Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў паўтарыў выступ тыднёвай даўніны, Лукашэнка зноў не прыйшоў


Сёньня ў эфіры беларускага радыё прагучаў другі выступ кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Паводле жэрабя сёньня ж на радыё меўся адбыцца другі выступ у якасьці кандыдата дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Але ён сёньня, як і на мінулым тыдні, на радыё не зьявіўся.

Асноўныя палажэньне другога выступу Някляева мы абмяркоўваем з нашым аглядальнікам Валерам Карбалевічам.

Абламейка: Чаму, на вашу думку, Лукашэнка не выкарыстоўвае адпушчаны яму час як кандыдату ў прэзыдэнты на радыё і тэлебачаньні? Гэта частка перадвыбарчай стратэгіі або пагарда да іншых кандыдатаў, зь якім побач ён і стаяць ня хоча? Не забудзем, што ён і ня сам здаваў дакумэнты на рэгістрацыю, і ня сам атрымліваў пасьведчаньне кандыдата.

Карбалевіч: Пагарда да іншых кандыдатаў – гэта і ёсьць частка стратэгі. Лукашэнка хоча паказаць, што ён ня ўдзельнічае ў гэтай гульні, гэтым шоў, гэтым балагане. Ён хоча давесьці да грамадзтва думку, што выбары несапраўдныя, несур'ёзныя, што ўсім вядома, хто стане прэзыдэнтам пасьля. Таму ў гэтыя гульні ён ня грае, ён кіруе краінай, ён займаецца справай, і таму адмаўляецца ўдзельнічаць у гэтых дэбатах і ўсім, што зьвязана з выбарамі.



Абламейка:
Ці былі хоць нейкія адрозьненьні ў прамове Някляева ад яго першага выступу?

Карбалевіч:
Уся праблема ў тым, што Някляеў цалкам паўтарыў свой выступ нядзельнай даўнасьці. Гэта ўжо ня першы выпадак, калі альтэрнатыўныя кандыдаты робяць дубль. На мой погляд, гэта памылка. Таму што дзяржаўныя мэдыі ўжо кпяць з апазыцыйных кандыдатаў, маўляў, ім няма чаго сказаць – раней яны крычалі, што іх не пускаюць у дзяржаўныя мэдыі, а вось пусьцілі, і яны паўтараюць адно і тое ж.

Калі казаць пра зьмест выступу Някляева, то гаварыў ён простымі зразумелымі словамі, на зразумелай мове. Гаварыў найперш пра сацыяльныя праблемы, пра хібы, якія маюцца ў краіне ў сфэры аховы здароўя, у сфэры дэмаграфіі, пэнсіяў, чарнобыльскіх наступстваў, эканоміцы. Закрануў трохі і палітычную сыстэму, якую прапанаваў рэфармаваць, зьмяніць.

Частка прамовы была прысьвечана дачыненьням з Расеяй. Някляеў крытыкаваў Лукашэнку за канфлікт з Расеяй, казаў пра тое, што моцны саюз патрэбны найперш з Расеяй, а не з Эўразьвязам, нават, калі той абяцае 3 мільярды эўра. Мне здаецца, што акцэнт на дачыненьнях з Расеяй быў даволі важным у прамове.

Гаварыў Някляеў упэўнена, добра трымаў увагу аўдыторыі, выглядаў добрым прамоўцам, гаварыў як прафэсійны актор. І як заўжды закончыў вершаваным рэфрэнам "Я прыйшоў, каб вы перамаглі"

Абламейка: Дзякуй, Валер. А я яшчэ дадам, што перад выступам Някляева па радыё прагучаў даволі вялікі выступ іншага паэта – Навума Гальпяровіча, які не шкадаваў эпітэтаў, каб расхваліць цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, яе росквіт і заможнасьць. Гальпяровіч казаў, што раней езьдзіў у Рыгу, каб паглядзець на Эўропу, а цяпер, калі нехта хоча ўбачыць Эўропу, то павінен прыехаць у Менск. І скончыў свой выступ Гальпяровіч вершам, як і Някляеў. А пасьля выступу Някляева адразу прагучаў камэнтар афіцыйнага аглядальніка з крытыкай на адрас выступаў і дзеяньняў апазыцыйных кандыдатаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG