Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 лістапада ў эфіры Першага нацыянальнага тэлеканалу былі заплянаваныя выступы кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і дзейнага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Але выступіў адзін Някляеў. Замест Лукашэнкі электарат вымушаны быў глядзець фільм «Зямля беларуская. Вытокі».

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімер Някляеў пачаў свой выступ па-беларуску на фоне свайго пляката — «За Някляева». Пачаў з таго, што хоча пагаварыць з народам па-чалавечы. Але марыць паслухаць народ, бо, маўляў, у краіне ўжо ёсьць адзін гаварун, які гаворыць суткамі. А задача кіраўніка дзяржавы іншая:

«Праца, занятак прэзыдэнта — не гаварыць: слухаць. Слухаць і чуць. Усіх — сваіх міністраў, студэнтаў, пэнсіянэраў, міліцыянтаў. Слухаць і чуць. Аналізаваць пачутае, рабіць высновы, прымаць рашэньні, і на аснове гэтых рашэньняў прымаць праз парлямэнт рашэньні».

Спадар Някляеў распавёў, што ў сваім жыцьці ён спавядаў тры прынцыпы: прыстойнасьць, здаровы сэнс і павагу да людзей.

Даволі падрабязна кандыдат распавёў пра кампанію «Гавары праўду!» — пра паштоўкі прэзыдэнту, барацьбу за вуліцу Быкава, за свае спробы трапіць на Ўсебеларускі народны сход

Пракамэнтаваў ён і заяву прэзыдэнта наконт Расеі, якая быццам бы фінансуе ягоную выбарчую кампанію:

«Нічога ў яго няма. Такіх фактаў няма. А вось у мяне факты ёсьць. Увесь час Аляксандар Лукашэнка толькі тым і займаўся, што прасіў і браў у Расеі грошы… Цяпер, калі Расея, урэшце, зразумела, што ніякага сэнсу даваць задарма грошы няма, яна зь сябра пераўтварылася ў ворага».

Няма здаровага сэнсу ў абвастрэньні стасункаў з Расеяй — гэтую тэзу Ўладзімер Някляеў падмацаваў сваім жартаўлівым вершам:

«Стаю на асфальце, у лыжы абуты, ці лыжы ня едуць, ці я вальтануты… Ня думаў тады, што напісаў верш пра гэту сытуацыю, стабільную сытуацыю. Стаяць у лыжах на асфальце — гэта і ёсьць стабільнасьць? Прычым, з палкамі міліцэйскімі, АМАПаўскім, на якіх гэты рэжым і трымаецца».

Сам сабе Ўладзімер Някляеў задаў наступнае пытаньне: «чаму я столькі ўвагі надаю маральным якасьцям Лукашэнкі?» І сам жа адказаў.

«Бо ўсе ягоныя дзеяньня ськіраваныя толькі на ўтрыманьне асабістай улады. І гэтыя дзеяньні пачынаюць наносіць эканамічную шкоду і краіне, і народу. Гэтыя дзеяньні пачынаюць утвараць для Беларусі сытуацыю нацыянальнай небясьпекі.

Спадар Някляеў заявіў, што ведае, як вывесьці з гэтага становішча краіну. «З паэта прэзыдэнт можа атрымацца нічым ня горшы, чым з дырэктара саўгасу», — мяркуе кандыдат, прывёўшы ў прыклад Вацлава Гаўла. Ён паабяцаў увесьці мацярынскі капітал, падвысіць пэнсіі, вярнуць ільготы і назваў тры асноўныя крыніцы, дзе ўзяць сродкі, калі па-гаспадарску распарадзіцца:

«Ужо даўно можна і трэба было ня нам ратаваць сяло, а сялу ратаваць краіну. Для гэтага трэба вывесьці сяло з калгаснага рэжыму. Другая крыніца грошай — у малым і сярэднім бізнэсе. Трэцяя крыніца прыбыткаў для павышэньня ўзроўня жыцьця ў тым, што называецца „лідэрскай эканомікай“, якая павінна прыйсьці на буйныя прадпрыемствы».

Усе нашы шматлікія эканамічныя праблемы ўпіраюцца ў палітычныя. А ўсе палітычныя праблемы ўпіраюцца ў праблему аднаго чалавека:

«Таму і мы правядзем палітычную рэформу такім чынам, каб ніколі, нават тэарэтычна Беларусь не мела вяртаньня да дыктатуры… Усё ў нас, родненькія мае беларусы, будзе добра. Вам шмат хто гэта абяцаў, і якім толькі прайдзісьветам вы ня верылі. Дык паверце хоць раз свайму паэту. А калі вам здасца, што я ня так кірую краінай, ня тое раблю, што абяцаў, дык ніхто вам ня будзе замінаць выбраць новага прэзыдэнта. Я за ўладу так, як за яе чапляецца Лукашэнка, чапляцца ня буду».

Распавёў паэт і пра свае мроі: Новы год, выбары прайшлі, і ён зьвяртаецца да свайго народу з навагоднім пасланьнем… І дзякуе Лукашэнку за тое, што той не пайшоў на фальсыфікацыю выбараў, што захаваў незалежнасьць краіны…

На заканчэньне Ўладзімер Някляеў запрасіў народ 6-га сьнежня, у дзень адкрыцьця Ўсебеларускага народнага сходу, на свой сход на Прывакзальнай плошчы, а 19 сьнежня — на Кастрычніцкую плошчу. Завяршыў выступ кандыдат на прэзыдэнта сваім вершам: «Я прыйшоў, каб вы перамаглі!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG