Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэінкарнацыя фэсту андэграўнднай культуры "НЕфармат"


Адзін са зборнікаў "Бум-бам-літу".

Адзін са зборнікаў "Бум-бам-літу".

30 лістапада ў сталічным "R-Club"е пройдзе пяцігадзіннае шоў, якое мае на мэце адрадзіць папулярны пры канцы 90-х фэстываль альтэрнатыўнай культуры "НЕфармат". Адраджэньне прымеркаванае да пятнаццатай гадавіны авангарднага беларускага літаратурнага руху "Бум-Бам-Літ" (1995—1999).

Адзін з ініцыятараў рэінкарнацыі "НЕфармату", паэт і выдавец Зьміцер Вішнёў лічыць, што ў беларускай культуры зноў назіраецца ўсплёск цікавасьці да творчых экспэрымэнтаў у розных жанрах — таго, чым у свой час гучна заявіў пра сябе "Бум-Бам-Літ", чытаючы, да прыкладу, вершы жывёлам ці засноўваючы беларускую калёнію ў Афрыцы.

"Гэта якраз згадкі пра "Бум-Бам-Літ", згадкі пра фэст, які ў свой час быў нечым новым для Беларусі. Яго ўдзельнікі аб’ядноўвалі ў адну праграму пэрформансы, музыку і літаратуру. На той час падобнага кшталту мерапрыемстваў у Беларусі не было".

Адраджаць добра забытае будуць удзельнікі тых фэстаў і новыя андэграўндныя пэрсоны — паэты Арцём Кавалеўскі і Віктар Жыбуль, Вольга Гапеева і Серж Мінскевіч, Ярыла Пшанічны і Алесь Туровіч, Вера Бурлак і Зьміцер Вішнёў.

Музычныя эфэкты забясьпечаць выканаўцы і гурты "Князь Мышкін" і "Buben", Алекс Кустаў і "Art-project"… У праграме таксама экзыстэнцыйная кляўнада Тэатру псыхічнае неўраўнаважанасьці і пэрформанс Юрася Барысевіча, прэзэнтацыя кнігі трансгрэсіўнай прозы Ільлі Сіна "Тэатральныя дэманы" і паэтычнай кнігі Адама Глобуса "Новае неба".

Імпрэза, разьлічаная на ўвесь апошні восеньскі вечар, распачынаецца ў "R-Club" а 18-й.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG