Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 лістапада на сваім пасяджэньні Цэнтравыбаркам разгледзіць прапанову грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» аб магчымасьці кругласутачнага назіраньня падчас датэрміновага галасаваньня, якое пачнецца 14 сьнежня.

У выбарчых камісіях ужо акрэдытавана больш за 5300 унутраных і 288 міжнародных назіральнікаў. Паводле сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, наглядальнікі АБСЭ і СНД «актыўна працуюць у цэнтры і рэгіёнах». Адбылася чарговая сустрэча ў ЦВК з кіраўніком місіі наглядальнікаў Бюро ў дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Гертам Арэнсам.

Мікалай Лазавік
«Ён праінфармаваў, што ў цэлым па ўсёй рэспубліцы працэс назіраньня не сустракае ніякіх перашкодаў, усюды ствараюцца спрыяльныя ўмовы для працы назіральнікаў. Нейкіх заўвагаў і скаргаў з боку назіральнікаў няма».

Аднак сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін лічыць, што пакуль вырашаныя ня ўсе пытаньні, зьвязаныя з назіраньнем без перашкодаў.

«Ёсьць некалькі магчымасьцяў для фальсыфікацыі выбараў. Адна зь іх — гэта падмена галасоў выбарцаў у той момант, калі скрыні для датэрміновага галасаваньня знаходзяцца без усялякага нагляду. Разам зь імі знаходзіцца толькі прадстаўнік міліцыі. Напрыклад, падпалкоўнік Казлоў казаў, як падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 году, калі ён прысутнічаў на ўчастку, кіраўнік камісіі пасьля працы камісіі, адчыняў памяшканьне, заходзіў разам зь нейкім іншым сябрам камісіі і ўкідваў у скрыню бюлетэні за каго патрэбна. І даставаў за каго не патрэбна. Гэта наогул творыцца шмат дзе. І гэта адзін з асноўных мэханізмаў фальсыфікацыі выбараў».

Сяргей Калякін
Паводле спадара Калякіна, у выпадку станоўчага рашэньня ЦВК па гэтым пытаньні, кампанія «За справядлівыя выбары» ахопіць па ўсёй краіне 250 участкаў кругласутачным назіраньнем.

«Калі адмовіць Цэнтравыбаркам, ён тым самым будзе ствараць умовы для фальсыфікацый, „крышаваць“ гэтыя фальсыфікацыі. Таму гэта вельмі важна. У нас на некаторых участках галасуюць датэрмінова да 90% выбарцаў. У цэлым па краіне 30% галасуе датэрмінова. Мы просім, каб наглядальнікам далі магчымасьць сачыць за тым, ці хто лазіў у гэтыя скрыні. Калі ўлада пойдзе на дэмакратызацыю, яна адкрые падлік галасоў».

Сёньня ўначы на памежным пункце «Каменны Лог» у прадстаўнікоў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча і Зьмітра Салаўёва, якія вярталіся зь Вільні ў Менск, мытнікі канфіскавалі 115 асобнікаў інструкцыі для кароткатэрміновых назіральнікаў.

Уладізмер Лабковіч
Лабковіч: «Гэтыя інструкцыі плянаваліся для таго, каб падрыхтаваць назіральнікаў, якія будуць наглядаць на выбарчых участках. Гэтыя матэрыялы ўзяты зь дзейнага беларускага заканадаўства. І там няма нічога, што хоць нейкім чынам паказвала на заангажаванасьць незалежнага назіраньня. Гэты крок мы адназначна разглядаем як перашкоду ў дзейнасьці незалежнага назіраньня ў Беларусі».

Паводле спадара Лабковіча, працэс выбараў дагэтуль застаецца непразрыстым, а ў выбаркамах немагчыма атрымліваць неабходную інфармацыю. Таму «працэс узаемадзеяньня назіральнікаў і выбаркамаў не зьмяніўся параўнальна з папярэднімі кампаніямі». Цяпер працуе 85 доўгатэрміновых назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», а з пачатку датэрміновага галасаваньня іх будзе каля 600.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG