Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Пасьля скандалу з магчымай падробкай подпісаў за кандыдатаў, ініцыяванага Юрыям Пальчэўскім, стала зразумела, што якасна адрозьнівае гэтую адмысловую выбарчую кампанію: шматгадовыя высілкі улады па імітацыі выбараў нарэшце дасягнулі відавочнага посьпеху – у фальсыфікацыях удзельнічаюць усе.

Выбарчая кампанія, якая даўно была прыгоннай павіннасьцю для Лукашэнкі, цяпер стала такой і для іншых. На яшчэ цёплае месца Гайдукевіча ахвотна прыселі дзевяць ласкава зарэгістраваных кандыдатаў. І цяпер усё дзеяньне выглядае, як баявік клясы “С”, але з губэрнатарам Каліфорніі ў галоўнай ролі – глядзець нецікава, фінал зразумелы, але трэба пераседзець, пакуль не пераможа галоўны герой.

Больш за тое – рэжым абараніў сваё званьне галоўнага і агульнага працадаўцы рэспублікі – усе кандыдаты ў прэзыдэнты ў выступах па радыё і ТБ вымаўлялі слова "дыктатура" так, што ніякі лягапэд не прычэпіцца, і так часта зьвярталіся да асобы Аляксандра Лукашэнкі, што рабілася незразумела, за каго яны усё ж агітуюць. Перапоўненыя страхам вочы і дрыготкі голас выдае адзіную думку – "толькі б не мяне". Але можа лепш ужо так, чым сапраўды верыць у саракагадовага эканаміста, які ў якасьці вартай даверу рысы кандыдата хваліцца тым, што скончыў сярэднюю школу з мэдалём, а ў інстытуце вучыўся на круглыя пяцёркі?

У 2001-м мы думалі, што занадта слабыя, каб адолець дыктатуру. Аналізавалі памылкі, знаходзілі вінаватых, рыхтавалі стратэгіі на будучыню. У 2006-м была шчырая вера ў магчымасьць перамогі, салідарнасьць, спадзеў на адзінага. Сёньня я ня ведаю аніводнага чалавека, які б верыў, ці хаця б спадзяваўся на тое, што пераможа не Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG