Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1014 дэпэшаў з пасольства ЗША ў Менску могуць быць абнародаваныя на WikiLeaks


Партал WikiLeaks апублікаваў чарговую порцыю сэнсацыйных сакрэтных матэрыялаў ураду ЗША. Пры гэтым партал анансаваў публікацыю яшчэ большага масіву дакумэнтаў, агульнай колькасьцю чвэрць мільёна адзінак. Гэта – паведамленьні ў дзярждэпартамэнт ЗША з амэрыканскіх пасольстваў па ўсім сьвеце. Зь іх 1014 дакумэнтаў – з пасольства ЗША ў Менску.

Амэрыканскія ўлады заяўляюць, што абнародаваньне Wikileaks сакрэтных дакумэнтаў стварае пагрозу бясьпецы многім людзям: дыпляматам, выведнікам, вайскоўцам і цывільным. У заяве адміністрацыі ЗША падкрэсьліваецца, што публікацыя гэтых матэрыялаў ставіць пад удар тых, хто зьвяртаецца да ЗША па дапамогу ў дэмакратычных пераўтварэньнях у іх краінах. “Гэтыя дакумэнты могуць утрымліваць імёны людзей, якія працуюць ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў і імкнуцца стварыць больш адкрытае і свабоднае грамадзтва” – гаворыцца ў заяве.

Калі папярэдняя выцечка, апублікаваная Wikileaks, тычылася службовай перапіскі наконт войнаў у Аўганістане і Іраку, то цяпер ахоп больш шырокі – у Інтэрнэт выкладзеная перапіска зь дзярждэпартамэнтам амэрыканскіх пасольстваў па ўсім сьвеце.

Беларусь згадваецца ў трох дакумэнтах, апублікаваных у мінулыя выходныя на Wikileaks: у адным, на нарадзе ў парыскай амбасадзе ЗША, адзначаецца, што Расея аддае перавагу не ўступленьню ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, а мытнаму саюзу зь Беларусьсю і Расеяй, другі раз Беларусь прыгадваецца сярод тузіну іншых краін як партнэр па ваенным супрацоўніцтве зь некаторымі афрыканскімі краінамі (без расшыфроўкі дэталяў), у трэцім паведамленьні адзначаецца, што сэнатар Джозэф Лібэрман вяртаецца з Масквы празь Менск.

Што ўтрымліваюць іншыя тэлеграмы з амбасады ЗША ў Менску пакуль невядома, падаюцца толькі тэмы.

Пра іншыя дзяржавы ўжо апублікаваны пакет інфармацыі Wikileaks утрымлівае куды больш зьмястоўныя дэталі.

З дакумэнтаў, у прыватнасьці, вынікае, што лідэры некаторых арабскіх дзяржаваў, у тым ліку і кароль Савудаўскай Арабіі, заклікалі Злучаныя Штаты напасьці на Іран і сілай спыніць яго ядзерную праграму.

У дакумэнтах таксама ўтрымліваецца меркаваньне ізраільскага міністра абароны Эхуда Барака, які ў чэрвені летась папярэдзіў Вашынгтон, што такі ўдар мае сэнс нанесьці да канца 2010 году, паводле міністра, пасьля гэтага тэрміну стрымліваць ядзерныя амбіцыі Тэгерану стане яшчэ цяжэй.
У расейскай частцы апублікаваных файлаў абмяркоўваюцца дзелавыя стасункі расейскага прэм’ера Ўладзімера Пуціна з італьянскім калегам Сыльвіё Бэрлюсконі, а таксама сувязі Крамля з арганізаванай злачыннасьцю.

Здабыткам галоснасьці сталі характарыстыкі і мянушкі, якія амэрыканскія дыпляматы даюць замежным лідэрам. У службовай перапісцы Пуцін названы “альфа-самцом”, прэзыдэнт Аўганістану Хамід Карзай – “параноікам”, іранскі лідэр Махмуд Ахмадзінэжад параўноўваецца з Гітлерам, а пра лібійскага кіраўніка Муамара Кадафі паведамляецца, што яго паўсюль суправаджае украінская медсястра – бляндынка з пышнымі формамі. Пра нямецкага канцлера Ангелу Мэркель гаворыцца, што яна пазьбягае рызыкі і рэдка дэманструе творчы падыход.

Але сярод апублікаваных дакумэнтаў ёсьць рэчы куды больш сур'ёзныя, напрыклад, справаздача аб гутарцы намесьніка дзяржсакратара ЗША Уільяма Бэрнса з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым.

Аліеў у размове казаў пра тое, што прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў не кантралюе сваё атачэньне, што рашэньні, якія ўзгадняюцца зь ім, потым блякуюцца іншымі. "Многія высокапастаўленыя чыноўнікі не прызнаюць Мядзьведзева лідэрам”, – прыводзіцца запіс словаў Аліева. Паводле яго, ёсьць усе прыкметы канфрантацыі паміж камандамі гэтых двух палітыкаў, хоць гэтага пакуль няма паміж Мядзьведзевым і Пуціным асабіста.

Заснавальнік і ўладальнік парталу Wikileaks Джуліан Асандж накіраваў у пасольства ЗША ў Вялікабрытаніі ліст з просьбай паведаміць, хто канкрэтна можа апынуцца ў небясьпецы пасьля публікацыі дакумэнтаў. Раней ён прапаноўваў амэрыканскаму ўраду перамовы наконт некаторай рэдактуры матэрыялаў, якія публікуюцца на Wikileaks. Юрыст дзярждэпартамэнту Гаральд Кох у адказ заклікаў Асанджа ўстрымацца ад публікацыі новай сэрыі сакрэтных дакумэнтаў.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што амэрыканскія ўлады “ня будуць прымаць удзелу ў перамовах адносна далейшай публікацыі незаконна атрыманых сакрэтных дакумэнтаў амэрыканскага ўраду”.

Фэномен Wikileaks ставіць сур'ёзныя пытаньні – у якой ступені павінны быць адкрытымі мэханізмы палітыкі і дыпляматыі і ў якой ступені іх можна захаваць адкрытымі ў век інфармацыйнай празрыстасьці і ўразьлівасьці інфармацыйных сыстэмаў.

WikiLeaks

Адзін з заснавальнікаў WikiLeaks - 39-гадовы аўстралійскі праграміст і журналіст Джуліян Асанж, які выступае як прэсавы прадстаўнік арганізацыі.
Паводле Асанжа, WikiLeaks атрымлівае штодня некалькі дзясяткаў дакумэнтаў, зь якіх публікуе толькі тыя, якія пройдуць праверку рэдакцыі на іхнюю даставернасьць. У арганізацыі на сталай аснове працуюць пяць-шэсьць чалавек добраахвотнікаў; арганізацыя таксама можа разьлічваць на экспэртную дапамогу ад 800-1000 спэцыялістаў у такіх сфэрах як шыфраваньне і праграмаваньне.
Сэрвэры WikiLeaks разьмешчаныя ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Швэцыі і Бэльгіі, дзе законы гарантуюць большую бясьпеку захоўванай на іх інфармацыі.
У мінулым сайт WikiLeaks праславіўся, між іншым, публікацыяй сакрэтных матэрыялаў аб выкідах атрутных рэчываў каля ўзьбярэжжа Афрыкі, агучваньнем інструкцыі па кіраваньні амэрыканскай вайсковай турмой у Гуантанама на Кубе і разьмяшчэньнем відэа з атакай амэрыканскага вайсковага верталёта на гатэль у Багдадзе ў 2007, калі загінулі 12 чалавек, уключна з журналістам і фатографам агенцтва Ройтэрз.
Сёлета партал апублікаваў вялікі пакет сакрэтных дакумэнтаў, якія тычацца войнаў ў Іраку і ў Аўганістане.
За сваю дзейнасьць сайт WikiLeaks атрымаў шэраг прэстыжных узнагародаў, сярод іншага, ад часопісу The Economist у 2008 і ад Amnesty International у 2009.
Акрамя прыхільнасьці, WikiLeaks таксама зьбірае шмат крытыкі — урадавыя прадстаўнікі крытыкуюць арганізацыю за тое, што яе публікацыі ставяць пад пагрозу некаторыя вайсковыя апэрацыі, а абаронцы правоў чалавека абвінавачваюць арганізацыю ў пасяганьні на прыватнасьць і сфэру асабістага жыцьця.
Нягледзячы на паўсакрэтныя ўмовы існаваньня і супярэчлівыя ацэнкі сваёй дзейнасьці, WikiLeaks удаецца знаходзіць спонсараў, як сярод прыватных асобаў, так і сярод журналісцкіх арганізацый (такіх, прыкладам, як агенцтва Associated Press, газэта The Los Angeles Times або Нацыянальная асацыяцыя выдаўцоў газэт у ЗША).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG