Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў паўтарыў "шокатэрапію праўдай", Кастусёў не хацеў спадабацца ўсім


Андрэй Саньнікаў, Рыгор Кастусёў
Андрэй Саньнікаў, Рыгор Кастусёў
Раніцай 26 лістапада ў эфіры дзяржаўнага радыё выступілі кандыдаты ў прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і Рыгор Кастусёў. Ці апраўданая практыка даслоўнага паўтору выступаў кандыдатаў у радыё і тэлеэфіры? Разважае Віталь Цыганкоў

Андэрэй Саньнікаў паўтарыў свой тэлезварот, толькі па-беларуску.



Калі наконт тэлевізійнага выступу Саньнікава былі, сярод іншага, крытычныя заўвагі пра тое, што свой тэкст ён чытаў, і гэта рабіла нэгатыўнае ўражаньне на некаторых гледачоў падчас тэлеэфіру – то ў радыёэфіры чалавека не відаць, і галоўнае ўражаньне застаецца ад ягонага голасу. Голас у Саньнікава даволі ўпэўнены, ён умее інтанацыйна падкрэсьліваць галоўнае. Можна, праўда, заўважыць, што былі некаторыя нячастыя памылкі ў беларускім вымаўленьні, але яны не дасягалі нейкага крытычнага ўзроўню.

Нагадаю, што выступ Саньнікава паводле свайго зьместу быў, бадай, найбольш радыкальным Такія словы, як “у краіну, дзе пануе дыктатар і хам, інвэстыцыі не ідуць", слухачы ад іншых кандыдатаў ня чулі.

Многія аналітыкі, паліттэхнолягі разважалі, як гэта можа паўплываць на выбаршчыкаў. Выказваецца думка, што менавіта такі жорсткі выступ на мяжы фолу якраз і можа найбольш прыцягнуць увагу, выклікаць рэзананс. Гэткая “шокавая праўдатэрапія”. Што да таго, што ня ўсім гэта спадабаецца, то ёсьць такое меркаваньне, што няма патрэбы заваёўваць 50 працэнтаў электарату, бо, па-першае, гэта і немагчыма, а па-другое, выбараў няма. Галоўнае – максымальна актывізаваць тыя 25-30 працэнтаў пратэстнага электарату, якія патэнцыйна гатовыя выказаць свой пратэст, вобразна кажучы – выйсьці на плошчу. Выступ Саньнікава быў накіраваны найперш на гэтых людзей

Рыгор Кастусёў таксама даслоўна паўтарыў свой тэлезварот.



Рыгор Кастусёў, падаецца, увогуле менш за ўсё хваляваўся пра тое, каб спадабацца ўсім. Галоўнае – выказаць партыйныя прынцыпы БНФ, а не прыцягнуць сымпатыі як мага большай часткі электарату. Ён абяцаў распусьціць КДБ, саджаць чыноўнікаў (толькі тых, якія крадуць), нацыяналізаваць Белтрансгаз.

Што да паўтораў, то, як выглядае, каманды кандыдатаў вырашаюць пасьля кожнага выступу, што іхныя звароты мелі толькі станоўчы эфэкт і вырашаюць, што ў іх няма чаго мяняць. Таксама кандыдаты, бадай, вырашаюць, што калі нехта не пабачыў іх па тэлебачаньні, то пасьля розгаласу, выкліканага першым выступам, ён абавязкова паслухае радыёзварот.

На мой погляд, гэта недапрацоўка. Фактычна пасьля кожнага выступу кандыдатаў разгортваецца даволі вялікая дыскусія ў Інтэрнэце. Выказваюцца крытычныя і станоўчыя меркаваньні пра тэкст кандыдата. Кандыдаты маглі падправіць свае слабыя моманты, і складаецца ўражаньне, што ў каманд некаторых кандыдатаў сіл хапіла толькі на адзін выступ, і менавіта таму яны вырашылі нічога не мяняць і другога не рыхтаваць.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG