Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Міхалевіч – хаатычна і са спробай падгуляць Лукашэнку, Рымашэўскі – добры прамоўца, але бязь веры ў перамогу"


Аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч аналізуе выступы кандыдатаў на прэзыдэнта Алеся Міхалевіча і Віталя Рымашэўскага.

Алесь Міхалевіч выступаў па-расейску. Уражаньне ад яго выступу было даволі складанае, скажам мякка. Яго хапіла толькі на 23 хвіліны, ён запінаўся, зноўку выкарыстаў фармат адказаў на пытаньні, але пытаньні часта былі дробныя -- наконт аб'яднаньня "Нафтана" і "Паліміра" ці лёсу музэя Айчыннай вайны.

Калі ў папярэднім выступе ў яго была нейкая адна лінія -- ідэя мадэрнізацыі, дык цяпер ён пераскокваў з адной тэмы на другую, нават па блёках ня змог аб'яднаць гэтыя пытаньні. Таму выглядала гэта хаатычна.

Вельмі характэрныя адказы на некаторыя пытаньні. Міхалевіч заявіў, што галоўны вынік кіраваньня Лукашэнкі -- гэта тое, што ўдалося пабудаваць моцную дзяржаву. Гэта амаль паўтарэньне афіцыйнай прапаганды. Два разы паўтарыў слоган прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі "Вместе мы Беларусь". Гэта вельмі дзіўна -- ці то ён хацеў апынуцца ў промнях славы ад Лукашэнкі, ці падгуляць Лукашэнку, цяжка сказаць.

Міхалевіч таксама заявіў, што ў канфрантацыі паміж уладамі і апазыцыяй вінавата апазыцыя, бо там шмат лідэраў, якія страцілі ўладу і хочуць адпомсьціць.

Віталь Рымашэўскі, як і ў першым выступе, прадэманстраваў вельмі добрыя якасьці прамоўцы. Ён гаварыў без паперкі, вельмі чыста, без лінгвістычных памарак. Ён гуляў голасам, рабіў паўзы паміж словамі, і выглядала ўсё даволі добра. Рымашэўскі трымаў увагу слухачоў.

Пачаў ён пра акцыю 24-га лістапада, растлумачыў, чаму людзі могуць зьбірацца ў цэнтры гораду. У яго было ня столькі шмат прапаганды і агітацыі за кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, колькі агітацыі за ўласную партыю.

Гэты выступ шмат у чым паўтараў першы выступ, які прагучаў тыдзень таму па тэлевізіі. Гэта крыху псавала ўражаньне, бо не хапіла патэнцыялу, не хапіла ідэяў, каб новы выступ правесьці па-іншаму, каб пашырыць гарызонт уяўленьняў пра кандыдата ў прэзыдэнты Рымашэўскага.

Спачатку Віталь пакрытыкаваў іншых апазыцыйных кандыдатаў, а потым сказаў, што мы дамовіліся не крытыкаваць адзін другога, і прапанаваў усім дэмакратычным кандыдатам сабрацца 9-га сьнежня, каб дамовіцца аб каардынацыі дзеяньняў на фінальную частку выбарчай кампаніі. Рымашэўскі таксама крытыкаваў Расею. Агулам, ён паказаў, што ня верыць у перамогу на гэтых выбарах і таму спрабуе вырашыць нейкія задачы -- ці то прапаганда ўласнай партыі, ці то імкненьне дабіцца другога туру, і няважна хто ў гэты другі тур выйдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG