Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У папярэдняй частцы агляду рэакцыі блогасфэры на выступы кандыдатаў у прэзыдэнты быў вызначаны такі крытэр чарговасьці - «у парадку зьмяншэньня ўпэўненасьці іх ва ўласных словах і выкліканай імі надзеі на перамену лёсу». Цяпер, падумаўшы, бачу, што «і» тут цалкам недарэчнае, яго трэба замяніць на «або». Таму што некаторыя кандыдаты, як бы ні былі яны ўпэўненыя ва ўласных словах і магчымасьці перамогі, ня здолелі заразіць гэтай упэўненасьцю беларускіх блогераў. Увогуле, астатнія сем незалежных кандыдатаў прайграюць Някляеву і Статкевічу ў блогасфэры зь вялікім адрывам, калі не сказаць - ушчэнт.

Уладзімер Някляеў, дзякуючы найперш фінансава-арганізацыйным рэсурсам сваёй кампаніі, змог пераканаць блогераў у тым, што ён - галоўны супернік Лукашэнкі на выбарах, і яго (па-рознаму, вядома) ацэньваюць з гэтага пункту гледжаньня. Мікола Статкевіч атрымаў найбольшую колькасьць станоўчых водгукаў пры найменшай колькасьці адмоўных як «народны трыбун», здольны «запаліць людзей». Блогер a_legista назваў яго ў нэгатыўным сэнсе «дэбашырам», але менавіта сваім «дэбашырствам» ён, падобна, і спадабаўся іншым.

Што да астатніх кандыдатаў, я б сказаў, што яны разглядаліся «ў нагрузку», у якасьці неабавязковага прыдатку. Не, амаль для кожнага ў каго-небудзь знайшлося добрае слова, нават для Дзьмітрыя Вуса - за тое, што ён «знайшоў у сабе мужнасьць» увязацца ў выбары на баку апазыцыі, няглядзечы на сур'ёзныя праблемы са здароўем. Аднак ніхто і блізка не атрымаў столькі водгукаў з клічнікамі, як Мікола Статкевіч. І нікога болей, апроч Уладзімера Някляева, не разглядалі ў якасьці рэальнага альтэрнатыўнага прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду. Прынамсі, у такім маштабе, каб можна было паставіць на адну дошку.

АНДРЭЙ САНЬНІКАЎ


На падставе вынікаў ананімных інтэрнэт-апытаньняў Андрэя Саньнікава часьцяком называюць «найбольш папулярным кандыдатам у сеціве». У такім разе трэба лічыць ягоны выступ у тэлеэфіры правальным. Сухія лічбы: яго ўпадабалі ўсяго 1,9% (!) з 106 удзельнікаў апытанкі ў by_politics (такі самы вынік у Цярэшчанкі), а ў «сьвецкай» суполцы minsk_by - 12.9% з 272 удзельнікаў (трэцяе месца пасьля Някляева і Раманчука), што таксама ня надта пераканаўча для «найбольш папулярнага кандыдата ў сеціве».

Што сапсавала ўражаньне блогерам:

vsevolod_volkov: «Саньнікаў вельмі сьмешна падглядваў у паперку. Само па сабе падглядваньне выглядала больш прыстойным, чым у Міхалевіча ў ноўтбук, але моманты, у якіх патрабаваліся падказкі...

"І ўсе ўбачылі, што каля стэндаў зь ягонымі фатаграфіямі нікога не было. На пікеты па зборы подпісаў за яго зганялі настаўнікаў, выхавацелек дзіцячых садкоў, але людзі да іх не падыходзілі. (Зырк у паперку, паўза.) Ніхто не падыходзіў таму, што ў Лукашэнкі няма падтрымкі народа. (Зырк у паперку.) І ён гэта ведае!"»


ivit_z: «Саньнікаў бодра пачаў казаць гоп, не пераскочыўшы. А далей слухаць стала дужа нудна. Дык навошта марнаваць час?»

roma_stefanenko: «Кастусёў і Саньнікаў. Абодва жывуць у выдуманым сьвеце, абодва неадэкватныя. Нічога новага, нічога цікавага».

lipski: «Застаўся ў апазыцыйным дыскурсе (дыктатура-дыктатура), казаў рэчы, якія не цікавая паспалітым людзям, шмат чытаў з паперкі, дрэнна расставіў акцэнты. Ну і падзякаваў Дзьмітрыю Анатольевічу...»

master_ski: «Чытаньне з паперкі на працягу амаль усяго выступу. Пералічэньне імёнаў давераных асобаў, большасьць зь якіх невядомыя мне, пагатоў - сярэднестатыстычнаму выбарцу. Адбіваньне паклонаў у адрас расейскага прэзыдэнта...»

Падабаўся ж ягоны выступ у асноўным за «радыкалізм». Але радыкалізм Андрэя Саньнікава, у адрозьненьне ад радыкалізма таго ж Міколы Статкевіча, быў, па-першае, папяровым, а па-другое, стылістычна вельмі трафарэтным. Як напісаў dec19.org: «Андрэй Саньнікаў прыйшоў на эфір, мяркуючы па ўсім, з падшыўкай раздрукаваных матэрыялаў "Хартыі-97"».

ЯРАСЛАЎ РАМАНЧУК

У вышэй згаданых апытанках ягоны выступ атрымаў 11,5% і 13,4% галасоў. Успрыняты быў пераважна станоўча, але без асаблівых моцных эмоцыяў, роўна. Па-мойму, відавочна, што Яраслаў аказаўся ня ў тым месцы і ня ў той час. Выступ у стылістыцы «тэлекрамы на канапе» падыйшоў бы для якога-небудзь райскага куточка, дзе выбары зьяўляюцца рытуальнай адпрацаванай зьменай твараў у тэлевізары, у якой няма нічога «лёсавызначальнага», а не баданьнем цяляці з дубам.

Зрэшты, ягоны тэлезварот спадабаўся былому мэдработніку, пэнсіянерцы, маці блогеркі alyonaby, якая да таго тройчы галасавала за дзейнага прэзыдэнта:

«Тэлефануе а 19:07 (а 19:00 ён пачаў выступаць) і кажа: "Уключай тэлевізар, па БТ кандыдат, за якога я аддам свой голас"... У мамы былі важкія аргумэнты: "Раманчук не паліваў брудам Лукашэнку, гаварыў без рэлігійнага налёту. Без паперкі. І па-руску"».

Блогер mach13 пахваліў Яраслава за пазытыўнасьць:

«Вельмі парадаваў Раманчук. Казаў менавіта тое, што я жадаў пачуць і менавіта так, як я гэта жадаў пачуць. Вельмі клясны спіч, пастараліся, калі рыхтавалі. Ды і сам ён відаць, што добра падрыхтаваўся, рэпэтаваў – адтараторыў не спыняючыся, як па гадзіньніку. Не пераходзіў на асобы, не чапаў ані Колю, ані ягонага тату, ані Ярмошыну. Усё вельмі інтэлігентна і добразычліва. Наогул, чалавек сканцэнтраваўся на пазытыўных рэчах – на тым, што можна і трэба зрабіць для паляпшэньня сытуацыі ў краіне».

Ёсьць сярод беларусаў тыя, кім запатрабаваная стылістыка райскага куточка. Але ж хто нам скажа, колькі іх.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ


За выступ Рымашэўскага прагаласавала 5,0% і 8,7% удзельнікаў апытанак. Ня так і мала для маладога і малавядомага палітыка. «Някепска», «нармалёва», «я чакаў горшага», «прыемна зьдзіўлены», «палепшыў маё стаўленьне да БХД» і да т.п.

«В.Рымашэўскі - такi iнфэрнальны бляндынчык, нiбы падрослы чароўны труciк Ю. Дземідовiч»
. (gigololatino)

То пажадаем яму посьпехаў у наступным годзе - годзе трусіка.

АЛЕСЬ МІХАЛЕВІЧ


Выступ Алеся ацанілі 10,6% і 5,05 удзельнікаў апытанак. Гэтыя лічбы мяне асабіста вельмі зьдзіўляюць, бо апроч кіраўніка ягонага штабу блогера andrey_rozum я амаль нікога ня бачыў, хто б выказаўся пра выступ Міхалевіча камплімэнтарна, затое бачыў дзясяткі калючых і разгромных камэнтароў. Вось яшчэ блогер iva_dim, які лічыць найлепшым кандыдатам Лукашэнку, назваў Алеся «найбольш адэкватным». Можна было б сказаць, быццам Алесю ўдалося перацягнуць галасы прэзыдэнцкага электарату, але галасаваць той блогер за яго не зьбіраецца. Хутчэй, Міхалевіч проста адпавядаў патрабаваньням прэзыдэнта да «канструктыўнай апазыцыі», то бок такой апазыцыі, якая зусім не апазыцыя.

РЫГОР КАСТУСЁЎ


За выступ Рыгора Кастусёва аддалі свае галасы 3,8% і 2,5% удзельнікаў апытанак. Бадай што, вычарпальна пра яго выказаўся head_of_babulka:

«Кастусёў мне здаецца нармалёвым такім мужыком, зь якім можна пагаварыць і паспрачацца. Не напышлівы, любіць бацькаўшчыну і ўсё такое... Праўда, галасаваць я за яго ня стаў бы».

ВІКТАР ЦЯРЭШЧАНКА


«Ня ведаю, што менавіта яму патрэбна ад гэтай гонкі, але дакладна ня стаць прэзыдэнтам». (kirilllka)

«Цярэшчанка тупа выпрабоўваў маё цярпеньне і перамог. Я пераключыла». (samira77)

Ягоны выступ атрымаў 1.9% і 1,1% галасоў.

ДЗЬМІТРЫ ВУС


Сьпярша яго ганілі і цкавалі, пасьля, даведаўшыся пра ягоныя праблемы са здароўем, хто казаў «дык навошта было ўвязвацца?», хто хваліў за мужнасьць. Але свае 2,9% і 1.4% галасоў ён, хутчэй за ўсё, атрымаў проста «па прыколу».

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА




Фотаздымак зроблены блогерам hudzilin. Вайскоўцы тэрміновай службы глядзяць інфармацыйную праграму ў «пакоі вольнага часу і інфармаваньня». Беларусь, верасень 2010 г. Прагляд вячэрніх навінаў уваходзіць у распарадак дня і абавязкова да выкананьня ўсімі вайскоўцамі. А 21:00 увесь асобы склад абавязаны прагледзець выпуск інфармацыйнай праграмы «Панарама» па Першым канале беларускага тэлебачаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG