Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура патрабуе больш жорсткага прысуду для Міхася Башуры


Міхась Башура

Міхась Башура

30 лістапада Менскі гарадзкі суд разглядае касацыйную скаргу актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Міхася Башуры на рашэньне суду Савецкага раёну гораду Менску, вынесенае 19 лістапада.

У адпаведнасьці з рашэньнем, Міхась Башура быў прызнаны вінаватым у падробцы дакумэнтаў, яго прысудзілі да штрафу у 17,5 мільёна рублёў. Апроч гэтага будзе разгледжаны касацыйны пратэст пракуратуры Савецкага раёну, які патрабуе прымяніць да Міхася Башуры больш жорсткае пакараньне.

Адвакат Міхася Башуры Тамара Сідарэнка ў інтэрвію «Свабодзе» патлумачыла сутнасьць паседжаньня, якое заплянаванае на 30 лістапада:

«Мы ня згодныя з тым, што нас прызналі вінаватымі. А пракуратура ў сваю чаргу абскардзіла прысуд, але лічыць, што нас мякка пакаралі. У нас ёсьць копія пратэсту. Квінтэсэнцыя яго на трох аркушах у тым, што Башура вельмі кепска паступіў ва ўмовах такой палітыкі дзяржавы, так нядобра ёю скарыстаўся».

Міхась Башура цяпер каардынуе дзейнасьць давераных асобаў кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і яго сустрэчы з выбаршчыкамі:

Міхась Башура: «Спадзяюся, што гэты касацыйны пратэст пракурора нічым ня будзе пагражаць, але тэарэтычна можа быць усё, што заўгодна. Тэарэтычна можа нават быць так, што мяне могуць нават пасадзіць, як гэтага прасіла прадстаўнік пракурора на папярэднім судзе. Але спадзяюся, што гэтага ня будзе».

Тамара Сідарэнка патлумачыла юрыдычную працэдуру разгляду касацыйных скаргаў:

«Трэба разумець: тое, што прапануе пракуратура, цягне за сабою адмену прысуду і новы судовы разгляд у судзе першай інстанцыі. Дадаць па-простаму суд гарадзкі ня можа. Для таго, каб асудзіць чалавека больш строга, трэба адмяніць прысуд суду і ізноў вярнуцца да судзейскай працэдуры — разглядаць некалькі дзён з выклікам усіх сьведкаў, як у першы раз».

Касацыйную скаргу Міхася Башуры і пратэст пракуратуры Савецкага раёну Менскі гарадзкі суд пачне разглядаць а 10-й раніцы.
XS
SM
MD
LG