Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Эдвард Зайкоўскі


Эдвард Зайкоўскі.

Эдвард Зайкоўскі.

Нядаўна ў інтэрнэце агульную ўвагу прыцягнуў фотарэпартаж пра літоўскіх падпольшчыкаў савецкага часу. У сваім доме пад Коўнам яны выкапалі глыбокі падвал, зрабілі там друкарню і тыражавалі нелегальную літаратуру. Адбывалася тое трыццаць гадоў назад, а называўся рэпартаж “Як яны развальвалі Савецкі Саюз”. Большасьць камэнтатараў выказалі захапленьне ўчынкам падзьвіжнікаў – маўляў, паспалітыя людзі самі ўласнымі рукамі і розумам набліжалі вызваленьне сваёй Літвы з-пад чужое савецкае ўлады. Нехта пракамэнтаваў так: ну і што, ці задаволеныя яны ўладай цяперашняй? І атрымаў адказ: затое цяпер можам жыць бяз пошуку ворагаў.




Магчыма, гэта самае галоўнае, што адбылося ў Літве пасьля развалу СССР, -- перасталі шукаць ворагаў. Не эканамічныя паказчыкі, ня тое, якую абралі сабе ўладу, добрую ці дрэнную, нават ня ўзровень жыцьця, а гэта -- самы галоўны набытак. Калі ў краіне выяўляюць ворагаў, значыць, ворагам пры пэўным зьбегу абставінаў можа аказацца кожны, і значыць, у кожным сядзіць страх.

У Беларусі, на жаль, у гэтым сэнсе нічога не зьмянілася праз трыццаць гадоў. Прыгажэюць нашы гарады і вёскі, народ любіць сваю ўладу, растуць эканамічныя паказчыкі і ўзровень жыцьця. Але тэлевізар кожны дзень
Страх – зыбучы пясок. І які б дабрабыт ні будаваўся на ім, будынак можа абрынуцца ў кожную хвіліну.
расказвае пра “ворагаў народа” і нікуды не падзеўся страх. Можа быць, так і трэба, каб жыць было лепей і весялей? Гістарычны досьвед нікога ня вучыць. Страх – гэта зыбучы пясок. І які б дабрабыт, які б эканамічны цуд ні будаваўся на ім, будынак можа абрынуцца ў кожную хвіліну. Як некалі раптоўна абрынуўся Савецкі Саюз. І зноў будуць плакальшчыкі, толькі ўжо па “сільнай і квітнеючай РБ”...

ПАРАЛЕЛІ


Прыклад літоўскіх падпольшчыкаў шмат у чым падаўся мне знаёмым. У канцы 1970-х у нас таксама свой самвыдавецкі часопіс “Аб усім, што баліць” выпускаў Мікола Ермаловіч. У 1979-м мы зь Вінцуком Вячоркам і Сержуком Сокалавым выдавалі свой “Люстра дзён”. У 1980-м стварылася Беларуская Майстроўня, якая ня толькі ладзіла масавыя сьвяты, але й капала. Гэта быў той выпадак, калі археалёгія, што называецца, пайшла ў народ. Літоўцы капалі дол пад друкарню, а майстроўцы выкапвалі зь зямлі сваю забытую беларускую гісторыю. Усё адбывалася паралельна. Няма ніякіх падставаў выстаўляць літоўцаў нейкімі асаблівымі нацыяналістамі й антысаветчыкамі, а беларусаў – неразумнымі й паслухмянымі авечкамі.

Мабыць, найбольш прыахвоціў Майстроўню да адкапваньня гістарычнае праўды – у простым сэнсе -- археоляг Эдвард Зайкоўскі.

Эдвард: “Усё адбывалася паступова. Я патрапіў... гэта недзе вясной 1981 году... на філфак ва ўнівэрсытэце. Яны ставілі “Цара Максіміляна”. Добра ўжо ня памятаю, ці то я афішу ўбачыў ці нехта са знаёмых сказаў, але неяк даведаўся. І вось я схадзіў паглядзеў. Я па сваёй ініцыятыве пайшоў, але майстроўцамі былі запрошаны яшчэ Георгі Колас і Ўладзімер Караткевіч на гэтую пастаноўку”.

Гледачы на прэм’еры “Цара Максіміляна”, 1981 год. Эдвард другі зьлева.

Дубавец: Напэўна, кола запрошаных было шырэйшае. Прынамсі на здымках залі ў часе прэм’еры можна пабачыць Васіля Сёмуху, Алеся Разанава, і гэта, відаць, з запрошаных ня ўсе.

Эдвард: “Пастаноўка, канечне, была арыгінальная на той час. Можа, яна была непрафэсійная, але ж нічога казённага там не было. Жывы дух, што называецца, быў”.

ЗВЫЧАЙНЫЯ ЛЮДЗІ


Дубавец: Па сутнасьці, “Цар” ставіўся як аўтэнтычны. Мы ведалі, што некалі народную драму выконвалі проста ў вёсках звычайныя людзі. І мы імкнуліся
Мы імкнуліся быць звычайнымі людзьмі, але звычайнымі не як цяпер, а як тады, калі яшчэ ня страцілі традыцыі.
быць звычайнымі людзьмі, але звычайнымі не як цяпер, а як тады, калі яшчэ ня страцілі традыцыі, былі ўлучаныя і ў прыроду і ў сваю народную культуру. З Майстроўні выйшла шмат прафэсійных творцаў, але гэта ня значыць, што ў аб’яднаньні панаваў элітарны дух. Якраз не. Там панаваў культ зусім сабе звычайнага, але нармальнага паўнавартаснага беларускага чалавека, якім ён мусіў быць побач з палякам або літоўцам. Не адзінка насельніцтва, а прадстаўнік свае нацыі. Звычайны чалавек – які жыве ў згодзе са звычаем, ведае, скуль і ад каго ён такі паходзіць, неабыякавы да культуры, годны, чалавек паспаліты. Парадокс сытуацыі быў у тым, што ў савецкім кантэксьце слова “звычайны” мела сэнс “абыклы”, абы які сабе, ніякі. І майстроўскі “звычайны” чалавек на гэтым тле міжволі выглядаў ледзьве не элітарна. Чаму многія майстроўцы і кажуць пра пачуцьцё абранасьці, якое наведвала іх у тыя часы. Што да “Цара Максіміляна”, дык мы імкнуліся граць яго не тэатральна, а натуральна для народнай драмы – звычайна, паспаліта, як гэта рабілі продкі.

Напачатку перадачы я ўжо распавёў пра літоўскіх падпольшчыкаў, учынак якіх матывуецца не пасадаю або пакліканьнем, а гэтай самай звычайнасьцю ратаваць сваю краіну, сваю нацыю і сваю мову. Хіба гэта -- не звычайнае дзеяньне?

Эдвард: “Ну і вось тады я ўпершыню пабачыў майстроўцаў. Некаторых нават запомніў з таго часу.

Напэўна, першым запомніўся Вінцук. Магчыма таму, што на філфаку я адначасова ягоны здымак убачыў на дошцы гонару... У бібліятэцы, бывала, сустракаў, цяперашняй нацыянальнай.

Ну і ня памятаю, да таго ці пасьля таго былі Каляды ў Заслаўі, таксама з удзелам майстроўцаў. І я туды езьдзіў глядзець. Толькі глядзець, таму што ўласна майстроўцам я стаў з восені 1983 году. Калі ўжо Майстроўня фактычна апошні год існавала.

Гуканьне вясны ў Менску, Купалаўскі парк, 1983 год. Эдвард на першым пляне.

Зьявілася магчымасьць сустракацца з такімі цікавымі людзьмі якімі былі майстроўцы, удзельнічаць у розных імпрэзах. Калі Майстроўня зьбіралася ў Палацы прафсаюзаў, то хто-небудзь з рэфэратам выступаў ці з саміх майстроўцаў ці з запрошаных людзей. Развучвалі аўтэнтычныя народныя песьні. Хоць я асаблівых сьпеўных талентаў, на жаль, ня маю, але трохі навучыўся.

КАПАЦЬ!


Дубавец: У Майстроўні сабраліся прагныя да ведаў людзі. Пра Беларусь было цікава літаральна ўсё. Пасьля таго, як школа і прапаганда ставілі на гэтай тэме тлусты крыж, неадказанымі заставаліся галоўныя пытаньні самаідэнтыфікацыі. Мы беларусы, але што гэта значыць? Большасьці насельніцтва адводзілася роля жыць у няведаньні адказаў. Маўляў, вы савецкія людзі, і гэтага дастаткова. Але археалёгія тады яшчэ не займалася савецкімі людзьмі, яна займалася паходжаньнем беларусаў.

Эдвард: “У Майстроўні пабачыў цікавых людзей, таму й далучыўся да Майстроўні, што бачыў – гэта іншае кола, у якім лягчэй знаходзіш разуменьне, дзе цікавяцца той жа гісторыяй Беларусі, якую я распрацоўваў. Ну няхай не гісторыю, а археалёгію, але тут, у самім інстытуце часамі наведвалі думкі, што працуеш-працуеш, а гэтым з народа ніхто практычна не цікавіцца. А тут упершыню сустрэў кола людзей, якім гэта ўсё было патрэбна”.

Дубавец: На той час Эдвард працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук і выпраўляўся ў археалягічныя экспэдыцыі. Звычайна для раскопак набіраюцца “рабочыя рукі” – школьнікі або студэнты. У Майстроўні дасьціпны Эдвард знайшоў ня толькі паразуменьне, але і гэтыя самыя рукі.

Эдвард Зайкоўскі падчас раскопак у майстроўскія часы. Пачатак 80-х.

Эдвард: “У нейкай меры гэта сапраўды так. Амаль праз год пасьля гэтага, летам 1984 году некалькі ўдзельнікаў Майстроўні пагадзіліся працаваць са мной на раскопках у Дзісьне. У гэтым мая эксплуататарская сутнасьць праглядае...

На раскопках у Дзісьне. 1984 год. Югася Волкава, Алена Клімовіч, Марына Лычкоўская.

Яны ня толькі ў мяне на раскопках працавалі. Значна больш майстроўцаў былі на раскопках Мірскага замку, калі там Алег Трусаў і Ігар Чарняўскі раскопкі праводзілі.

Годам пазьней пасьля гэтага здымка браў Зьмітра Саўку на раскопкі. Праўда, яго аднаго. Больш з Майстроўні ў той час ніхто ня змог паехаць. Ну а празь які год ужо й Талака зьявілася. Талакоўцы дык яшчэ часьцей на раскопкі да мяне езьдзілі. Асабліва калі я тут недалёка ад Менску Дзявочую гару раскопваў”.

Дубавец: Эдвардавы раскопкі ніколі не выглядалі на акадэмічную нудоту, а заўсёды ператвараліся ў прыгоду ці авантуру. У тыя часы мы ўпершыню прачыталі аповесьць Вацлава Ластоўскага “Лябірынты” – пра тое, што пад Беларусьсю існуе вечнае падземнае жыцьцё. І туды ёсьць некалькі ўваходаў – у Полацку, у Скрыгалаве на Палесьсі і на востраве Богінскага возера на Браслаўшчыне.

Аднойчы Эдвард паклікаў мяне капаць гэты самы востраў. У яго былі зьвесткі, што там, апрача ўсяго іншага, павінен быць каменны стод са
Ён ляжаў плоскім бокам дагары, а тая частка, што сыходзіла ў зямлю, адразу нагадала мне стодаў з вострава Пасхі.
скрыжаванымі на грудзях рукамі. Удвох мы заехалі туды, хвілін сорак даграбалі ад берага да вострава. Там узышлі на высокі, парослы лесам узгорак і ўбачылі велізарны камень. Ён ляжаў плоскім бокам дагары, а тая частка, што сыходзіла ў зямлю, адразу нагадала мне стодаў з вострава Пасхі. Крануць глыбіну зь месца мы не маглі, заставалася толькі падкапацца. І мы пачалі абкапваць камень. Маё ўяўленьне з кожным рухам разыгрывалася ўсё мацней. Пачалася неверагодная зьліва. Яна ўрэшце й прагнала нас з вострава. Я застаўся ў перакананьні, што трэба некалі абавязкова вярнуцца сюды і давершыць справу.

Вярнуцца выпала гадоў празь дзесяць, у сярэдзіне 1990-х. Але каменя на востраве ўжо не было.

ПАХОДЖАНЬНЕ


Мне здаецца, што большасьць Эдвардавых экспэдыцыяў дакапвалася калі не да знаходак і адказаў, дык да прыгодаў і новых таямніц. І сам лёс ягоны часам нагадвае авантурную экспэдыцыю. У Майстроўні Эдвард быў старэйшым за большасьць удзельнікаў. Але розьніцы ва ўзросьце для майстроўцаў не йснавала.

Майстроўская вечарына ў Палацы прафсаюзаў. Эдвард пяты справа.

Эдвард: “Там сябе сваім і Пётра Садоўскі адчуваў. Хоць ён быў значна старэйшым і за мяне”.

Дубавец: Эдвард паходзіць з-пад Ракава, зь вёскі Дубашы, гэта ўжо Заходняя Беларусь. Маці і бацька простыя сяляне. Сястра Фэля скончыла філфак, стала настаўніцай і працавала завучам Ракаўскай школы. Як вядома, беларусамі або нараджаюцца і неяк умудраюцца захавацца, або становяцца. Эдвард з тых, хто захаваўся, але калі ён упершыню пра гэта падумаў, ня памятае. Кажа, што і ўплыву сястры ў тым не было.

Эдвард: “Пачну з таго, што яшчэ калі я паступаў ва ўнівэрсытэт у 1970-м годзе, то іспыты здаваў па-беларуску, гэтаксама як мову і літаратуру, так і гісторыю. Ну праўда тады першыя пару гадоў гэтую маю беларускасьць не было каму падтрымаць, толькі эпізадычна з нашага курсу хто-ніхто мог трошкі паразмаўляць па-беларуску. Але на трэцім курсе ўжо сьвядома пачало афармляцца такое беларускае кола. Дзякуючы таму, што ў інтэрнаце ў адным пакоі апынуліся я, вядомы цяпер пісьменьнік Уладзімер Арлоў, Юрась Бандаровіч, які працуе настаўнікам, нябожчык Генадзь Кулажанка і іншыя.

Пасьля школы я дастаткова добра валодаў расейскай мовай, мог з такім жа посьпехам здаваць і па-расейску. Але неяк унутраны голас падказаў, што лепш па-беларуску”.

Дубавец: Павароты ўласнай біяграфіі ў Эдварда часта выглядаюць амаль містычна, хоць найчасьцей знаходзяцца і зусім яўныя таму прычыны. Як, да прыкладу, абарона кандыдацкай дысэртацыі ў сярэдзіне 1980-х, што адбылася ў Вільні. Чаму ў Вільні?

ВІЛЬНЯ


Эдвард: “Ну, неяк мяне пацягнула. Хаця тады ў нас у Менску рады для абароны па археалёгіі сваёй не было. Бліжэйшая была ў Вільні. У яе ўваходзіў і наш тагачасны загадчык аддзела Леанід Давыдавіч Побаль. Там былі два свае доктары навук, а ён трэці быў. Для самастойнай рады патрэбныя былі тры доктары навук, якіх у нас у Менску яшчэ не было”.

Сустрэча пасьля абароны дысэртацыі ў Вільні. 1985 год. Эдвард, Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцук Вячорка, Лявон Луцкевіч.

Дубавец: Эдвард адправіўся ў Вільню – сапраўдную Мэку для майстроўцаў. Вільня тады была зусім блізка – не за мяжою, ніякіх табе віз, зь Менску дзьве-тры гадзіны язды і квіток каштаваў прыймальна для студэнцкай кішэні. Ня дзіва што новасьпечанага кандыдата навук у Вільні сустрэла грамада сяброў. Што зараз жа было адзначана агульным фотаздымкам.

У гасьцях у Зоські Верас. 1985 год. Стаяць Генадзь Сагановіч і Лявон Луцкевіч. Сядзяць Эдвард, Зоська Верас, Сяржук Сокалаў-Воюш.
Эдвард: “Гэты фотаздымак зроблены празь некалькі дзён пасьля маёй абароны кандыдацкай дысэртацыі. Ну і праз пару дзён прыехалі некалькі чалавек: Вінцук Вячорка, Генадзь Сагановіч, Сяржук Сокалаў-Воюш... Часткова – паглядзець Вільню, часткова меліся нешта накшталт невялічкага суботніка зрабіць. Адведалі Зоську Верас – тут мы зь ёй сфатаграфаваўшыся разам, пахадзілі па мясьцінах знакамітых Вільні”.

Дубавец: Сустрэча з Зоськай Верас і яе зяцем Лявонам Луцкевічам была абавязковай у праграме беларускіх паломнікаў зь Менску. Зь дзядзькам Лявонам гаварылі пра ўсё на сьвеце, у тым ліку і пра палітыку. Зоська Верас ня чула, таму пытаньні ёй пісалі ў адмысловым сшытку і пасьля слухалі яе ўспаміны.

Эдвард: “Было вельмі цікава ўбачыць такога аксакала, які яшчэ нашаніўскія часы памятаў. Купалу памятала, Максіма Багдановіча. Пра ўсё гэта зь цікавасьцю распавядала. Нягледзячы на свой больш чым салідны ўзрост – ёй ужо тады пад сто гадоў было. Яна вельмі шмат памятала фактаў, галоўнае было яе разгаварыць. І потым яна магла распавядаць некалькі гадзін. Аж пакуль дачка не паказвала ёй на гадзіньнік, што заўтра трэба ўставаць і таму пара класьціся спаць.

Яна ж недзе, напэўна, з даваенных часоў глухая была. А перш за ўсё зьдзіўляла яе памяць. Калі я нейкае сваё пытаньне праз пэўны час паўтарыў, дык яна адказала: вы гэта пыталіся ўжо мінулы раз. Што мяне вельмі зьдзівіла. Таму што многія старыя людзі ня памятаюць літаральна што было ўчора, а тут яна памятала, што я запытаўся месяц ці колькі назад”.

Дубавец: Аднак, археалягічнымі экспэдыцыямі і паездкамі ў Вільню майстроўскія вандроўкі ці, як іх яшчэ называлі, выцечкі не абмяжоўваліся.

ВЫЦЕЧКАКІР


Эдвард: “Адна мая знаёмая пераклала слова экскурсавод – выцечкакір”.

Дубавец: Згадваецца, між іншым, падарожжа 1983 году ў Люцінку, Ракаў і Івенец, дзе майстроўцы пазнаёміліся са славутым народным мастаком, разьбяром па дрэве Апалінарам Пупкам.

Эдвард: “Я ўжо не скажу дакладную храналёгію. Вандроўку арганізоўваў Язэп Янушкевіч, але значную частку ўдзельнікаў склалі майстроўцы. І я там па некаторых мясьцінах быў гідам. Пра Ракаў распавядаў, пра Івянец.

Вандроўка ў Люцінку, Ракаў, Івенец. Лета 1983 году. Стаяць Вінцук Вячорка, Алесь Суша, Мікола Сасноўскі, Сяргей Мурашка, Аліна Садоўская, Сяргей Шупа. Сядзіць Пётра Садоўскі.

Гэта была ініцыятыва Язэпа Янушкевіча. Таму што я да гэтага з Апалінарам Пупкам сам ня быў знаёмы.

Ён больш распавядаў агульнавядомае, што і ў раённай прэсе ў свой час было. Як у яго на кватэры жыў Міхаіл Фрунзэ. Тады пра польскія часы. Ну і потым даў магчымасьць сфатаграфаваць свае самыя цікавыя працы. У прыватнасьці, драўляную выяву Пагоні і драўляны барэльеф Дуніна-Марцінкевіча.

Ну, падсьвядома я разумеў, што гэта мае або прынамсі калісьці будзе мець каштоўнасьць. Але ў тыя часы яшчэ быў малады, энэргічны, таму шмат фатаграфаваў. Цяпер ужо ня тая энэргія”.

Дубавец: Цяпер Эдвард стаў меней выяжджаць у экспэдыцыі і самапрэзэнтуецца наступным чынам.

Эдвард: “Археоляг са шматгадовым стажам. Апошнія гады, на жаль, па шэрагу прычын, у тым ліку і па стану здароўя, мала капаю. Хаця трошкі ў экспэдыцыі ежджу – абсьледаваць помнікі. Заўсёды стараюся моладзь далучаць да гэтай справы. Таму што яны пакуль капаюць адзін дзень ці некалькі дзён ці месяц, хочаш ня хочаш, а яны цікавяцца, што гэта за знаходкі, якога часу, хто гэтымі рэчамі карыстаўся, які народ тады тут жыў”.

Дубавец: Усьвядоміць сябе беларусамі – што гэта значыць? -- цяперашняй моладзі не нашмат прасьцей, чым было нам трыццаць гадоў таму. Адносіны дзяржавы, працоўнага ці студэнцкага калектыву і сям’і да гэтай справы не зьмяніліся.

Эдвард: “Сястра і мама дык праяўлялі пэўную цікавасьць, калі я ім распавядаў пра Майстроўню, што вось такая цікавая моладзь, аказваецца, ёсьць у сталіцы. А на працы – па-рознаму. Некаторыя трошкі з іроніяй, некаторыя зь цікавасьцю. Іронія такога шавіністычнага кшталту”.

Дубавец: Трэба сказаць, што нямала было і аднадумцаў і ў прафэсіі і ўвогуле ў гуманістычнай сфэры.

Эдвард: “Тады, у сярэдзіне 1980-х гадоў, Міхась Чарняўскі, Мікола Купава, таксама некаторыя з Маладэчна пэрыядычна ладзілі суботнікі ў Плябані, дзе незадоўга перад тым Міхась Чарняўскі знайшоў магілу паўстанцаў Кастуся Каліноўскага. Дзе быў пахаваны Юліян Бакшанскі і яго таварышы, якія ў тых мясьцінах загінулі”.

Дубавец: У тым суботніку ўдзельнічала шмат майстроўцаў – пра што дапамагаюць успомніць старыя здымкі.

Майстроўцы пасьля суботніка ў Плябані.

Эдвард: “Там іх досыць шмат апынулася тады. І ранейшае кола было, тых, хто суботнікі праводзіў. Таксама Зьніч, памятаю, туды патрапіў. Алесь Разанаў таксама ўдзельнічаў”.

Дубавец: З тых часоў мінула трыццаць гадоў. Ва ўсіх, пра каго згадвае Эдвард былі ў жыцьці і ўзьлёты і ня ўзьлёты. Зьмяняліся абставіны і атачэньне. Розны быў таксама настрой і розныя меркаваньні. Але ўсе яны за гэтыя трыццаць гадоў нязьменна заставаліся і засталіся тымі звычайнымі ці звычаёвымі людзьмі, якімі былі ці сталі ў першую хвалю нацыянальнага адраджэньня. Аднойчы напоўненыя сэнсам словы ўжо не становяцца пустымі. І гэта майстроўцаў па-ранейшаму яднае.

Эдвард: “Зь некаторымі па-ранейшаму сувязі падтрымліваю. Засталіся сувязі з тым жа Вінцуком. Значна радзей бачу Алеся Сушу, але таксама падтрымліваю кантакты. Раней часта сустракаў Міколу Сасноўскага. Пэрыядычна бачуся зь Югасяй Волкавай...”

Дубавец: З маім ці то спакусьлівым ці то правакацыйным вызначэньнем Майстроўні як цуду Эдвард пагаджаецца. А ягонае меркаваньне, паверце, значыць шмат.

Эдвард: “Бадай што цуд, таму што пасьля таго застою ў нацыянальным жыцьці, які цягнуўся колькі дзесяцігодзьдзяў, гэта сапраўды цуд, што сярод моладзі паўстала такая грамадзкая плынь”.

УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”

Сувязь з аўтарам праз dubaviecs@gmail.com.
XS
SM
MD
LG