Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аркадзь Мошас: Лукашэнка непазьбежны


Аркадзь Мошас

Аркадзь Мошас

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Беларусь зноў вернецца да палітыкі балянсаваньня паміж Расеяй і Захадам. Так лічыць Аркадзь Мошас, дырэктар дасьледчай праграмы па Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных справаў у Хэльсінкі ды экспэрт па Расеі і Эўразіі ў аналітычным цэнтры Chatham House у Лёндане.

"У Эўразьвязу і Расеі надалей розны падыход да Беларусі. Тым часам як Эўразьвяз і наогул Захад зацікаўленыя перш за ўсё ў палітычнай лібэралізацыі і эканамічных рэформах у Беларусі, Расея хоча мець у гэтай краіне надзейнага партнэра для свайго праекту рэінтэграцыі постсавецкай прасторы", – піша Мошас у апошнім інтэрнэтным выданьні бюлетэню Сhatham House пад назвай "World Today".

Мошас лічыць, што для Эўраўзьвязу ня так важная зьменае Лукашэнкі ў Беларусі. Дасьледнік аргумэнтуе, што хоць Беларусь лічаць краінай-ізгоем, сытуацыя з правамі чалавека ў ёй не адрозьніваецца занадта ад сытуацыі ў іншых краінах, якія належаць да праграмы Ўсходняга партнэрства.

"Брусэль, найбольш імаверна, задаволіцца некаторымі прыкметамі дэмакратызацыі і будзе больш заклапочаны кірункам, чым хуткасьцю гэтага працэсу. Гэта ўсё яшчэ магчыма дасягнуць з Лукашэнкам пры ўладзе. А і Масква, нягледзячы на сваю вострую рыторыку, мала зацікаўленая ў зьмене рэжыму. Няма гарантыі, што новы чалавек не павернецца да Захаду ўсур’ёз. Усё ж у Беларусі няма прарасейскай апазыцыі, і Масква не павінна гэтаму зьдзіўляцца. Бо насамрэч гэта яна дапамагла Лукашэнку заняць нішу "найлепшага і адзінага" партнэра Расеі, адмаўляючыся ад дачыненьняў зь ягонымі апанэнтамі і пакідаючы Захаду справу падтрымкі палітычных вязьняў", – сьцявярджае Мошас.

Падсумоўваючы, Мошас прагназуе, што пасьля выбараў Масква запрапануе Лукашэнку перамір’е. Гэтае перамір’е, дадае экспэрт, дазволіць Лукашэнку выйграць час.

"А час – гэта тое, што патрэбна дзяржаве, каб збудаваць сваю незалежную ідэнтычнасьць, пазбыцца постсавецкай настальгіі і перайсьці ад сузіраньня сябе як заходняга дадатку Расеі да ролі сучаснай эўрапейскай нацыянальнай дзяржавы", – завяршае свой агляд беларускай перадвыбарчай сытуацыі Аркадзь Мошас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG