспадарання; замест звычайных стыпендый і пенсій – падачкі да выбараў; замест сучаснай медыцыны і адукацыі – парады і лядовыя палацы. Нацыя вымірае. За 16 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася на 800 000 чалавек.

Беларусь называюць апошняй дыктатурай Еўропы. Мы апынуліся на ўзбочыне еўрапейскіх эканамічных і культурных працэсаў.

І самае галоўнае – беларусаў пазбавілі права выбіраць сваю ўладу, у краіне няма свабодных і сумленных выбараў.

Я хачу, каб Беларусь адрадзілася, і я ведаю, як гэта зрабіць.


Змена ўлады і палітычная рэформа

Краіне патрэбная змена ўлады на ўсіх узроўнях.

Пасля маёй перамогі будзе скліканы Канстытуцыйны сход, які зацвердзіць змены ў Канстытуцыю і верне рэальны падзел уладаў. Краіне неабходны незалежны Парламент і незалежны Суд.

Будзе зменены Выбарчы кодэкс, пройдуць свабодныя выбары дэпутатаў усіх узроўняў, кіраўнікоў гарадоў.

Судовая ўлада стане незалежнай, будзе гарантаваны прынцып роўнасці ўсіх перад законам.

Прэзідэнцкая форма кіравання будзе захаваная, але паўнамоцтвы прэзідэнта і тэрмін знаходжання ля пасады будуць абмежаваныя.

Падзел уладаў і выбарнасць кіраўнікоў дазволіць ажыццяўляць кантроль за ўладай з боку грамадства.


Новая індустрыялізацыя – заклад росквіту

Абяцаю правесці рэальную лібералізацыю эканомікі.

Адміністрацыйна-камандная сістэма зжыла сябе, вычарпаныя магчымасці эканамічнага росту, праедзеныя пакінутыя ад СССР асноўныя вытворчыя фонды.

У аснову новай эканамічнай палітыкі будзе пакладзена вызваленне прыватнай ініцыятывы і мадэрнізацыя эканомікі на аснове новай індустрыялізацыі. Яе мэта – эканамічны рост за кошт падвышэння прадукцыйнасці працы.

Дамагуся, каб дзяржава перастала дамінаваць у эканоміцы. Будзе праведзена раздзяржаўленне большасці прадпрыемстваў, праведзена справядлівая і празрыстая прыватызацыя.

Гарантую безумоўную абарону прыватнай уласнасці і развіццё вольнай канкурэнцыі.

Мы максімальна спросцім і аўтаматызуем адміністрацыйныя працэдуры, увядзём «электронны ўрад».

Для новага бізнесу будуць уведзеныя «падатковыя канікулы» на два гады. Беларусы змогуць займацца камерцыйнай дзейнасцю без рэгістрацыі – дастаткова апавясціць падатковыя органы і заплаціць прыбытковы падатак.

Доля прыватнага сектара ў ВУП на працягу трох гадоў будзе павялічана да 70%.

Мадэрнізацыя эканомікі будзе праведзена за кошт новай індустрыялізацыі і прыцягнення ў краіну сусветных брэндаў.

Новая індустрыялізацыя – гэта не толькі абнаўленне тэхналогій і абсталявання, але і выхад на сучасны ўзровень падзелу працы, рэструктурызацыя прамысловасці і «адгаліноўванне» ад буйных прадпрыемстваў вытворчасцяў кампанентаў, няпрофільных службаў, фармаванне кластараў вакол зборачных вытворчасцяў, уключэнне беларускіх прадпрыемстваў у ланцужкі сусветных кампаній.

За 5 гадоў прадукцыйнасць працы ў цэлым па эканоміцы дасягне сярэднееўрапейскага ўзроўня.

Працэс рэструктурызацыі і тэхналагічнага абнаўлення будзе адбывацца адначасова з працэсамі банкруцтва і прыватызацыі прадпрыемстваў.

Гарантую перадачу работнікам да 20% акцый прадпрыемстваў. З мэтай стымулявання менеджараў, абмежаваны пакет акцый можа быць перададзены ў якасці прэміі.

Адным з найважнейшых вынікаў рэструктурызацыі будзе з'яўленне малых і сярэдніх прадпрыемстваў і новага пласта ўласнікаў, сфармаванага з кіраванцаў прадпрыемстваў сярэдняга звяна.

Абяцаю: сродкі ад прыватызацыі пойдуць на рэалізацыю інфраструктурных праектаў, стварэнне пенсійнага фонда, стабілізацыю фінансавай сістэмы, мадэрнізацыю ЖКГ і энергетыкі.

Беларусь уступіць у СГА на працягу 2 гадоў. Будуць адмененыя ўвазныя пошліны на большасць тавараў, за выключэннем прадметаў раскошы. Будзе забяспечана абарона нацыянальных вытворцаў у пераходны перыяд.

Я і мая каманда правядзём бюджэтную рэформу. Так званы прэзідэнцкі фонд будзе ліквідаваны, а яго сродкі пойдуць на падвышэнне стыпендый, дапамогі па догляду за дзіцем і павелічэнне зарплат работнікаў сацыяльнай сферы.

У краіне будзе праведзена аграрная рэформа, асноўная мэта якой – даць магчымасць людзям ажыццяўляць гаспадаранне на зямлі на аснове ўсіх формаў уласнасці.

Частка земляў (30-40%) будзе зарэзерваваная для здацця ў арэнду ці продажу грамадзянам Беларусі для вядзення розных формаў гаспадарання на зямлі. Рэфармаваныя гаспадаркі, у якіх зямля падзелена на паі паміж работнікамі сельгаспрадпрыемства (уключаючы пенсіянераў), чысцяцца ад даўгоў і пачынаюць работу «з чыстага ліста».

Інтэграцыя ў ЕС дазволіць атрымаць мэтавыя сродкі на падтрымку сельгасвытворцаў.

Я правяду падатковую рэформу, якая скароціць колькасць падаткаў, зменшыць падатковую нагрузку на прадпрыемствы, спросціць працэс выплаты падаткаў.


Выбар Беларусі: Еўрапейскі Саюз і партнёрства з Расіяй

Наша мэта – уступленне ў Еўрасаюз. Сяброўства ў ЕС - гарантыя дабрабыту і росквіту, эканамічнага росту, правоў і свабод грамадзян, прадказальнасць знешняй і ўнутранай палітыкі.

Упэўнены, Беларусь зможа стаць паўнапраўным сябрам ЕС праз 5-7 гадоў. А цяпер трэба выкарыстоўваць усе выгоды праграмы «Усходняе партнёрства», якімі не здольная скарыстацца цяперашняя ўлада.

Я дамагуся адмены візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам хуткім часам.

Расія – не толькі наш вялікі сусед, але і галоўны саюзнік, надзейны партнёр. Стратэгічнае партнёрства з Расійскай Федэрацыяй адказвае нашым нацыянальным інтарэсам, служыць гарантыяй бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне.

Будзе рэалізаваны ўвесь патэнцыял адносін з Украінай.

Будзе створана рэгіянальная зона свабоднага гандлю з удзелам ЕС і Расіі.


Наша будучыня – нашы дзеці

Наша мэта – дзесяць мільёнаў грамадзян Беларусі ў 2015 годз
е.
Будзе рэалізавана дзяржаўная праграма «Беларуская сям'я», мэта якой – рашэнне дэмаграфічнай праблемы.

Кожная сям'я атрымае пры нараджэнні першага дзіця 1500 еўра, пачынаючы з другога – па 2500 еўра. Штомесячная дапамога па догляду за дзіцем складзе не менш за 75% сярэднямесячнага заробку аднаго з бацькоў, але не ніжэй за бюджэт пражыткавага мінімуму.

Я дамагуся зніжэння сабекошту будаўніцтва жылля, увядзення інстытута іпатэкі, стварэння роўных умоў доступу да крэдытавання, падавання льготных крэдытаў шматдзетным сем'ям.

Дзіцячыя садкі і школы павінны бачыць кожнае дзіця і клапаціцца пра яго. Дашкольныя і школьныя педагогі змогуць укараняць уласныя аўтарскія праграмы.

Абяцаю правесці рэформу сістэмы медыцынскага абслугоўвання. Медыцына застанецца бясплатнай, але будзе якаснай і даступнай. Таксама будзе створана сістэма страхавой медыцыны.

Маладыя людзі атрымаюць еўрапейскую адукацыю. Толькі маючы ўласных прафесіяналаў высокага ўзроўня, у супрацоўніцтве з Еўрапейскім Саюзам і Расіяй, мы зможам правесці мадэрнізацыю эканомікі.

Сістэма адукацыі краіны не можа развівацца ізалявана. Беларусь далучыцца да Балонскага працэсу.

Зарплаты выхавацеляў дашкольных устаноў, настаўнікаў і выкладчыкаў ВНУ на працягу 3-5 гадоў будуць даведзены да сярэднееўрапейскага ўзроўня.

Я адмяню прымусовае размеркаванне выпускнікоў.


Сацыяльнае партнёрства

Будзе адменена кабальная кантрактная сістэма. Прафсаюзы будуць аддзелены ад дзяржавы.

Мы пяройдзем ад дзяржаўнага патэрналізму да сацыяльнага партнёрства, выдаткі бізнесу на дабрачыннасць і сацыяльна значныя праекты не будуць абкладацца падаткамі.

Забяспечу сярэднееўрапейскі ўзровень пенсій. Бягучы пенсійны фонд будзе фармавацца за кошт прыбыткаў ад прыватызацыі і пераразмеркавання сродкаў ад высокапрыбытковых галін эканомікі. Назапашвальная пенсійная сістэма забяспечыць годны ўзровень пенсій у будучыні.

Узаемадзеянне навукі і бізнесу стане прыярытэтнай задачай дзяржавы.

Я вярну льготы на праезд дзецям, студэнтам і пенсіянерам.

Будуць забяспечаны еўрапейскія стандарты жыцця для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.


Чыстая Беларусь

Прыярытэт – выкарыстанне альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Будуць падтрыманы праекты, звязаныя з аднаўленнем загубленых балотных масіваў Палесся – лёгкіх Еўропы.

Беларусь далучыцца да Еўрапейскай ландшафтнай (Фларэнтыйскай) канвенцыі.

З улікам рэальнага радыеэкалагічнага становішча дзяржава забяспечыць эфектыўную супрацьрадыяцыйную абарону кожнага чалавека.

Будуць адноўлены сацыяльныя гарантыі людзям, пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы.


Нейтралітэт – гарантыя нацыянальнай бяспекі

Беларусь – нейтральная дзяржава. Нам не трэба ўступаць у НАТО ці іншую ваенную арганізацыю.

Тэрмін службы па прызыву – 1 год. Служба ў войску стане сапраўднай школай для маладога мужчыны, а не бясплатнай працай на падсобных работах. Адначасова будуць створаны вайсковыя падраздзяленні на прафесійнай аснове.

Міліцыя стане паліцыяй, якая зоймецца барацьбой са злачыннасцю, а не з іншадумствам. Яе колькасць будзе скарочана. Будуць дазволены прыватныя ахоўныя агенцтвы, створаны ўмовы для перападрыхтоўкі і змены прафесіі.


Гісторыя робіцца сёння!

Мы вернем нацыі самапавагу. Нашыя знакі – сцяг, герб, мова – павінны заняць належнае месца ў нашым жыцці.

Нам трэба памятаць не толькі пра сябе, але і пра нашых дзяцей, унукаў. Мы не маем права марнаваць свае і іх жыцці на існаванне пры дыктатуры. За сваю свабоду трэба змагацца! Лёс краіны сёння вырашаецца не на кухнях, а на Плошчы. Разам мы пераможам!
XS
SM
MD
LG