Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў нязгодны, што ўсім трэба здымацца


Кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў наведаў Берасьцейшчыну. Палітык прывёз агітацыйныя матэрыялы, якіх у рэгіёне пакуль няма ні ў аднаго з кандыдатаў. З агітацыйных сродкаў у апазыцыйных палітыкаў на сёньня ёсьць толькі сустрэчы з выбарцамі.

Кандыдат у прэзыдэнты наведаў на Берасьцейшчыне Кобрынь і абласны цэнтар. Разам з даверанай асобай -- Паўлам Казлоўскім -- і Дзьмітрыем Бародкам Андрэй Саньнікаў сустрэўся з выбаршчыкамі ў кобрыньскім Доме культуры. На сустрэчу прыйшло даволі шмат людзей, рэгіёны сёньня, паводле кандыдата ў прэзыдэнты надзвычай важныя, але магчымасьці для сустрэч даволі абмежаваныя:

"Калі б я меў магчымасьць, я б кожнаму рэгіёну, кожнай вёсачцы ўдзяляў ўвагу. Але мы працуем ў межах вельмі абмежаваных рэсурсаў, таму гэта немагчыма. А так я выбіраю тыя гарады, дзе добра працавалі ініцыятыўныя групы, дзе актыўна зьбіраліся подпісы, дзе ёсьць цікавасьць. Увогуле лічу, што рэгіёны вельмі важныя, цяпер людзі становяцца больш зацікаўленымі, больш актыўнымі. Для людзей цяпер патрэбна не толькі інфармацыя, каб прачытаць, але і непасрэдна сустрэчы, падчас якіх палітык скажа, што ёсьць шанец, што гісторыя робіцца менавіта сёньня".

У Кобрыні выбаршчыкі, якія былі на сустрэчы, адзначаюць, што не вераць чэснаму падліку галасоў. Гэта не раз прагучала падчас размовы з кандыдатам, кажа жыхар гораду:

"Толькі пакуль не будзе галечы, людзі будуць сядзець і цярпець, ніхто не пойдзе на Плошчу. У той жа час у Менск нас ніхто не пусьціць на плошчу. Я лічу, што нам трэба змагацца, каб кожны бюлетэнь бачылі назіральнікі, іначай ніякага падліку не будзе, мы самі ведаем ў якіх варунках жывем. ЦВК ізноў агучыць патрэбныя лічбы. Але людзі пачынаюць стамляцца ад гэтага".

Падобныя словы прагучалі і ў Берасьці падчас сустрэчы з кандыдатам:

"Вэртыкаль улады не дапусьціць, каб былі справядлівыя выбары і падлік галасоў. Андрэй Алегавіч, вы цудоўна ведаеце, што ўжо 13 сьнежня пачынаецца папярэдняе галасаваньне. І менавіта ў гэтых ўрнах будуць зьменены бюлетэні, Ды і вы цудоўна пра гэта ведаеце, што будзе фальсыфікацыя. Але калі за тры дні здымуцца ўсе дзевяць альтэрнатыўных кандыдатаў, то амаль на 100% гэтыя выбары будуць прызнаныя несапраўднымі".

Кандыдат у прэзыдэнты не пагадзіўся з тым, што патрэбна здымацца, але пагадзіўся з тым, што будуць фальсыфікацыі пры падліку галасоў, а таксама і з тым, што свой голас неабходна бараніць. Разам з тым Андрэй Саньнікаў адзначыў, што нягледзячы на дэмакратычнасьць, існуе перашкода ў агітацыйнай кампаніі:

"Сапраўды, робіцца шмат, каб мы пачыналі агітацыйную кампанію як мага пазьней, не маючы агітацыйных матэрыялаў. На рахунак альтэрнатыўнага кандыдата не жадаюць пераводзіць грошы. Але што да агітацыйных матэрыялаў, то цяпер людзі могуць самі выдрукоўваць ўлёткі за пэўнага кандыдата, могуць весьці распаўсюд гэтай інфармацыі".

Паводле даверанай асобы Андрэя Саньнікава па Берасьцейшчыне Зінаіды Міхнюк, у Кобрыні і ў Берасьці на сустрэчу з кандыдатам у прэзыдэнты прыйшло агулам каля 700 чалавек. Сёньня ініцыятыўная група праводзіць пікет у Жабінцы.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG