Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Малдове: працяг палітычнага тупіку


Падлік галасоў на выбарчым участку ў Кішынэве
Падлік галасоў на выбарчым участку ў Кішынэве
У мінулую нядзелю ў Малдове прайшлі датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх дадзеных Альянс за эўрапейскую інтэграцыю крыху ўзмацніў свае пазыцыі, але іх наўрад ці хопіць для таго, каб абраць прэзыдэнта краіны. Вынікі выбараў не вырашаць сытуацыю палітычнага тупіку, для вырашэньня якога яны праводзіліся.

Трэці раз за 2 гады ў Малдове праходзілі парлямэнцкія выбары. На падставе апрацоўкі 95% галасоў можна сказаць, што камуністы крыху страцілі прадстаўніцтва ў парлямэнце: яны мелі 49 мандатаў са 101, зараз будуць мець 44. Блёк “Наша Малдова”, які ўваходзіў у праэўрапейскі альянс, не набраў 5% і ня будзе прадстаўлены ў новым складзе заканадаўчага органу. Але палепшылі свае пазыцыі іншыя складовыя альянсу: лібэральна-дэмакратычная партыя дзейнага прэм’ера Ўлада Філата набрала 28%, Дэмакратычная партыя Мар'яна Лупу – 13%, Лібэральная партыя сьпікера парлямэнту ранейшага складу Міхая Гімпу – каля 9%. У выніку альянс павялічыў сваё прадстаўніцтва – раней ён меў 52 мандаты, зараз будзе мець 57.

Гэтага цалкам дастаткова для фармаваньня ўраду, але для абраньня прэзыдэнта трэба 61 голас, якіх ў Альянса за эўрапейскую інтэграцыю няма.

Яшчэ не падлічаныя галасы малдаванаў, якія жывуць і працуюць за мяжой. Тэарэтычна ня выключана, што яны могуць прынесьці Альянсу запаветныя 4 галасы, але на думку экспэртаў гэта наўрад ці адбудзецца.

За выбарамі ў Малдове назіралі 300 прадстаўнікоў бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ. Паводле іх папярэдніх заяваў, выбары ў Малдове праходзілі празрыста і сумленна.

Прэм’ер Улад Філат заявіў учора, што можна сьвяткаваць вынікі выбараў, але сьвяткаваньне павінна быць кароткім, бо вынік азначае вялікую адказнасьць.
У сваю чаргу прадстаўнік кампартыі Марк Ткачук сказаў, што заявы пра перамогу Альянса за эўрапейскую інтэграцыю заўчасныя.

Ткачук: "Тым, хто зараз п'е віскі -- мы ведаем, што яны ня п'юць шампанскае -- мы хацелі б сказаць, што яны рана радуюцца".

Да апошняга часу камуністычная апазыцыя байкатавала абраньне прэзыдэнта, а ва ўрадавай кааліцыі не хапала галасоў, каб абраць яго самастойна.

У парлямэнце мінулага скліканьня некаторыя казалі пра магчымасьць альянсу паміж камуністамі і дэмакратычнай партыяй Мар'яна Лупу, былога паплечніка камуністычнага прэзыдэнта Ўладзімера Вароніна. Але па выніках цяперашніх выбараў – кампартыя разам з дэмпартыяй ня маюць 61 голасу. Таму спадзеў на тое, што хаця б некалькі камуністаў парушаць партыйную дысцыпліну і падтрымаюць кандыдатуру правага прэзыдэнта. Таксама тэарэтычна магчыма стварэньне вялікай кааліцыі паміж камуністамі і правымі.

А калі гэтыя спадзевы ня спраўдзяцца, сытуацыя палітычнага тупіку працягнецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG