Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт прапанаваў рэзалюцыю, у якой беларускія ўлады заклікаюцца правесьці свабодныя і справядлівыя выбары 19 сьнежня, а таксама выказваецца падтрымка жаданьню беларускага народу мець дэмакратычны ўрад, які б паважаў правы чалавека і вяршэнства закону.

Рэзалюцыя была прадстаўленая на разгляд камітэтут ў замежных справах 16 лістапада. Пакуль невядомыя дакладныя тэрміны, калі Кангрэс разгледзіць гэтую рэзалюцыю.

Рэзалюцыя заклікае ўрад Беларусі правесьці выбары ў адпаведнасьці са сваімі абавязаньнямі перад АБСЭ, у тым ліку паважаць дэмакратычныя свабоды, дазволіць усім удзельнікам выбарчай кампаніі свабодна праводзіць агітацыю, забясьпечыць сумленнасьць датэрміновага галасаваньня і гарантаваць адкрыты і празрысты падлік галасоў.

У рэзалюцыі таксама адзначаецца, што ў нацыянальных інтарэсах ЗША тое, каб Беларусь заставалася незалежнай дзяржавай і зрабілася больш дэмакратычнай, інтэграванай у эўрапейскую сям'ю народаў і глябальную супольнасьць, і каб у ёй паважаліся правы чалавека і вяршэнства закону.

Нарэшце, у рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што калі Беларусь прадэманструе прагрэс ў сфэры дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону, то ЗША застаюцца адкрытымі для перагляду сваёй палітыкі датычна Беларусі.

Што тычыцца цяперашняй сытуацыі ў Беларусі, дык у рэзалюцыі гаворыцца пра фальсыфікацыі ранейшых выбараў, пра злоўжываньні ўладай з боку Аляксандра Лукашэнкі, парушэньні правоў чалавека, непавагу да свабоды слова, сходаў, асацыяцыяў і рэлігіі, пра перасьлед апазыцыі, недзяржаўных арганізацыяў і незалежных мэдыяў, а таксама пра датычнасьць высокіх службовых асобаў да зьнікненьняў апанэнтаў беларускай ўлады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG