Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Уладзімер, ці не сумуеце Вы па часопісе "Крыніца"? Прайшло ўжо дзесяць гадоў, як улада яго задушыла, а замены пакуль няма. Паважаю "Дзеяслоў" і "Arche", але ў іх свае "нішы".

Алесь Занкевіч

Можна вінаваціць Уладзімера Някляева ў чым заўгодна: забіў ката, хаўрусаваў з уладай, выставіў сваю кандыдатуру, "прызнаў Абхазію" (мо ўжо і Паўднёвую Асэтыю?) і "ўсё прадае Расеі". Але нельга ўзяць пад сумнеў тое, што ў сярэдзіне 1990-х гадоў ён стаў галоўным рэдактарам найлепшага ў ХХ стагодзьдзі беларускага літаратурна-культуралягічнага часопіса.

Вядома, новую "Крыніцу" (бо ад савецкіх часоў выходзіла старая — з карцінкамі і на дзьвюх мовах) ён стварыў не адзін, а сабраўшы каманду і выцягнуўшы з шафы ў сваім кабінэце спачатку адну, а потым, здаецца, яшчэ дзьве скрынкі армянскага каньяку. Выпіта гэта было не за раз — тады б, відаць, нехта памёр, а часопіс не нарадзіўся, — а вечароў за дзесяць, калі фармулявалася канцэпцыя часопіса. Разглядаліся й варыянты новага назову. Нехта, патрывожыўшы цені Дубоўкі, Чорнага, Бядулі, насьмеліўся прамовіць: "Узвышша". Я прапаноўваў "Залатую горку". Засталася "Крыніца", але ўжо без рознакаляровых карцінак, зь іншым фарматам і адной (тады яшчэ адзінай дзяржаўнай) моваю. У першым складзе рэдакцыі былі Акудовіч, Асташонак, Дранько-Майсюк, Залоска, Разанаў... Прымазаўся і я.

Першы нумар (зраблю тут NB) выйшаў у ліпені 1994-га. Сябры рэдакцыі прапанавалі чытачам ляканічныя эсэйкі пра ўласнае бачаньне новага выданьня. Я напісаў пра тое, што Беларусь мае ўласьцівасьць існаваць адно тады, калі ты разьвітаесься зь ёю, каб жыць сярод чужаніцаў, пакуль нарэшце ня здасца, што ў цябе таксама ёсьць дом. Я марыў, што з вопрадня ранейшага часопіса выйдзе на сьвет іншы — такі, які дапаможа сваім аўтарам і прыхільнікам пачуцца менш бяздомнымі тут, у этнаграфічных межах, ці, прынамсі, які захочацца захапіць з сабою падчас чарговых уцёкаў у пошуках Беларусі.

І такі часопіс з накладам 4000 асобнікаў зьявіўся.

Зь серабрыстага шэрагу справа ад майго стала я выцягваю наўздагад нумар за нумарам і міжволі пачынаю ўчытвацца. Рубрыкі былі "гаваркія" — МЫ (рэдакцыя), Я (разгляданая ў розных ракурсах постаць суайчыньніка — Скарына, Сапега, Тураўскі, Язэп Руцкі...), ЁН (постаць з-за рэчкі — Міхаіл Бахцін, Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі, Антанэн Арто, Фрыдрых Ніцшэ...), У НАС (Барыс Пятровіч, Галіна Дубянецкая, Мікола Купрэеў...). У разьдзеле ЯНЫ па-беларуску друкаваліся Патрык Зюскінд, Сэмуэл Бэкет, Томас Ман, Герман Гесэ, Уільям Батлер Ейтс... Было й ЯНО — Аляксандар Лукашук, Георгій Колас, Алесь Наварыч...

Галава кружыцца ад імёнаў.

Падборку вершаў надрукаваў юны Андрэй Хадановіч. Талент адчуваўся ўжо на старце, але замест таго каб песьціць яго, я зрабіў бязьлітасную праўку. У Андрэя быў такі даўгі радок:

Нібы ў адну й тую ж рэчку ўвайсьці або дзеўчыну двойчы

Мая цьвёрдая рука дзяжурнага па нумары перад дзеўчынай дадала "ў". Празь некалькі гадоў ужо масьціты паэт Хадановіч узнагародзіў мяне скупым мужчынскім словам удзячнасьці. А тады ён толькі спасьцігаў таямніцы матчынай мовы, бо гэта была яго першая вялікая беларускамоўная публікацыя.

Я прыдумаў рубрыку НАШ, пад якой надрукаваў тэксты некалькіх дзясяткаў эмігратаў — ад Юркі Віцьбіча да ўсіх Станкевічаў, а таксама — вядомых у сьвеце беларусістаў, пачынаючы зь незабыўнага троля Гая Пікарды. Рубрыку чыталі ў розных месцах. Аднаго разу Някляеў правёў са мной суровую прафіляктычную гутарку і, пранізьліва глянуўшы вярхоўнарэдактарскім вокам, параіў зрабіць высновы. Праз тыдзень я прынёс новыя тэксты "здраднікаў" і "калябарантаў" і ўвечары ўбачыў, што яны падпісаныя ў друк.

Тады ў часопісе на дадатак да заснавальнікаў ужо працавалі Леанід Галубовіч, Анатоль Сідарэвіч, Юра Станкевіч.

Ветравое шкло нашай рэдакцыйнай "машыны" выглядала такім моцным і празрыстым... Але аднойчы ў яго трапіў каменьчык. Расказваць пра гэта доўга, дый ня хочацца.

Галоўную рэдактарку, што прыйшла на месца Някляева, увесь час кудысьці выклікалі. Вярнуўшыся, яна неяк папрасіла мяне напісаць заяву на звальненьне па ўласным жаданьні. Я, па-першае, выратую часопіс, а па-другое — саму рэдактарку, якая адна гадуе дзіця.

Я вельмі паважаў яе і хацеў выратаваць усіх, а таму прапанаваў больш радыкальны варыянт: звольніць мяне нібыта па скарачэньні штатаў і такім чынам нават перавыканаць загад начальства, а мне выплаціць законную ў такім выпадку кампэнсацыю, якую мы ўсёй, на жаль, ужо ня дружнай рэдакцыяй прагуляем.

Пасьля той балюшкі я ішоў з рэдакцыі ўніз па вуліцы Кісялёва да мэтро й зьнячэўку адчуў, што твар мокры. Я аплакваў свой найлепшы часопіс і адзін з найлепшых разьдзелаў жыцьця.

Сумнай недарэчнасьцю выглядае тое, што "Крыніцы" (прынамсі, ейных пяцідзесяці шырокафарматных нумароў — 5600 старонак) няма ў Сеціве. Няўжо нехта (падазраю хто) старанна зьнішчаў кампутарныя файлы й дыскеты з наборам? Няхай адсохнуць "старацелю" рукі, каб і стацеек сваіх гнілых больш не пісаў! Але ж пры сучаснай тэхніцы ўзяць у яго рэванш і выставіць часопісны 50-тамовік было б нескладана.

У лірычным дадатку да сваёй кнігі зь як заўсёды сарамяжлівым назовам "Дыялёгі з Богам" недабіты "крынічанін" В. Акудовіч зьмясьціў лірычны дадатак, а ў ім вершык:

Колькі там часу
міне...
і неяк бяз мору
ды гільяціны
ня стане Ўладзі,
трох Алесяў,
двух Леанідаў,
Ігара з Валодзем
і мяне —
Валянціна.


Гэта аўтар, па сутнасьці, хавае рэдакцыю "Крыніцы". Я, праўда, ня стаў першым — апярэдзіў Алесь Асташонак.

Прароцтва Акудовіча, безумоўна, зьдзейсьніцца: нас ня стане.

Але нашая "Крыніца" — застанецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG