Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Івашчанка пра 5 найлепшых беларускіх кніг для вайскоўцаў


Анатоль Івашчанка

Анатоль Івашчанка

600-годзьдзе бітвы пад Грунвальдам, 90-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну, 20-годзьдзе стварэньня войска незалежнай Беларусі ды іншыя даты натхнілі нашага экспэрта на пошук найлепшых беларускіх кніг для тых чытачоў, чыёй справай ёсьць абарона Айчыны. Прыватны кніжны рэйтынг Анатоля Івашчанкі — для беларускіх вайскоўцаў.




Франц Кушаль. Спробы стварэньня беларускага войска.

Менск, «Беларускі Гістарычны Агляд», 1999

Гэтая кніга, куды ўвайшлі ўспаміны і публікацыі стваральніка Беларускай Краёвай Абароны генэрала Кушаля, мяркую, неабходная для чытаньня кожнага беларускага вайскоўца — ад шарагоўца да вярхоўнага галоўнакамандуючага. Трагічныя, жахлівыя, але адначасна і ўзвышана гераічныя старонкі з часоў першай і, перадусім, другой сусьветных войнаў апісаныя ўзважлівым пяром майстра вайсковае справы, з усёю мажліваю як для чалавека яго становішча ступеньню абстрагаванасьці ды аб’ектыўнасьці.

Жаўнер, а тым больш — афіцэр, мусіць добра і, пажадана, не задумваючыся, выконваць загады кіраўніцтва. Але што рабіць, калі гэтыя, зьмяняючыя адно аднаго, кіраўніцтвы не адпавядаюць твайму разуменьню беларускае дзяржавы? Франц Кушаль і яго паплечнікі сваім жыцьцём давялі: што б ні было і хто б у пэўны гістарычны момант ні знаходзіўся ля стырна краіны — адстойваць свой нацыянальны інтарэс, прыслухоўвацца да сэрца і сумленьня.

Зразумела, што калябарацыя — і палітыкаў, і вайскоўцаў, і літаратараў — у нашым грамадзтве ўспрымаецца неадназначна. Тыя, каго сёньня ў суседніх краінах шануюць як герояў, у нас, паводле афіцыйнай савецкай вэрсіі, — спрэс здрайцы ды паліцаі.

Час адкрываць вочы на сваю гісторыю і на сваіх некананізаваных змагароў, пагатоў што дзеля гэтага цяперака ёсьць усе мажлівасьці.


Юрка Віцьбіч (Юры Стукаліч). Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі.

Нью-Ёрк, «Беларускі інстытут навукі й мастацтва», 1996

Гэтая навукова-рамантычная праца пісалася на пачатку 1950-х гадоў непасрэдным відавочцам і нават удзельнікам некаторых з апісаных падзей. Пры гэтым, як і папярэдні аўтар, Юрка Віцьбіч намагаецца пазьбегнуць тэндэнцыйнасьці ці ідэалізацыі ў падачы фактаў. Асноўныя крыніцы дасьледчыка — інтэрвію, ліставаньні, жывыя сьведчаньні ўдзельнікаў і сьведкаў антыбальшавіцкай барацьбы на Беларусі (аўтар прыводзіць падрабязныя зьвесткі пра пятнаццаць паўстаньняў рознага маштабу).

Асабліва цікавы разьдзел «Найбольш ведамыя партызаны», які мае, сярод іншых, падзагаловак «Народныя легенды» і напісаны чалавекам зь несумненнымі літаратарскімі здольнасьцямі. Тамака ж зьмяшчаецца і невялічкі сьпеўнік жаўнерска-партызанскіх песьняў.

Бывай, мой родны кут і зьвяз,
Бывайце вы, лугі і гоні!
Іду ад вас ў апошні раз
Пад сьцягам слаўнае Пагоні!
Мо лягу дзесьці я ў далі
Пад грудзьдзю хмараў неба белым, —
Паўстануць тысячы зь зямлі
Пад сьцягам бел-чырвона-белым!


Васіль Быкаў. Аўганец. Поўны збор твораў, т. 1.

Менск, Саюз беларускіх пісьменьнікаў; Масква, выдавецтва «Время», 2005

Вядома ж, ня толькі гістарычныя выданьні вайскоўцу чытаць на спачынку.

Сярод усіх шэдэўраў Васіля Быкава мой выбар прыпаў на «Аўганца», паколькі гэта рэдкая аповесьць Быкава пра сучаснасьць (другая быкаўская аповесьць, цалкам прысьвечаная дню сёньняшняму, — «Ваўчыная яма»). Пры тым, што твор пісаўся ўжо крыху ў адрыве ад кантэксту, гэта надзіва цэласны, гермэтычны летапіс-адбітак канца 1990-х.

У цэнтры аповеду — былы «аўганец», узнагароджаны мэдалём, гэтак жа, як і ягоны бацька ў часе Вялікай Айчыннай. Ня буду пераказваць сюжэт, але «завязка» твора такая. Герой прачынаецца ў сваім гаражы (куды змушаны пасяліцца пасьля жончынай нявернасьці і дзе жыве колькі месяцаў, прадаўшы аўто праз страту працы, з адбітымі ныркамі пасьля выпадкова наведанага мітынгу і, зрэшты, пасьля няўдалае спробы суіцыду), вось жа, прачынаецца й вырашае, што адзінае выйсьце для яго — забіць самога…

Аповесьць, карыстаючыся мовай марчандайзінгу, зроблена дужа «смачна». Яна, выкананая ў найлепшых традыцыях жанру, трымае й не адпускае ад першае старонкі да апошняе. І хаця ваенных дзеяньняў як такіх у «Аўганцы» не адбываецца, гэта таксама твор пра вайну. Пра ўнутраную вайну, якую кожны носіць у сабе. Пра ўсё той жа экзыстэнцыйны выбар — зьмірыцца, адседзецца ў каляіне ці паспрабаваць зьдзейсьніць Учынак… Фінал «Аўганца» пэсымістычны. У адваротным разе аўтар парушыў бы гэтак важную для ўсёй яго творчасьці Праўду жыцьця. Але часы зьмяняюцца і хто ведае, які выбар — Рыбака ці Сотнікава — зробіць сёньняшні «аўганец» у падобнай сытуацыі? Прынамсі, калі будзе чытаць Быкава, то і фінал гісторыі будзе іншы.


Русско-белорусский словарь для военных

/ Н.Н. Кривко, В.В. Пулко, В.К. Романцевич, С.Е. Танана; под ред. В.В. Язепчика, Н.Н. Кривко/. Менск, «БелЭн», 1996

Так, тут ня знойдзем «крокам руш!», «зважай!» і «пашыхтавацца!» (замест гэтых камандаў слоўнік прапануе нязграбна калькаваныя «шагам марш!», «сьмірна!» і «пастроіцца!», а на расейскае «стройся!» наагул няма адпаведніка). Але па колькасьці лексычных адзінак гэты слоўнік у два разы большы за аналягічны, складзены Станіславам Суднікам. І наклад ягоны — дзесяць тысячаў. Выданьне гэтае значнае як прэцэдэнт. Былі значыцца (а, пэўна, і ёсьць) сярод вайсковага кіраўніцтва неабыякавыя да беларушчыны. Тыя, каму баліць, а мо ў душы й сорамна за тое, што дзеіцца зь дзяржаўнай моваю. Так, тых, хто сёньня прысягае Радзіме па-беларуску, адзінкі. Але пры спрыяльных умовах войска рэальна першым пяройдзе на родную. Патрэбны толькі загад.


Сямён Печанко. У беларускім войску.

Вільня, «Інстытут беларусістыкі», 2007

Імпануе спакойнасьць і ўзважанасьць агульнае інтанацыі апавядальніка. Ён сапраўды спрабуе разабрацца, чаму ёсьць гэтак, як ёсьць. Тут няма ні палітжаўнераўскага трэнасу, ні фанабэрыі кшталту «хто не служыў — той не пацан». Як слушна піша ў прадмове да кнігі Сяргей Балахонаў, «аўтар ні ў якім разе не згушчае фарбы, а пагатоў не ліе на нашае войска бруду. Ён намагаецца быць як мага больш аб’ектыўным і адлюстраваць розныя бакі салдацкага побыту».

Акрамя таго, што кніга дэманструе папраўдзе рэдкі беларускі пагляд на існы стан рэчаў у нашым цяперашнім войску і, безумоўна, будзе дужа карыснай свайму наўпроставаму адрасату — то бок прызыўніку, варта зрабіць дадатковы наклад і разаслаць яе вышэйшаму камандаваньню. Вядома ж, разам з астатнімі выданьнямі нашага пяцікніжжа.

Цешым сябе спадзевам, што тым, хто слухае «Свабоду» з прафэсійнага абавязку, захочацца пачытаць сёе-тое з нашага рэйтынгу. Гэтым разам ужо для сябе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG