Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода выйшла кніга Вячаслава Ракіцкага «Беларуская Атлянтыда». Гэта ўжо другая кніга пад такім назовам. Яна сталася працягам першай кнігі «Беларускай Атлянтыды», якая выйшла чатыры гады таму. Пад яе вокладкай — выбраныя перадачы аднайменнай праграмы, што гучалі на нашых хвалях апошнім часам. Сваімі ўражаньнямі ад новай кнігі сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» дзеліцца культуроляг Сяргей Харэўскі.

«Мне вельмі прыемна было ўжо патрымаць у руках гэтую кніжку. Бясспрэчна, гэта ўнікальная рэч. І, бадай, нішто так нам сёньня не баліць, я маю на ўвазе інтэлігенцыю, культуролягаў, гісторыкаў культуры, як вось гэты пошук уласнай ідэнтычнасьці. На народным узроўні, у нетрах нашай генэтычнай памяці, гістарычнай памяці, памяці пэўных пакаленьняў, нават ужо і майго пакаленьня ці пакаленьня маіх бацькоў захоўваюцца вось гэтыя стэрэатыпы, уяўленьні, паняткі, блізкія кожнаму беларусу, якія нас лучаць міжсобку, гэткія культурныя коды. Аналізу гэтых культурных кодаў, аналізу гэтых стэрэатыпаў, а часам і штампаў прысьвечаная гэтая кніга.

У ёй я паразважаў над мітам беларускай Вільні ў найноўшым сучасным кантэксьце, паспрабаваў даць такую справаздачу сумленьня, чым ёсьць сёньня Вільня для беларусаў. І прыйшоў да высновы, што, на вялікі жаль, мы мусім разьвітацца з гэтым мітам як адным з самых прыгожых мітаў ужо мінулага дваццатага стагодзьдзя.

І пра Заходнюю Беларусь. Мы таксама супольна прыйшлі да высновы, што і Заходняя Беларусь — таксама міт зь мінулага дваццатага стагодзьдзя, зь якім таксама, на вялікі жаль, давядзецца разьвітвацца. Сучасная Заходняя Беларусь ужо мала чым адрозьніваецца ад Усходняй: так сама галасуюць, так сама ўхваляюць, так сама абыякава ставяцца да нашай культуры, да нашай ідэнтычнасьці.

Таму гэтая кніга, думаю, будзе мець пэўную цікавасьць для нашых чытачоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG