Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Лукашэнка антырасейскай рыторыкай хоча падмануць Эўропу


Сёньня агенцтва БЕЛТА апублікавала фрагмэнты інтэрвію, якое Аляксандар Лукашэнка даў францускай газэце Le Figaro, дзе сярод іншага ён заявіў, што мае зьвесткі аб расейскім фінансаваньні кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава.

Нашы карэспандэнты паспрабавалі зьвязацца з абодвума кандыдатамі, якія сёньня сустракаліся з выбарцамі ў розных рэгіёнах Беларусі.

Уладзімера Някляева ўдалося засьпець, калі ён вяртаўся з Магілёва:

“Не зьбіраюся ні ў грудзі сябе біць, ні стаяць на плошчы і крычаць, што я - не расейскі агент. Нічога гэтага я не зьбіраюся рабіць. Хай сабе ён кажа, што хоча. Што мы - ня звыклі да таго, што кажа Лукашэнка? Тое, што ён сказаў - пра гэта кажуць з пачатку дзейнасьці кампаніі “Гавары праўду”.

Ну, адзінае, што зараз сказаў Лукашэнка наўпрост - раней ён на гэта рабіў намёкі, не называючы майго прозьвішча, а тут - назваў маё, а яшчэ і Саньнікава... Думаю, ён аб'яднаў нас таму што мы самі аб'ядналіся і зрабілі пра гэта заяву. Дык гэта - “іх адказ Чэмбэрлену”.

А разьлічаная гэтая заява на ўзмацненьне антырасейскай рыторыкі, якая, па спадзяваньнях Лукашэнкі, дапаможа яму падмануць Эўропу.

Дарэчы, я сустракаўся толькі што з магілёўскімі выбарцамі, еду цяпер назад. Тут жа землякі Лукашэнкі, ягоны электарат, аднак ніхто мне сёньня гэтага пытаньня пра расейскія грошы не задаў, ніхто такіх фактаў не прывёў. Відаць, толькі ў аднаго магілёўскага чалавека ёсьць такі факт”.

Андрэй Саньнікаў сёньня сустракаўся з выбарцамі на Салігоршчыне і яго мабільная сувязь была адключаная. Як заявілі прадстаўнікі выбарчага штабу Саньнікава, яны толькі чулі пра гэту інфармацыю, аднак дакладна ня ведаюць яе зьместу, таму пракамэнтуюць словы Лукашэнкі толькі калі пазнаёмяцца з тэкстам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG