Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя кандыдаты праводзяць сустрэчы з выбарцамі ў розных гарадах Беларусі. Пакуль на перадвыбарчыя сходы прыходзіць няшмат людзей. Кандыдаты скардзяцца на тое, што мясцовая прэса ня хоча друкаваць абвесткі пра іх сустрэчы. Пра першыя ўражаньні ад сустрэч і графікі бліжэйшых паездак кандыдатаў на прэзыдэнта.

Лідэр па сустрэчах з выбарцамі ў рэгіёнах на сёньня — кандыдат ад АГП Яраслаў Раманчук, які ўжо наведаў 7 гарадоў Берасьцейскай і Менскай абласьцей. Сёньня ён у Баранавічах, а на выходных наведае Маладзечна, Оршу, Гародню. Пакуль не на ўсе такія сходы прыходзіць шмат людзей, кажа спадар Раманчук:

Яраслаў Раманчук агітуе жыхароў Кобрына, 22 лістапада
"Калі мы пачалі першыя спатканьні, то зразумелі, што для падрыхтоўкі сустрэчы 2 дні — гэта вельмі мала, тым больш што мясцовыя ўлады забараняюць тэлебачаньню, газэтам публікаваць рэкляму наконт гэтых сходаў. І таму толькі праз улёткі, праз кантакты даводзіцца працаваць, гэта вельмі складана. І таму прыходзіць на сходы яшчэ ня вельмі шмат людзей, але я думаю, што калі выбарчыя камісіі пачнуць працаваць згодна з законам, выконваць свае абавязкі і інфармаваць выбарцаў пра сустрэчы, тады будзе значна лепш. Апрача таго, думаю, што бліжэй да выбараў, у сьнежні, людзей на сустрэчах будзе больш".

У канцы гэтага тыдня Яраслаў Раманчук зьбіраецца наведаць і родны пасёлак Сапоцкін на Гарадзеншчыне.

Андрэй Саньнікаў учора правёў свае першыя сустрэчы ў Менскай вобласьці. У Слуцку на сходзе ў Доме культуры прысутнічала 200 чалавек, у Салігорску — каля 100. Сёньня спадар Саньнікаў у Барысаве, на выходных будзе ў Кобрыне, Баранавічах і Берасьці.

Андрэй Саньнікаў, Меснк, 19 лістапада
"Першыя паездкі пацьвердзілі тое, што я бачыў падчас збору подпісаў. Я быў у Слуцку і Салігорску, там ёсьць пратэстныя настроі, вельмі моцныя, але ёсьць і надзея. І вось людзі абмяркоўваюць гэтую надзею і што трэба рабіць, каб сапраўды памянялася сытуацыя ў краіне. І гэта вельмі добра, таму што ўсё больш людзей уключаецца ў гэтае абмеркаваньне, а праз гэта ўключаецца ў кампанію".

Андрэй Саньнікаў да канца кампаніі зьбіраецца наведаць усе буйныя гарады Беларусі.

Першую сустрэчу ў Магілёве ўчора правёў Уладзімер Някляеў. У актавую залю на ўскраіне гораду прыйшло каля 100 чалавек, паведаміла прэсавая сакратарка Някляева Юлія Рымашэўская:

Уладзімер Някляеў, Магілёў, 25 лістапада
"Галоўнае пытаньне, якое абмяркоўвалася, — гэта тое, якім чынам і дзе браць грошы Беларусі, калі яна зьменіць прэзыдэнта. Адпаведна, вакол гэтага была цэлая дыскусія: а ці ведаюць яны, адкуль сёньня бяруць грошы, ці ўпэўненыя яны ў тым, што пазычаць грошы — гэта адзіная крыніца здабываньня рэсурсаў. А па-другое, людзей хвалявала сацыяльная палітыка, ільготы, адукацыя".

Юлія Рымашэўская кажа, што ёсьць пэўныя праблемы і недахопы з арганізацыяй сходаў, але яны вырашаюцца. Уладзімер Някляеў у гэтую суботу наведае Оршу, у нядзелю — Віцебск.

Кандыдат ад БХД Віталь Рымашэўскі наведаў Бабруйск, Клічаў, Асіповічы. Ён аддае перавагу пікетам, бо мясцовыя ўлады даюць залі наводшыбе, дзе цяжка сабраць шмат людзей.

Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец, Менск
"Гэта парушэньне права на свабодныя выбары, бо сустрэцца зь людзьмі ў зручных месцах немагчыма. А што тычыцца вулічных сустрэч, то для іх выдзеленыя сабачнікі, нейкія балоты, мясьціны на ўскрайку. Таму мы сустракаемся там, дзе нам зручна. Так было ў Бабруйску, дзе мы цягам дзьвюх гадзін сустракаліся зь людзьмі каля ўваходу ў вакзал. 300 чалавек удзельнічала ў сустрэчы, таму што гэта люднае месца".

Спадар Рымашэўскі кажа, што падчас ягонай сустрэчы ў Бабруйску больш за 30 чалавек запісалася ў партыю БХД і назіральнікамі на выбарчыя ўчасткі:

"Калі гэта не пратэстны настрой, то што тады? Людзі гатовыя і чакаюць альтэрнатывы. Тое, што людзі стаміліся ад Лукашэнкі, што ён ніяк не набірае 50 працэнтаў галасоў у першым туры, ня будзе ў яго гэтага, калі ён не фальсыфікуе выбары, — гэта абсалютна зразумела".

Кандыдат ад БНФ Рыгор Кастусёў сёньня выправіўся ў першую агітацыйную паездку па маршруце Дрыбін — Горкі — Орша. У суботу ён наведае Слуцак, у нядзелю — Магілёў, Бялынічы, Круглае, Шклоў, а далей графік ягоных паездак расьпісаны да 18 сьнежня.

Рыгор Кастусёў, Віцебск, 12 кастрычніка
"Мы зрабілі выснову, што менавіта сустрэчы зь людзьмі маюць найбольшы станоўчы эфэкт. Прысутнасьць кандыдата ў людзей выклікае вялікую цікавасьць. Большасьць людзей, з кім сустракаемся, ставяцца да нас станоўча, кажуць, што робяцца нашымі прыхільнікамі. А гэтыя людзі, паразмаўляўшы са сваімі суседзямі, са сваёй раднёй, яны будуць яшчэ як нашыя агітатары".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG