Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці даедуць кандыдаты да “запаведніку камунізму”?


Апазыцыйныя актывісты з рэгіёнаў Беларусі, сябры ініцыятыўных груп кандыдатаў на прэзыдэнта скардзяцца, што першы тыдзень агітацыйнай кампаніі змарнаваны. Асноўная прычына — няма друкаванай прадукцыі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Паўнавартасная агітацыя не атрымліваецца


За восем дзён ад пачатку агітацыйнай кампаніі, па сутнасьці, ніяк сябе ня выявілі на Гомельшчыне ініцыятыўныя групы кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Цярэшчанкі, Дзьмітрыя Вуса, Алеся Міхалевіча, Мікалая Статкевіча.

Грамадзкі актывіст з Калінкавічаў Дзяніс Рабянок дзеліцца сваімі назіраньнямі:

Дзяніс Рабянок
«На сёньняшні дзень у Калінкавічах няма яшчэ ні пікетаў, ні інфармацыйных улётак, ні аб’яваў пра сустрэчу з аніводным кандыдатам. Прайшло ўжо колькі часу, а каманды ніводнага кандыдата ніяк сябе ня выявілі. Таму я лічу, што ўсе гэтыя заявы, што мы ідзем на выбары, каб папрацаваць з насельніцтвам, раз на пяць гадоў данесьці да іх сваю кропку гледжаньня — гэта пустыя заявы».

І ў абласным цэнтры бальшыня прэтэндэнтаў на вышэйшы дзяржаўны пост асабліва сябе не выяўляюць.

Тлумачыць рэгіянальны кіраўнік руху Пятро Кузьняцоў:

Пётар Кузьняцоў
«Агітацыйная кампанія Алеся Міхалевіча ў Гомелі пакуль што ня ідзе. Кампанія гэта — рэспубліканская, мы падпарадкоўваемся рэспубліканскаму штабу. Вядзем агітацыйную кампанію тымі сродкамі, якія да нас паступаюць зь Менску, у тым ліку друкаваныя матэрыялы й гэтак далей. Пакуль гэтага ў рэгіёне няма, адпаведна весьці агітацыйную кампанію няма чым».

З адсутнасьцю агітацыйных матэрыялаў сутыкнуліся й актывісты ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча.

Гаворыць зборшчыца подпісаў за Статкевіча, гомельская грамадзкая актывістка Кацярына Гаравая:

«Мы зьвязаныя па руках і нагах. У нас няма агітацыйных матэрыялаў. У нас няма ўлётак кандыдата, праграмы. Мы што, станем у пікет — і як мы будзем агітаваць? Чым мы будзем агітаваць?»

26-га лістапада Кастусь Жукоўскі й Яўген Якавенка арганізавалі жартаўлівую акцыю «Празрысты ад’езд» ля дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту. У адмыслова зробленую празрыстую выбарчую скрыню зьбіралі ахвяраваньні на білет у Вэнэсуэлу. Каму — зразумела.

Збор сродкаў на білет у Вэнэсуэлу.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«І подпісы тут не зьбіралі, і агітаваць няма каму…»

У некаторых раёнах Гарадзеншчыны ніхто з апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты не праводзіў збору подпісаў, ніхто і зараз не агітуе, а мясцовыя жыхары спадзяюцца, што пра іх згадаюць хоць падчас выбарчае кампаніі.

Бераставіцкі раён называюць на Гарадзеншчыне «запаведнікам камунізму», тут не існуе ніякіх апазыцыйных партыйных структураў, ніхто не зьбіраў подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў. Па хатах хадзілі толькі праўладныя агітатары і зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку.

Размаўляю зь вясковым жыхаром, ён з сумам распавядае, што толькі падчас выступаў апазыцыйных кандыдатаў па тэлебачаньні людзі пачулі іншыя думкі, меркаваньні пра тое, як па-іншаму можна жыць і будаваць краіну. Але, большасьці, зь яго слоў, гэта ўжо і не цікава, яны даўно пазбаўленыя ўвагі палітыкаў.

Спадар: «Нашы людзі пераважна зацюканыя, акрамя маіх аднадумцаў, усе стараюцца маўчаць. Некаторыя нават хваляць рэжым, маўляў, паглядзі як жывём, усё ёсьць у крамах, мне хапае — а сам у ботах гумовых увесь час ходзіць. І так цэлы раён, нездарма ж яго называюць „запаведнікам камунізму“, нікому рот адкрыць не даюць».

У Воранаўскім раёне пытаюся ў спадара — як вы жывеце?

Спадар: «Ну змагаемся, сілімся, працуем, нешта робім, справа ў тым, што амаль год сядзім бяз працы, спрабуем неяк выжыць. Ня ўдзельнічаем ні ў якіх апошніх падзеях…».

Зь яго слоў, ніхто з апазыцыйных кандыдатаў і зь іх камандаў у раён наагул не заяжджаў ні за подпісамі ні з агітацыяй. Праўда, спадар кажа, што іх раён далёка ад Менску і Горадні, а таму і цяжка даехаць. Пытаюся: што людзі кажуць пра выбары ў іх забытым палітыкамі рэгіёне?
Вось многія прыходзілі, казалі, што Кастусёў асабліва спадабаўся …

Спадар:
«Дзякуючы тэлебачаньню людзі сочаць за выступамі кандыдатаў, хваляць іх. Вось многія прыходзілі, казалі, што Кастусёў асабліва спадабаўся ды і іншыя таксама. Усе падтрымліваюць іх».

Праўда, спадар дадае, што ў раёне і раней не галасавалі за дзеючага кіраўніка, але пасьля падліку бюлетэняў, лічбы заўсёды называліся адваротныя.

У Івейскім раёне таксама няма агітацыі, ніводнага пляката, людзі таксама абмяжоўваюцца толькі тым, што глядзяць тэлевізар. Мая суразмоўніца кажа, што ў вёсцы пераважна пэнсіянэры, сядзяць па хатах. Пэнсію ім прыносяць, а падчас выбараў прынясуць і скрыні для галасаваньня.

Спадарыня: «Вось у мяне дзеці ў горадзе, дык дачцэ давалі загад за Лукашэнку сабраць 150 подпісаў, а інакш звольняць з працы. Дык яна прыяжджала прасіла ў нас пашпарты. Я ёй сказала, што не хачу за Лукашэнку і не дала пашпарта. І болей ніхто да нас не прыходзіў, ні за подпісамі, ні агітаваць — паўсюль Лукашэнка і ўсё…».


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Давераныя асобы Дзьмітрыя Вуса тлумачаць прычыны бязьдзейнасьці

Менавіта з наведваньня Магілёўшчыны распачалі агітацыйную кампанію Віталь Рымашэўскі, Уладзімер Някляеў ды Рыгор Кастусёў. Каманды астатніх семярых кандыдатаў публічна агітаваць яшчэ не пачыналі.

У Магілёве перадвыбарчую агітацыйную кампанію двума пікетамі праводзяць толькі паплечнікі Някляева. Пікетаў іншых кандыдатаў няма. Няма і іншых праяваў агітацыйнай дзейнасьці:

«Пакуль яшчэ не атрымаў пасьведчаньне даверанай асобы Вуса. Ніякай нагляднай агітацыі яго мы яшчэ таксама не атрымалі. А так проста хадзіць і сьцяжкамі махаць, вы ж разумееце, не па правілах», — тлумачыць агітацыйную пасіўнасьць паплечнік кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса Ўладзімер Новікаў.

У Магілёўскім штабе Мікалая Статкевіча прызнаюць: першы тыдзень агітацыйнай кампаніі змарнаваны. Няма як агітацыйных матэрыялаў кандыдата, так і пасьведчаньня даверанай асобы ў яго паплечніка Юрыя Новікава:
Нам няма з чым ісьці да выбаршчыкаў і што ім прапаноўваць …

«Спазьніліся з выдачай пасьведчаньняў, і мы нават ня можам занесьці ў газэту нашу магілёўскую матэрыялы, каб надрукавала. Нам няма з чым ісьці да выбаршчыкаў і што ім прапаноўваць. У друкарні ўзьніклі праблемы, і яна дагэтуль не надрукавала нам агітацыйныя матэрыялы».

Паплечнікі Міхалевіча ў чарговы раз паабяцалі распачаць агітацыю ў самы бліжэйшы час. Апраўдваюць пасіўнасьць звыкла — няма друкаваных матэрыялаў:

Аляксандар Сілкоў
«Агітацыйныя матэрыялы будуць гатовыя толькі сёньня. Завозім таксама свае пікеты. Іх потым выставім. Іх будзе толькі два», — тлумачыць штабіст кандыдата Аляксандар Сілкоў.

Звыклая фраза «няма друкаваных матэрыялаў» прагучала як апраўданьне агітацыйнай пасіўнасьці і ад паплечніка Раманчука Ўладзімера Шанцава. Ён аднак заявіў, што агітаваць за кандыдата ад АГП пачалі ад сёньня:

«Сёньня ў „Весьніку Магілёва“ на першай старонцы апублікавана аб’ява пра тое, што сустрэча з Раманчуком адбудзецца 30 лістапада ў архітэктурна-будаўнічым каледжы».

Што да наведваньня кандыдатамі рэгіёну, то Рымашэўскі ўжо агітаваў у Бабруйску, Някляеў сустракаўся з магілёўцамі, Кастусёў пачаў агітаваць з Дрыбіна й Горак. Акрамя Магілёва паплечнікі Някляева пікетам агітуюць і бялыніцкіх выбарцаў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Калі б не БТ, то кандыдатаў не пачулі б»

У Берасьці, горадзе з трымастамі тысячамі насельніцтва, на сёньня няма ніводнага агітацыйнага пляката кандыдатаў. А гэта ўжо восьмы дзень, як зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзыдэнты. Штабы палітыкаў рыхтуюцца да інфармацыйных пікетаў, а таксама разьмяшчаюць інфармацыю аб кандыдатах і праграмы ў дзяржаўных СМІ.

Паводле даверанай асобы Мікалая Статкевіча Віктара Чайкоўскага, нават доўгатэрміновыя назіральнікі ад АБСЭ задавалі адміністрацыі гораду і вобласьці пытаньні наконт таго, чаму няма агітацыйнай кампаніі. Віктар Чайкоўскі кажа, што ў назіральніка з Расеі Віктара Мосіна і назіральніка з ЗША Робэрта Бэры ўжо ўзніклі пытаньні да кампаніі:

«Агітацыйных матэрыялаў няма да гэтага часу. Гэта віна ЦВК. Кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч ледзь не штодня езьдзіць па некалькі разоў ад ЦВК да друкарні. Але на сёньняшні дзень па Берасьці няма ніводнага агітацыйнага пляката з фотаздымкам, з праграмамі прэтэндэнтаў».

Сытуацыя ў рэгіёнах такая ж самая. Актывісты, якія зьбіралі подпісы за кандыдатаў, чакаюць агітацыйных матэрыялаў, кажа сябра партыі «Справядлівы сьвет» з Давыд-Гарадку, што на Століншчыне, Вячаслаў Амяльчэня:

«Яшчэ няма ніякіх агітацыйных матэрыялаў. Я нядаўна вёў размову з абласным кіраўніцтвам партыі, але там адзначаюць, што пакуль нічога не падрыхтавана. А што там, у чым прычына, мяне не інфармавалі, я ня ведаю, што там здарылася, мы самі сядзім і чакаем».

Ў Бярозаўскім раёне, як кажа сябра партыі БНФ Анатоль Сахаруша, людзі могуць даведацца пра кандыдатаў, бадай, толькі праз выступы на тэлебачаньні і радыё. Агітацыйныя матэрыялы абяцалі даставіць пры нагодзе, але пакуль іх няма:

«Трэцяга сьнежня адбудзецца сустрэча з Рыгорам Кастусёвым. А што да агітацыйных матэрыялаў, то іх няма, мы нічога нідзе не атрымлівалі. Са штабу ў мяне толькі пацікавіліся, ці хопіць тры, тры з паловай тысячы плякатаў на раён. Паабяцалі, што пры нагодзе іх даставяць. Але калі дакладна — не сказалі».
Чыноўнікі далі дазвол на сустрэчы з кандыдатамі ў Бярозе, Белаазёрску і яшчэ чатырох вёсках, якія знаходзяцца на ўскраінах раёну.


Анатоль Сахаруша кажа, што ў Малечы наагул няма адведзеных месцаў для сустрэч з кандыдатамі. Такія месцы выдзеленыя ў шасьці населеных пунктах, большасьць зь якіх — вёскі на акраінах раёну, але ў гарадзкім пасёлку, дзе паўтары тысячы жыхароў дазволу на сустрэчы няма:

«Я накіраваў скаргі ў ЦВК, аблвыканкам і райвыканкам. Ў Бярозаўскім раёне існуе 110 населеных пунктаў. Чыноўнікі далі дазвол на сустрэчы з кандыдатамі ў Бярозе, Белаазёрску і яшчэ чатырох вёсках, якія знаходзяцца на ўскраінах раёну».

Берасьцейскі штаб кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева накіраваў у гарвыканкам паведамленьне пра намер правесьці пікеты ў дзесяці ажыўленых месцах горада. Праўда, гэтыя месцы адрозьніваюцца ад тых, якія вызначаны адміністрацыяй гораду.
XS
SM
MD
LG