Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Усходняе партнэрства”: дзяржава і грамадзянская супольнасьць — паасобку


На мінулым тыдні ў Бэрліне праходзіў ІІ Форум грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства. Гэта адзін са структурных элемэнтаў эўразьвязаўскай ініцыятывы, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці з Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Беларусі, Малдовы, Украіны і 27 дзяржаваў Эўрапейскага зьвязу. Сёньня беларускія ўдзельнікі імпрэзы расказалі пра плён ад падобных сустрэчаў.

Сяргей Мацкевіч
Паводле сьпікера бэрлінскага форуму Сяргея Мацкевіча, у працоўных групах абмяркоўваліся пытаньні, найбольш актуальныя для разьвіцьця Ўсходняга партнэрства: адміністратыўныя рэформы, эканамічная інтэграцыя, візавая лібэралізацыя, правы чалавека, альтэрнатыўная энэргетыка, навакольнае асяродзьдзе і г.д. Практычна па ўсіх накірунках беларуская дэлегацыя прапанавала сваё бачаньне пэрспэктываў, адлюстраваных у дарожных мапах:

«Адна з нашых задачаў — гэта давесьці праз форум ідэю дарожных мапаў. І яна, можна канстатаваць, у той ці іншай ступені спрацавала. Называючы іншымі словамі, гэтыя „матрыцы“ былі падтрыманыя і эўракамісарам, і іншымі эўрапейскімі чыноўнікамі. Таму я думаю, што гэта якраз той пэрспэктыўны накірунак, які будзе прасоўвацца ня толькі на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці, але, вядома, і на ўзроўні Эўракамісіі».

Беларусь у Бэрліне рэпрэзэнтавалі 27 арганізацый, абсалютная бальшыня зь якіх — арганізацыі трэцяга сэктару. Дзяржаўныя інтарэсы прадстаўлялі афіцыйныя прафсаюзы. Зь нечаканага боку адзначыўся старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік. Падчас працы ў адной з тэматычных групаў чыноўнік выступіў з палітычнай заявай да эўрапейскіх уладаў, каб Беларусь тэрмінова прынялі ў Эўразьвяз. Аднак, як кажа нацыянальны каардынатар форуму Ўлад Вялічка, прынамсі дагэтуль улады рабілі ўсё для таго, каб такія пэрспэктывы адсунуць:

Улад Вялічка
«Мы крытыкавалі гэты фармат „Усходняга партнэрства“ за тое, што на пэўным этапе, пасьля нежаданьня беларускага ўраду бачыць грамадзянскую супольнасьць на пляцоўках, дзе сустракаюцца ўрады, нам фактычна было адмоўлена ў далейшай камунікацыі. Але зразумела, што надалей такая сытуацыя захоўвацца ня можа, і мы павінны гэты фармат памяняць. Ёсьць такое разуменьне, думаю, і ў Эўракамісіі, і ў экспэртаў. То бок, хутчэй за ўсё, мы будзем бачыць нейкі іншы фармат удзелу грамадзянскай супольнасьці ў дыялёгу зь дзяржавай у рамках гэтай праграмы».

Палітыка беларускага кіраўніцтва ўжо прывяла да таго, што грамадзяне краіны аказаліся фактычна адрэзаныя ад эўрапейскай супольнасьці. Адно з наступстваў канфрантацыі з Захадам — візавыя бар’еры. Менавіта гэтае пытаньне, як кажа прадстаўніца міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Тацяна Пашавалава, было ўзьнятае падчас сумеснага абмеркаваньня:

Тацяна Пашавалава
«Трэба разумець: ідэя дарожных мапаў мае на ўвазе далейшыя крокі. То бок, гэта мапа ня толькі для грамадзянскай супольнасьці, але і для камунікацый. Візавае пытаньне — адно з самых актуальных, хоць Беларусь тут зусім не ў горшым становішчы, Каўказ мае нашмат больш сур’ёзныя складанасьці ў пытаньнях візаў. Таму ёсьць вельмі вялікая матывацыя на ўдзел у гэтым напрамку ўсіх шасьці краінаў. Я таксама спадзяюся, што за наступны год будзе заяўлены сумесны праект на ўдзел у эўрапейскай дасьледчай прасторы. І, магчыма, у галіне адукацыі мы гэтаксама прыйдзем да такіх вось мадэльных праектаў».

Яшчэ адзін важны напрамак, які можа быць рэалізаваны ў рамках «Усходняга партнэрства», — энэргетычныя і экалягічныя праекты. Гаворыць кіраўніца аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій:

Ірына Сухій
«Пытаньне адходаў аднолькавае для ўсіх краінаў. Іншая важная праблема — зьмена клімату і захады на адаптацыю ў новых умовах, зьмяншэньне выкіду парніковых газаў. Былі дзьве паперы па энэргетыцы: адна тычылася разьвіцьця ўзнаўляльных крыніцаў энэргіі, а другая зьмяншэньня стратаў ад розных энэргетычных праектаў — перадусім, трубаправодаў, якія будуюцца, будуць будавацца ці толькі плянуюцца. Гэтыя тэксты яшчэ не дарожныя мапы, але яны вельмі блізкія да іх паводле сваёй структуры. Там ёсьць аналіз сытуацыі, ёсьць тое, чаго мы хочам дасягнуць і пэўныя рэкамэндацыі».

Наступны Форум грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняе партнэрства» пройдзе праз год у польскай Познані. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна кажа, што да гэтага часу беларускі бок мусіць нарэшце выпрацаваць салідарную пазыцыю адносна спробы дзяржавы падмяць пад сябе грамадзкі сэктар:

Жана Літвіна
«Як рухацца, як быць пачутымі, з чаго пачынаць? У мяне абсалютна канкрэтная прапанова: для таго, каб было аб чым беларускай дэлегацыі гаварыць на ІІІ Форуме, я прапаную дэлегатам папярэдняга форуму зьвярнуцца да ўраду, каб ён адклікаў сваю ініцыятыву аб выключэньні грамадзянскай супольнасьці зь перамоваў на тэматычных міжурадавых плятформах. Патлумачыць ім, што гэта вельмі сорамна. І калі для ўсіх іншых краінаў такая супраца цалкам натуральная, то беларускі ўрад такімі крокамі ня мусіць зноў „выдзяляцца“. Я катэгарычна супраць выбудоўваньня ўладай паралельнай вэртыкалі грамадзянскай супольнасьці».

Трэцяму форуму грамадзянскай супольнасьці будзе папярэднічаць саміт кіраўнікоў краінаў-удзельніцаў «Усходняга партнэрства», які адбудзецца ў траўні 2011 году ў Будапэшце.
XS
SM
MD
LG