Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве давераныя асобы васьмі кандыдатаў у прэзыдэнты зьвярнуліся ў суд


Аварыйная пляцоўка для агітацыі на вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве.

Аварыйная пляцоўка для агітацыі на вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве.

11 давераных асоб кандыдатаў у прэзыдэнты зьвярнуліся са скаргаў у Ленінскі суд Магілёва на адміністрацыю аднайменнага раёну абласнога цэнтру. Яны намагаюцца адмяніць пастанову раённай выканаўчай ўлады аб месцах для агітацыі і правядзеньня масавых мерапрыемствах кандыдатаў у прэзыдэнты.

Скаржнікі даводзяць, што выдзеленыя для агітацыі месцы ў Ленінскім раёне Магілёва не прыдатныя для вядзеньня паўнавартаснай агітацыі. Пастанова адміністрацыі, гаворыцца ў скарзе, пазбаўляе кандыдатаў, іх давераных асоб, а таксама выбарцаў рэальных магчымасьцяў рэалізоўваць свае правы на перадвыбарчую агітацыю.

Суд скаржнікі просяць прызнаць пастанову раённай улады незаконнай і абавязаць яе прыняць новае рашэньне, якое б забясьпечвала рэалізацыю выбарчых правоў усіх удзельнікаў выбарчай кампаніі ў поўным аб’ёме і без ўсялякай дыскрымінацыі паводле палітычных матываў.

Скаргу падпісалі давераныя асобы Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча, Уладзімера Някляева, Яраслава Раманчука, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча ды Дзьмітрыя Вуса. Далучыліся да скаржнікаў і двое магілёўскіх праваабаронцаў Барыс Бухель ды Сяргей Фамін.

У Ленінскім раёне Магілёва вызначаныя тры пляцоўкі для агітацыі. Усе яны знаходзяцца ў баку ад людных месцаў. Адна з іх — ля аварыйнага будынку былога Дома культуры Магілёўскага гарвыканкаму на вуліцы Чалюскінцаў.
XS
SM
MD
LG