Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавая служба пра зьбеглага салдата: “Гэта ня ўцёкі, а самаволка”


Працягваюцца пошукі вайскоўца брыгады спэцназу ўнутраных войскаў, які пакінуў часьць яшчэ 22 лістапада.

Толькі пасьля тыдня пошукаў кіраўніцтва ўнутраных войск МУС паведаміла прозьвішча вайскоўца: гэта Мікіта Касьцюковіч, які год таму прызываўся на службу Полацкім гарадзкім вайсковым камісарыятам. Паводле кіраўніка прэсавай службы ўнутраных войск Сяргея Кабаковіча, учынак ваеннаслужачага дагэтуль уцёкамі не завецца.

«Гэта называецца самавольнае пакіданьне разьмяшчэньня вайсковай часьці. Ня ўцёкі ці яшчэ неяк. Зараз вядзецца комплекс мерапрыемстваў па пошуку вайскоўца. Яўных фактаў ці матываў, паводле якіх вайсковец пакінуў часьць, на дадзены момант ня знойдзена. Радавы адслужыў амаль год, камандаваньне характарызуе яго станоўча, па факце пракуратура вядзе разгляд».

Паводле Сяргея Кабаковіча, зброі радавы з часьці ня вынес, але частку ён пакінуў сьвядома, паколькі ўзяў з сабой цывільную вопратку. «У звальненьне Касьцюковіча ніхто не адпускаў», — кажа кіраўнік прэсавай службы ўнутраных войскаў Сяргей Кабаковіч.

Брыгада спэцназу ўнутраных войскаў, альбо вайсковая часьць № 3214, знаходзіцца на ўскраіне Менску ў раёне Уручча. Менавіта гэтай часткай раней камандаваў Зьміцер Паўлічэнка, якога лічаць камандзірам «эскадронаў сьмерці» і падазраюць у выкананьні загадаў аб выкраданьні і фізычным зьнішчэньні апазыцыянэраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, а магчыма і Зьмітра Завадзкага.

Час ад часу вайскоўцы, якія служылі ў часьці № 3214, распавядаюць пра вельмі жорсткія парадкі ў ёй і пра дзедаўшчыну, якую нібыта падтрымліваюць афіцэры, каб захаваць «вайсковыя традыцыі». Болей за 5 гадоў таму адзін з былых спэцназаўцаў паведаміў карэспандэнту «Свабоды», што ў гэтай часьці маладога салдата, які чымсьці правініўся, стараслужачыя маглі закапаць па шыю ў зямлю ў мэтах «перавыхаваньня». Ці здараюцца выпадкі дзедаўшчыны цяпер?

Аляксандар Д. працуе ў Маскве, а яшчэ два гады таму служыў ва Ўруччы ў 125-й брыгадзе. Малады чалавек кажа, што ў яго быў знаёмы, які служыў у брыгадзе спэцназу № 3214. І якія там былі парадкі? — пытаюся ў суразмоўцы.
У маім батальёне служыць была песьня: напалову статут, напалову дзедаўшчына.

«Ён казаў, што першыя 3-4 месяцы сапраўды было цяжка, там даволі жорсткія правілы. А потым усё стала нармальна. У каго нармальны характар, тыя ўсе гэтыя сытуацыі нармальна перажываюць. Калі не алькаголік ці ня з дрэннай сям’і».

Паводле Аляксандра, у брыгадзе, дзе ён служыў, сытуацыя зь дзедаўшчынай істотна адрозьнівалася. У пяхоце дзедаўшчына была вельмі моцнай, у артылерыйскім палку — іншая загана: «цалкам жылі паводле статуту, што для радавога ня лепей за дзедаўшчыну». Найлепшы варыянт, калі пяцьдзясят на пяцьдзясят, — мяркуе Аляксандар.

«У маім батальёне служыць была песьня: напалову статут, напалову дзедаўшчына. Але дзедаўшчына бяз гвалту, проста калі трэба ўлічваць і паважаць традыцыі».

Паважаць традыцыі, паводле майго суразмоўцы, гэта калі стараслужачыя ўдвая менш працавалі, чым маладыя. Аляксандар згадаў адзін выпадак, калі з-за складаных адносінаў з асяродзьдзем салдата перавялі ў другую часьць, і два ўцёкі вайскоўцаў з часьці. У адным выпадку ўцякач згубіў табэльную зброю, і была заведзеная крымінальная справа. Яшчэ нейкі салдат уцёк дамоў, калі атрымаў ад дзяўчыны зьвесткі, што яна бярэцца шлюбам зь іншым.

Кіраўнік прэсавай службы ўнутраных войск Сяргей Кабаковіч ня змог згадаць, калі раней з часьцяў гэтых войскаў уцякалі салдаты. Варта адзначыць, што часта ў войску ўцекачоў ловяць, пакуль яны не адбеглі далёка і запісваюць у «самавольшчыкі», каб захаваць добрую статыстыку. Спэцназавец Мікіта Касьцюковіч у самаволцы ўжо тыдзень, і ніхто ня ведае, калі і дзе ягоная вандроўка закончыцца.
XS
SM
MD
LG