Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паказалі выступы кандыдатаў?


Ужо колькі дзён кандыдаты ў прэзыдэнты выступаюць па радыё і тэлебачаньні ў жывым эфіры. Якія агульныя ўражаньні ад іх? Ці перавярнулі яны ўяўленьні выбаршчыкаў? Вакол якіх пытаньняў адбываецца дыскусія?


Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол, галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыл Пазьняк і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Уладзімер Падгол
Кірыл Пазьняк
Аляксандар Класкоўскі
Валер Карбалевіч


Якія агульныя ўражаньні ад выступаў кандыдатаў?


Валер Карбалевіч: «Пачаўся самы небясьпечны для ўлады пэрыяд выбарчай кампаніі: выступы кандыдатаў па тэлевізіі і радыё, прычым у жывым эфіры. Якое агульнае ўражаньне ад гэтых выступаў?»

Уладзімер Падгол: «Пакуль гэтыя выступы выглядаюць не як пагроза для ўладаў, а як станоўчы момант. Тэлевізар распранае палітыка. Тут нічога не схаваеш. Улада выйграе, па-першае, за кошт самога фармату выступу. 30 хвілін гаварыць у экран — цяжка і кандыдату, і гледачу.

Па-другое, па іншых тэлеканалах ідуць цікавыя перадачы, фільмы. Як толькі на нейкай хвіліне кандыдат расслабіўся, глядач пераключае на іншы канал. Абываталь глядзіць на гэтыя выступы не як на прэзыдэнцкія выбары, а як на шоў. Адзіная шкала ацэнкі: цікава ці не цікава».

Карбалевіч: «Падчас гарбачоўскай перабудовы і галоснасьці людзі з захапленьнем глядзелі на альтэрнатыўныя выступы па тэлевізару. А цяпер ня так?»

Падгол: «У той час існавала ірацыянальная вера ў рэвалюцыйныя зьмены. Цяпер гэтага няма. Акрамя таго, у кандыдатаў ёсьць такі моцны канкурэнт, як Лукашэнка. Напрыклад, у першы дзень, калі выступалі Рымашэўскі і Міхалевіч, беларускія каналы цэлы дзень трансьлявалі выступ Лукашэнкі, які падчас нарады тэатральна заявіў, што я ня буду падпісваць дакумэнт аб беларуска-расейскай вайсковай групоўцы. Ён выступіў як абаронца нацыянальных інтарэсаў».

Кірыл Пазьняк: «Усе кандыдаты прайграюць свайму асноўнаму суперніку. У Лукашэнкі ёсьць досьвед выступаў перад тэлекамэрай, а ў апазыцыйных кандыдатаў яго няма».

Хібы кандыдатаў


Пазьняк: «Я б адзначыў дзьве асноўныя хібы ўсіх кандыдатаў. Па-першае, псыхалягічнае хваляваньне перад тэлекамэрай — выглядалі яны ня лепшым чынам. Лепш за іншых глядзеліся і слухаліся Някляеў, Статкевіч і Кастусёў.

Другая хіба ў тым, што адрасатам выступаў апазыцыйных кандыдатаў стаў іхні электарат. Паспрабавалі выйсьці за электаральнае гета Міхалевіч і Раманчук, але іхнія прамовы атрымаліся занадта акадэмічнымі. Стаўка апазыцыйных кандыдатаў робіцца на мабілізацыю на плошчу пратэстнага электарату».

Аляксандар Класкоўскі: «Мне выступ Кастусёва здаўся вельмі няўдалым. Канечне, сябры Партыі БНФ будуць задаволены, ён прасунуў іх праграму. Але ў адносінах да шырокага электарату было шмат канфрантацыйнасьці. Быў „наезд“ на атэістаў, чыноўнікаў, сілавікоў, прарасейскіх кандыдатаў. Маўляў, хто не з намі, той супраць нас. Увогуле, на каго працуюць кандыдаты?

Няма агульнага мэсыджу. Кожны кажа пра сваё. Апазыцыйная крытыка ўладаў не сумуецца, а неяк рассыпаецца. І ў абываталя — каша ў галаве.

Некаторыя кандыдаты выступалі нібы на лекцыі, выкладалі па пунктах сваю праграму, каму яны што дадуць. Але гэты набор шаблённых абяцанак не грэе».

Пазьняк: «Я адзначаў Кастусёва не ў намінацыі зьместу праграмы, а ў натуральнасьці выступу».

Падгол: «На мой погляд, з усіх кандыдатаў адзіны дзяржаўніцкі выступ быў у Кастусёва».

Ці пераканаўчымі былі кандыдаты?


Карбалевіч: «Ці напужалі выступы ўлады? Ці пераканалі кандыдаты, што трэба выбіраць новага прэзыдэнта?»

Пазьняк: «У нечым індыкатарам выніковасьці і рэзананснасьці выступаў кандыдатаў стала акцыя апазыцыі 24 лістапада. 1 тысяча дэманстрантаў у пік выбарчай кампаніі — гэта мала.

Да ўзроўню выступу Казуліна цяперашнія кандыдаты надта далёка. Пераканаць большасьць народу можна толькі тады, калі ўдаецца падаць цэласны імідж палітыка, які складаецца і з харызмы, і са зьместу ягонага выступу. У адных не хапае ці таго, ці іншага.

Статкевіч казаў па-свойску, проста, пранікнёна. Склаўся імідж добрага дзядзькі, але незразумела, што ён будзе рабіць на пасадзе прэзыдэнта.

Саньнікаў гаварыў збольшага для чытачоў сайту „Хартыя-97“, то бок камэрны радыкалізм для тых, хто ў тэме. У Міхалевіча відавочны дысананс паміж тым, хто ён ёсьць, і кім ён хоча падацца. Някляеў галоўным чынам даказваў, што ён палітык, а не паэт. Але рабіў такім голасам, нібы ён на творчай вечарыне. Кастусёў выступаў не як пэрсона, а як кандыдат ад партыі».

Класкоўскі: «Радыкальныя выступы кшталту Саньнікава — гэта агітацыя ўжо сагітаваных. Ці дастаткова гэтага для пераменаў? Ці зрушыцца нешта ў грамадзтве пасьля выступаў?

Міхалевіч і Раманчук, наадварот, паспрабавалі выглядаць не рэвалюцыянэрамі. Пра Міхалевіча адзін блогер зьедліва сказаў: выглядае так, нібы ён выступае не перад электаратам, а перад сваімі будучымі працадаўцамі. Маўляў, я ведаю, як удасканаліць існую сыстэму. Галоўны мэсыдж Раманчука: у Беларусі ўсё ня так кепска, але мы можам рухацца наперад больш дынамічна. Дык пра гэта і Лукашэнка кажа, што трэба мадэрнізацыя. Тады навошта яго мяняць? Атрымалася ні рыба, ні мяса».

Карбалевіч: «Імідж кандыдата складаецца і зь яго біяграфіі, анкетных дадзеных, у тым ліку і аб’ёму даходу, на чым акцэнтуюць увагу дзяржаўныя мэдыі».
Калі бачна, што цяпер не перамагчы Лукашэнку, то чаму б не паспрабаваць разагрэць электарат?


Падгол: «Палітыка — шматбаковы працэс. Калі бачна, што цяпер не перамагчы Лукашэнку, то чаму б не паспрабаваць разагрэць электарат? Аб’ектыўна на гэтых выбарах перамагчы Лукашэнку немажліва. Бо асноўны электарат куплены».

Спадзяюся, што выступы яшчэ стануць шоў. Пакуль я ня ўбачыў болю за Беларусь, за народ у душы кандыдатаў, каб ён зрэзанаваў з болем выбаршчыкаў».

Карбалевіч: «Атрымоўваецца, што ў Лукашэнкі 16 гадоў баліць душа, і таму ён мае за сабой вялікі электаральны рэсурс».

Падгол: «Ён таленавіта дэманструе боль. І пакуль у гэтым яго ніхто не пераўзыйшоў».

Крытыка ці пазытыў?


Карбалевіч: «Што лепш: крытыка ўладаў ці канструктыўная праграма?»

Класкоўскі: «Уладзе ўдалося за гэтыя гады маргіналізаваць апазыцыю. І цяпер улада сьцябецца: хто яны такія, дзе яны працавалі? Іх ніхто ня ведае, не пасьпяваюць запомніць прозьвішчы.

Выступы кандыдатаў заканчваюцца за два тыдні да выбараў. А пасьля пачынаецца шоў аднаго актора: усебеларускі народны сход ды іншае. І да выбараў народ забудзецца, пра што апазыцыйныя кандыдаты казалі.

Крыўдна, што апазыцыйныя кандыдаты не змаглі скаардынавацца. Трэба было стрэліць моцным адзіным мэсыджам. У выніку патэнцыял кампаніі зьнізіўся».
Трэба было стрэліць моцным адзіным мэсыджам.

Пазьняк: «Ні ў каго не атрымліваецца гарманічнага спалучэньня крытыкі і канструктыву. Праблема яшчэ ў тым, што гэта самая моцная ў сэнсе піяру кампанія Лукашэнкі. Ён застаецца штодзённым ньюсмэйкерам. Ад апазыцыйных кандыдатаў ня ідзе ў народ папулярных афарызмаў, пранікнёнага пафасу. Няма цэласнага іміджу».

Пра што выбары?


Карбалевіч: «Любыя выбары — гэта агульнанацыянальная дыскусія. Якія тэмы галоўныя тэмы дыскусій? Пра што выбары? У пачатку кампаніі, калі ішла беларуска-расейская інфармацыйная вайна, быў ажыятаж вакол сэрыялу „Хросны бацька“, здавалася, што галоўнай тэмай будзе пытаньне дачыненьняў з Расеяй. Але ў выступах кандыдатаў гэтая тэма адышла на другі плян.

Калі тэма ў выступах апазыцыйных кандыдатаў гучыць выразна, то ўлада вымушана на гэта рэагаваць. Калі падчас мінулых выбараў Казулін спытаўся, „дзе грошы, Саша?“, Лукашэнка быў вымушаны рэагаваць. У заключным слове на Ўсебеларускім народным сходзе ён тлумачыў, куды пайшлі грошы, атрыманыя за продаж зброі».

Падгол: «Я ведаю, што тэма дачыненьняў з Расеяй яшчэ прагучыць выбухова. Першыя выступы былі трэніроўкай. Кандыдаты могуць запісаць свае выступы на дыскі і шугануць па ўсёй краіне. Такі альтэрнатыўны народны тэлевізар».

Пазьняк: «Падзел кандыдатаў на жорсткіх і памяркоўных прывёў да таго, што дыскусія адбываецца вакол пытаньня: ці кіраваньне Лукашэнкі прывяло да эканамічнага краху і дыктатуры, ці прэзыдэнт на пэўным этапе быў карысным для краіны, але ён вычарпаў свой пазытыўны рэсурс і таму патрэбная мадэрнізацыя.

Што тычыцца расейскай тэмы, то яна яшчэ прагучыць. Невыпадкова Лукашэнка ўчора заявіў, што Някляеў і Саньнікаў фінансуюцца з Расеі».

Класкоўскі: «Агульнай тэмы няма, кожны кандыдат кажа пра сваё. Гэта выгадна ўладам. Няма адказу на культавае пытаньне: калі не Лукашэнка, то хто? Калі б быў адзіны кандыдат, то апазыцыя магла прадэманстраваць сілу. Цяпер такога ўражаньня няма».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG