Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Балыкіна ўчынілі ператрус па справе выбуху 4 ліпеня


Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

У ноч з 26 на 27 лістапада прадстаўнікі праваахоўных органаў правялі ператрус на кватэры прадпрымальніка і журналіста Сяргея Балыкіна.

Яны прад’явілі ордэр на ператрус з нагоды яго магчымага дачыненьня да выбуху ўначы з 3 на 4 ліпеня 2008 году. Паводле Балыкіна, гэты ордэр быў выдадзены без санкцыі пракурора, па апэратыўнай неабходнасьці. Падчас ператрусу міліцыянты шукалі выбуховыя рэчывы. У выніку канфіскавалі чатыры мабільныя тэлефоны і кампутар. Пасьля гэтага Сяргея Балыкіна завезьлі ў Першамайскі РУУС «для гутаркі», дзе яго пратрымалі да 4 гадзінаў раніцы.

Балыкін: «Яны пыталіся пра мае палітычныя погляды, пра маё сяброўства ў АГП, пра мае паездкі за мяжу, з кім я там сустракаюся і як часта туды ежджу, пыталіся, ці выконваю я нейкія заданьні на загад замежных выведак. Таксама спыталіся, што я рабіў 3 ліпеня. Мне патлумачылі, што мой псыхалягічны партрэт, а таксама некаторыя допісы на форумах, якія я нібыта пішу, сьведчаць пра тое, што я магу мець дачыненьне да гэтага выбуху ці нават быць гэтым выканаўцам. Маўляў, мой псыхалягічны партрэт супадае з псыхалягічным партрэтам гэтага выканаўцы».
Мне патлумачылі, што мой псыхалягічны партрэт cьведчыць пра тое, што я магу мець дачыненьне да гэтага выбуху.

Сяргей Балыкін назваў дзеяньні прадстаўнікоў КДБ і міліцыі незаконнымі і зьбіраецца падаць скаргу у пракуратуру. Ён не выключае, што такія дзеяньні зьвязаныя з тым, што ён адмовіўся здаваць адбіткі пальцаў. Таксама ён не выключае, што «гэта было спробай запалохваньня».

«Я не бяру ўдзел у выбарчай кампаніі, я дыстанцыянаваўся ад усіх кандыдатаў. Я ня веру ў гэтыя выбары, але, магчыма, падставай для гэтага сталі мае крытычныя артыкулы пра беларускую эканоміку, мае выступы ў расейскіх мэдыях, Яны цікавіліся, чаму я супрацоўнічаю зь „Белсатам“, даю ім нейкія камэнтары».

Сяргей Балыкін падпісаў пратакол, у які па яго словах, увайшла «толькі невялікая колькасьць дадзеных тлумачэньняў, якая тычылася таго, што я ня ведаю і ня маю ніякіх зьвестак наконт таго, хто мог зрабіць гэты выбух і дачыненьня да гэтага выбуху ня маю. У гэты час я знаходзіўся ў Парыжы і ў Страсбуры».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG