Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латыска-расейская кампанія блякуе вэнэсуэльскую нафту?


"Белнафтахім" абвінаваціў латыска-расейскую кампанію "ЛатРосТранс" у нанясеньні эканамічнай шкоды Рэспубліцы Беларусь празь зьліў тэхналягічнай нафты з нафтаправоду Полацак-Вэнтспілс. Менск лічыць, што зьліў насамрэч мае на мэце выключыць магчымасьць перапампоўваньня вэнэсуэльскай нафты з танкераў у Вэнтспільсе на нафтаперапрацоўчы завод у Наваполацку.

"Паводле інфармацыі, пацьверджанай сьведчаньнямі прыладаў уліку Наваполацкага рэспубліканскага прадпрыемства па транспарце нафты "Дружба", 25 лістапада 2010 года ТАА "ЛатРосТранс" прыступіла да зьліву нафты", — заявіў "Белнафтахім" на сваім сайце.

Беларускі канцэрн кажа, што мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць права ўласнасьці беларускага прадпрыемства на тэхналягічную нафту ў нафтаправодзе.



У "Белнафтахіме" лічаць, што зьліў нафты і запаўненьне нафтаправоду сумесьсю газаў прывядзе да немагчымасьці выкарыстаньня трубаправода Наваполацак-Вэнтспілс для перапампоўваньня нафты.

Амбасадар Беларусі ў Латвіі Аляксандар Герасіменка нядаўна даў зразумець, што сапраўднай мэтай "ЛатРосТранс" зьяўляецца заблякаваньне магчымасьці пампаваньня вэнэсуэльскай нафты з Вэнтспілсу ў Наваполацак:

"Мы ўжо паўгода ўпрошваем акцыянэраў "ЛатРосТранс", якія валодаюць нафтаправодам Вэнтспілс-Наваполацак, аб дазволе прапампоўваць праз Латвію нафту. Аднак усе спробы аказаліся марнымі. (...) У сваю чаргу маскоўскія ўладальнікі –Транснафтапрадукт (даччынае прадпрыемства Транснафты), якім належыць 34% акцый прадпрыемства, усяляк перашкаджаюць вырашэньню гэтага пытаньня. Па нашых падліках, латвійскі бюджэт у выглядзе падаткаў ад транзыту 5 млн. тон вэнэсуэльскай нафты мог бы атрымаць прыкладна 50 млн. долараў (25 млн. латаў) прыбытку" – сказаў Герасіменка.

У сваю чаргу амбасадар Латвіі ў Беларусі Міхаіл Попкаўс заявіў, што расейскае прадпрыемства, якой прыналежыць траціна трубаправода, паводле статуту мае права вэта на працу нафтаправоду ў рэвэрс, з Вэнтспілсу ў Наваполацак. Паводле Рыгі, гэтая спрэчка павінна вырашацца паміж зацікаўленымі эканамічнымі суб’ектамі, а ня ўрадамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG