Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рымашэўскаму і Статкевічу рыхтуюць новыя папярэджаньні


30 лістапада ў Менску пройдзе чарговае паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіі. На ім, як паведамляе афіцыйны сайт Цэнтравыбаркаму, будуць абмеркаваныя "пытаньні падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь". Што стаіць за гэтым канцылярскім выразам?

У размове са "Свабодай" старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына распавяла, з чаго пачнецца паседжаньне:

"Па-першае, гэта парушэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты Рымашэўскім і Статкевічам парадку правядзеньня перадвыбарчай агітацыі ў сувязі з падзеямі на Кастрычніцкай плошчы".

Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч падчас сваіх выступаў як кандыдаты ў прэзыдэнты ў дзяржаўным эфіры заклікалі выбарцаў прыйсьці на сустрэчу зь імі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы 24 лістапада. Генэральная пракуратура краіны адразу вынесла абодвум прэтэндэнтам афіцыйнае папярэджаньне.

Спадарыня Ярмошына лічыць, што гэтага, аднак, недастаткова. Маўляў, кандыдаты не прыслухаліся да голасу пракуратуры і ўвечары 24-га лістапада акцыю правялі. Цяпер на іх трэба ўзьдзейнічаць і Цэнтравыбаркаму.

ЦВК зьбіраецца вынесьці і Рымашэўскаму, і Статкевічу афіцыйнае папярэджаньне. А гэта азначае, што калі хтосьці зь іх зробіць далей нават нязначнае парушэньне, яго рэгістрацыю адменяць.

Мікола Статкевіч лічыць: сваім папярэджаньнем ЦВК хоча запалохаць выбарцаў:

"Гэта больш імкнуцца запалохаць не мяне, бо, мабыць, ужо даўно зразумела ім, што мяне не запалохаць, а выбарцаў. Паводле дзейнага заканадаўства, мяне могуць без папярэджаньня зьняць з выбараў за тры рэчы. Першая — заклік да расавай, міжнацыянальнай, сацыяльнай варажнечы і непасрэдныя абразы дзяржаўных устаноў. Другая — перавышэньне расходаў у сваім перадвыбарчым фондзе на больш за 50 базавых велічыняў. І трэцяя — за скарыстаньне свайго службовага становішча ў мэтах выбарчай агітацыі. Усё! Але ні пад аніводзін з гэтых пунктаў я не падыходжу".

Віталя Рымашэўскага на паседжаньні Цэнтравыбаркаму 30-га лістапада ня будзе. Учора ўвечары ён патлумачыў "Свабодзе":

"Мяне ня будзе на паседжаньні, бо я лячу ў Брусэль. Гэтая паездка была заплянаваная ўжо даўно. У прынцыпе я перакананы, што рашэньне ЦВК ужо прынятае загадзя. І я лічу, што ЦВК ня дзейнічае ў гэтай сытуацыі законна.

Мая адсутнасьць ня ёсьць непавагай да людзей, якія працуюць у Цэнтральнай выбарчай камісіі. Але паўтаруся: паездка ў Брусэль была заплянаваная даўно, і я ня бачу падстаў яе пераносіць".

А што яшчэ зьбіраюцца абмяркоўваць сёньня на паседжаньні ЦВК? Лідзія Ярмошына ўдакладняе:

"Разгледзім некалькі пастановаў, якія патрэбныя для далейшага правядзеньня кампаніі. Гэта, напрыклад, выкарыстаньне іншых дакумэнтаў, акрамя пашпарту, пры атрыманьні выбарчага бюлетэня; пра колькасьць бюлетэняў, якія будзе заказваць Цэнтральная камісія ў друкарні. І яшчэ ёсьць калектыўны зварот шэрагу кандыдатаў, якія просяць, каб Цэнтральная камісія ўсталявала дадатковыя меры аховы скрыняў для галасаваньня".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG