Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое Сярэдняя Літва


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у перадачы «Пакуль ляціць страла».

Мы семдзясят гадоў жылі ў БССР і шмат пра гэта можам парасказаць. Цяпер, дзякуй Богу, сёе-тое ведаем ужо і пра БНР. У падручніках быў, памятаецца, нейкі падразьдзельчык пра ЛітБел (Літоўска-Беларускую ССР). А пра Сярэднюю Літву падручнікі — ні гу-гу. Чаму тую старонку гісторыі засакрэцілі?

А.Катвіцкі


Папярэджваю, што гэта будзе ня самая смачная частка гістарычнага пірага. Але яе варта пакаштаваць хаця б з тае прычыны, што большыня нашых суайчыньнікаў і не падазравае, што на пачатку ХХ стагодзьдзя на беларускіх этнічных землях існавала дзяржава, пра якую ў школьных ды ўнівэрсытэцкіх падручніках за савецкім часам ня згадвалі, каб «не падаграваць незалежніцкія настроі».

Гаворка пойдзе пра тое, як лёс беларусаў суседзі — хіба ўпершыню! — вырашалі без нас саміх.

Калі Вы ўжо згадалі ЛітБел, варта адзначыць, што ў той, створанай бальшавікамі дзеля палітычных гульняў «дзяржаве» анічога нацыянальна-беларускага не было — ні дзяржаўнай мовы, ні пэрыядычных выданьняў, ні прадстаўніцтва ў кіраўнічых органах. Падручнікі сарамліва маўчалі, што ўрад ЛітБела ня меў у сваім складзе ніводнага беларуса. Усё беларускае, пачынаючы з мовы, лічылася там контрарэвалюцыйным. Але гісторыя марыянэткавага ўтварэньня хутка й бясслаўна скончылася.

Мала вядома, што пазьней Ленін, напалоханы наступальным парывам палякаў, прапаноўваў Пілсудзкаму ўсю тэрыторыю былога ЛітБелу ўзамен на мір. «Начальнік» адроджанай Польскай дзяржавы пайшоў на маўклівае пагадненьне і не падтрымаў наступу Дзянікіна на Маскву. Ён ратаваў бальшавікоў, каб потым падзяліць зь імі Беларусь і Ўкраіну.

Палітычны пасьянс імкліва мяняўся, і неўзабаве ўжо сувэрэнная Літва-Летува зрабілася хаўрусьніцай крамлёўскіх уладароў у іхнім змаганьні з палякамі. Прызнаўшы яе незалежнасьць, Масква пагадзілася з прэтэнзіямі літоўцаў на Віленскі край разам з Горадняй, Шчучынам, Лідай, Ашмянамі, Смаргоньню й Браславам. Літоўскаму ўраду была перададзеная захопленая Чырвонай арміяй Вільня. Антанта націснула на Польшчу, і тая ўвосень 1920-га падпісала дамову пра пераход Віленшчыны Літве.

Юзаф Пілсудзкі (дарэчы, у маладосьці ў некаторых дакумэнтах ён сам запісваўся беларусам) ня мог пагадзіцца на страту сваёй «малой радзімы». Варшаўскія дзеячы вырашылі разыграць «беларускую карту». Стаўка рабілася на так званыя літоўска-беларускія дывізіі польскага войска, якія складаліся пераважна зь беларусаў заходняй часткі краю, дзе захоўваліся моцныя традыцыі ліцьвінскага патрыятызму.

Назаўтра ж пасьля падпісаньня польска-літоўскай дамовы супроць яе «ўзбунтвалася» 1-я літоўска-беларуская дывізія. Віленскі, Гарадзенскі, Менскі і Сувалкаўскі палкі адмовілія падпарадкоўвацца Варшаве. Пілсудзкі так «разгубіўся», што перадаў «мяцежнікам» яшчэ два палкі — Лідзкі й Ковенскі. На чале «бунту» стаў народжаны ў Ашмянах генэрал Люцыян Жалігоўскі, асоба, бясспрэчна, неардынарная і харызматычная, аб чым сьведчаць ужо ягоныя здымкі.

Захапіўшы Вільню, генэрал павёў жаўнераў далей, на Коўна. Пры пасярэдніцтве Лігі нацыяў бакі падпісалі замірэньне, і 12 кастрычніка 1920 году Віленшчына была абвешчаная незалежнай дзяржаваю пад назовам Сярэдняя Літва. У ёйны склад увайшлі дзевяць паветаў з тэрыторыяй блізу 10 тысяч км² і паўмільённым жыхарствам. Паводле афіцыйных зьвестак, беларусаў тут было 40%, але насамрэч — ледзь не ўдвая болей.

Дзяржава мела сваю судовую сыстэму, уласныя грошы, сымболіку, паштовыя маркі з «Пагоняй», партрэтамі Касьцюшкі й Міцкевіча ды выявамі архітэктурных помнікаў Віленшчыны.


Фактычным кіраўніком дзяржавы стаў Жалігоўскі. Ён прыхільна ставіўся да беларусаў (даводзілася сустракаць зьвесткі, што нават папісваў беларускія вершыкі) забясьпечыла яму падтрымку Рады БНР і адлюстравалася ўва ўладных структурах Сярэдняй Літвы. Беларускім сэктарам дэпартамэнту асьветы загадваў Браніслаў Тарашкевіч, а не апошнюю пасаду «дырэктара аправізацыі» (адказнага за харчовае забесьпячэньне краіны) заняў яшчэ адзін выбітны беларускі дзеяч Вацлаў Іваноўскі.

На наступны год ў Сярэдняй Літве працавала 186 беларускіх школаў, Віленская беларуская гімназія і Барунская настаўніцкая сэмінарыя. Дзяржава мела сваю судовую сыстэму, уласныя грошы, сымболіку, паштовыя маркі з «Пагоняй», партрэтамі Касьцюшкі й Міцкевіча ды выявамі архітэктурных помнікаў Віленшчыны…

Прызначаны Жалігоўскім урад складаўся пераважна з прыхільнікаў аўтаноміі Літвы-Беларусі і замест інкарпарацыі Польшчай выступаў за фэдэрацыю зь Летувой. Ліміт цярпеньня ў Варшавы хутка набліжаўся да нулявой адзнакі. Калі вярнуць войска Сярэдняй Літвы ў склад польскай арміі не ўдалося, яго дэмабілізавалі Жалігоўскі мусіў пакінуць Вільню. Польшча настойвала на правядзеньні выбараў у сойм, які вырашыў бы будучыню краіны. Ліга нацыяў прапаноўвала плебісцыт. Урэшце ўсё ж адбыліся выбары. Большая частка беларускіх арганізацыяў галасаваньне байкатавала, што цяпер выглядае памылкай. Нашыя эсэры рыхтавалі паўстаньне, але дэфэнзыва раскрыла іхнія пляны.

Пра вынікі выбараў і пастановы сойму няцяжка здагадацца. 24 сакавіка таго самага 1921 году Польшча атрымала новае, Віленскае ваяводзтва, усе паветы якога былі населеныя беларусамі…

Апавядаючы пра лёс Сярэдняй Літвы, я чамусьці ўспомніў, што ў 1930-я гады ў літоўскім друку гучалі прапановы купіць палову вострава Мадагаскар і ўсёй краінай перасяліцца туды, каб сярод лемураў захаваць незалежнасьць і ідэнтычнасьць.

Якая тут можа быць сувязь? Напэўна, такая, што ніякія лемуры ў такіх справах не дапамогуць. Апошнія палітычныя падзеі зноў нагадалі старую ісьціну: каваць будучыню трэба сваімі рукамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG