Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскевіч: трэба ўводзіць мараторый на сьмяротнае пакараньне


Сяргей Маскевіч

Сяргей Маскевіч

"Маё стаўленьне адназначнае: трэба ўводзіць мараторый на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі". Пра гэта ў інтэрвію DELFI заявіў кіраўнік сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч.

На пытаньне, што перашкаджае скасаваць сьмяротнае пакараньне ці хоць бы ўвесьці мараторый на яго, спадар Маскевіч сказаў

"Для нас гэтая тэма вельмі важная. Пры размовах з дыпляматамі ствараецца ўражаньне, што гэта адзінае пытаньне, якое можа адкрыць нам дарогу да вяртаньня статусу спэцыяльна запрошанага ў Радзе Эўропы, што для нас выключна важна і да чаго мы імкнёмся. Мы ў гэтым зацікаўленыя, і калі гэта адзіны фактар, які можа зьмяніць сытуацыю, я думаю, будзе знойдзена пазытыўнае рашэньне наконт гэтага".

Паводле спадара Маскевіча, дзеяньні беларускага боку стрымлівае праведзены ў 1996 годзе рэфэрэндум. Як зазначыў кіраўнік парлямэнцкай камісіі, "мы ня можам праігнараваць яго вынікі".

"Гэтае пытаньне трэба падрыхтаваць. Усё накіравана на тое, каб увесьці мараторый. І перашкаджае гэтаму адно: нам трэба быць адкрытымі, сумленнымі і пасьлядоўнымі ў дачыненьні да сваіх грамадзянаў. Мы ўвесь час праводзім апытаньні грамадзкай думкі, і трэба сказаць, што стаўленьне ў грамадзтве да пытаньня сьмяротнага пакараньня крыху зьмяняецца.

Хоць ніколі, напэўна, ня будзе так, каб усе пагадзіліся з адменай. Маё стаўленьне адназначнае: трэба ўводзіць мараторый. Можа, трэба правесьці парлямэнцкія слуханьні і пасьля іх правядзеньня ўвесьці мараторый. А там будзе відаць".
XS
SM
MD
LG